Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Петрушэнку завялі крымінальную справу


Мікалай Петрушэнка
Мікалай Петрушэнка

Аршанскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту завёў крымінальную справу ў дачыненьні да журналіста Мікалая Петрушэнкі за «зьнявагу прадстаўніка ўлады».

Як паведамляе БАЖ, падставай стаў артыкул спадара Петрушэнкі, разьмешчаны 8 жніўня на сайце nash-dom.info пад назвай «Пэдафіл атрымліваў прэміі за лепшыя дзіцячыя пляцоўкі». Публікацыя разьмешчана ў разьдзеле «Блогі».

Паводле пастановы за подпісам старшага сьледчага С. Шчарбянка, аўтар артыкулу «ўказвае», што намесьнік старшыні аршанскага гарвыканкаму падазраецца ў спрыяньні дзейнасьці пэдафіла. Тым самым Петрушэнка «публічна зьняважыў» гарадзкога чыноўніка «як прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў», — гаворыцца ў пастанове.

Паводле артыкулу 369 Крымінальнага кодэксу, актывіст кампаніі «Наш дом» і Партыі левых «Справядлівы сьвет» можа быць пакараны штрафам або зьняволеньнем да чатырох гадоў.

Але Мікалай Петрушэнка з абвінавачаньнем ня згодны і гатовы зьбіраць доказы ў сваю абарону, сказаў ён «Свабодзе»:

«На 24 жніўня прызначаная лінгвістычная экспэртыза, ці ёсьць у гэтым тэксьце публічная абраза чыноўніка. Спачатку яе хацелі рабіць у Віцебскім дзяржаўным ўнівэрсытэце, але я настояў, каб рабілі ў Менску, у Інстытуце журналістыкі. Магчыма, буду дамагацца і незалежнай экспэртызы ў ЭГУ. Дарэчы, сам чыноўнік, якога я нібыта абразіў, ні слова не сказаў у сваю абарону, каб абараніць гонар і годнасьць. Гэта можна расцэньваць і як прызнаньне таго, што я маю рацыю».

Мікалай Петрушэнка зьвяртае ўвагу і на тое, што пастанову пра крымінальную справу яму прынесьлі роўна праз гадзіну пасьля таго, як акруговая камісія Аршанскай гарадзкой выбарчай акругі № 26 зарэгістравала актывіста кандыдатам у дэпутаты парлямэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG