Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Загадка сынковіцкіх сьцен


За 220 кілямэтраў ад Менску знаходзіцца вёска Сынковічы. Побач — Слонім, там 2 гатэлі, у якіх можна пераначаваць. Адзін — «Шчара» — дзяржаўны, савецкі, і ноч там каштуе ад 130 тыс. рублёў, другі, с трохі сьмешнай назвай «Вэнэцыя» — прыватны, з новай мэбляй, і нумарамі за 120 тыс. За 2 кілямэтры ад Сынковічаў на трасе можна знайсьці карчму, што месьціцца ў арыгінальным будынку старажытнага «стаялага двара» XIX ст. У саміх Сынковічах кавярні ці нават прадуктовай крамы — няма.

Але апошнім часам усе толькі і гавораць, што пра Сынковічы. Нібыта ў сынковіцкай царкве, якую Кушнярэвіч датуе першай паловай XVI стагодзьдзя, знайшлі графіці ажно XII стагодзьдзя. І што гэта нібыта пацьвярджае адну з маргінальных вэрсіяў паходжаньня помніка архітэктуры — што ён быў перабудаваны са старажытнага прускага замку. Яшчэ, кажуць, знайшлі сьляды росьпісу, і ён можа быць рэшткамі фрэсак. Плёткі распаўзаюцца, абрастаюць дэталямі: графіці зроблены рунамі, што даказвае ці то што ў Беларусі былі вікінгі, ці то што беларусы самі былі вікінгамі. Праваслаўныя прусы мяшаюцца з мусульманскімі кельтамі, блішчаць мячы, па Шчары плывуць гномы на ладзьдзях і галава плыве.

Інтэр’ер

У Сынковічах мяне сустракае мастак Алесь Пушкін — апошнія тыдні ён кіраваў брыгадай добраахвотнікаў, што працавалі ў заалтарнай частцы храма, у цэнтральнай апсідзе. Яны ачышчалі сьцены ад старой фарбы ў пошуках фрэсак.

Як выглядае храм цяпер? На сьценах, над уваходам, на калёнах зробленыя тэставыя «штробы» і «счысткі-кантролькі». У дзьвярах шукалі сьляды існаваньня старажытнага каванага крата, якім маглі замыкацца дзьверы у выпадку асады. Ні крата, ні сьлядоў ягонага існаваньня — не знайшлі.

Затое на сьценах левага нэфу, недзе за мэтар ад падлогі, на «кантрольцы», пад прыбранай «сучаснай» фарбай, ясна бачныя сьляды каляровага пігмэнту. Колер прыгожы, насычаны: ультрамарын, побач пляма — рубінавая, цёмная, як полымя на творах Шагала. Няўжо фрэскі? Але на фрэскі не выглядае! Рэшткі фарбы хутчэй нагадваюць старую алею ці тэмпэру. Якое стагодзьдзе? Хто рабіў? І што намалявана?

Заалтарная частка, сьвятая сьвятых, ужо ачышчаная добраахвотнікамі (і гэта добра бачна на фота). Фрэсак тут ня знойдзена, толькі старажытны тынк дзіўнага колеру охры. Угледзеўшыся, можна пабачыць сьляды ад ручной апрацоўкі: царкву ў тыя далёкія часы «ляпілі» далонямі.

На правай сьценцы і на калёне цэнтральнага нэфа знойдзеныя графіці. Зьмяшчаюцца прыблізна за мэтар ад падлогі, напісаныя на старажытнагрэцкай мове. Ня рунамі, не герогліфамі, а па-грэцку. Побач прылеплена паперка з прапанаванай расшыфроўкай графіці. «Тысяча дзьвесьце трынаццаты год» — сьціпла напісана на ёй (гл. фота).



Загадка «фрэсак» бакавых нэфаў

Пачынаем вывучаць літаратуру і схемы. Гісторыкі архітэктуры сьцьвярджаюць, што пасьля будоўлі царква была падрыхтаваная пад росьпіс, атынкаваная, але — не расьпісаная. Чаму? А чаму не расьпісаная гарадзенская Каложа? Праца браціі, што малявала фрэскі, была нятаннай. Фундатарам царквы магло не хапіць грошай. Тысячы варыянтаў!

Дарэчы, самае простае (і самае дурное!) тлумачэньне зьяўленьня графіці па-грэцку — у тым, што тут стаялі тыя самыя іканапісцы. Бо першыя арцелі, што пісалі іконы, абавязкова мелі кіраўніком грэка, што вучыў канону. Але гэта — нашы домыслы, забудземся на іх.

Дык вось, у дзевятнаццатым стагодзьдзі знайшоўся сьвятар, што вырашыў упрыгожыць храм. Ён замовіў росьпіс, схему якога можна пабачыць на адным з фотаздымкаў: блакітна-белыя навершы, белыя нэрвюры, белая абводка акна, а на вышыні 1-1,5 мэтра ад зямлі — шаравата-блакітная плоскасьць. Якая па версе вянчаецца ультрамарынава-барвовымі палоскамі.

Менавіта гэтую частку росьпісу і агаліла «кантролька». Вось адкуль ультрамарынавы, вось адкуль барвовы. Гэта не сярэднявечны росьпіс і тым больш — ня фрэскі. Гэта рэшткі ардынарнай расфарбоўкі XIX стагодзьдзя.

Дарэчы, першым графіці цэнтральнага нэфу і правай сьценкі знайшоў і датаваў XII стагодздьзем той самы сьвятар, які рабіў росьпіс з барвовай і ультрамарынавай паласой. Але далей адбылося самае цікавае.

Вядома, што прыкладна зь сярэдзіны XX стагодзьдзя да 1991 г. царква выкарыстоўвалася як склад. У 1991 яе вярнулі РПЦ. І знайшліся энтузіясты, добразычліўцы, якія сабралі грошы і купілі процьму белай і блакітнай фарбы. Далей яны, не шкадуючы сілаў, кінуліся фарбаваць старажытныя сьцены, прыкрываючы састарэлы росьпіс XIX стагодзьдзя, закрываючы графіці, старажытны тынк, які быў некрануты фарбаю ў сярэдняй частцы сьцен, ды іншыя прыгажосьці. Як выглядала Сынковічская царква ў лістападзе летась можна пабачыць тут.

На пятай фотцы ясна бачна прыалтарная калёна цэнтральнага нэфу: там, дзе цяпер графіці — тады быў роўны слой блакітнай фарбы.

Зрабілі «красівенька», нічога ня скажаш!

Загадка «графіці»

Цяпер — аб самым цікавым. Аб графіці.

Калі я пераказаў вэрсію аб «ХІІ стагодзьдзі» свайму добраму сябру, вядомаму гісторыку архітэктуры, ён зарагатаў. Але дадаў наступнае: «гэта добра, што так кажуць, бо гэта выклікае інтарэс грамадзтва да сваёй гісторыі і яе помнікаў. Ты не абвяргай! Але, глупства, вядома ж!».

На нашых фота добра бачна, што графіці знаходзіцца ў прамежкавым пласьце тынкоўкі: пад фарбай XIX стагодзьдзя, пад тынкам XIX стагодзьдзя, але — не на камянях, якія маглі б застацца ад «старажытнага прускага замка». Яны — на тынку. Там-сям тынк праткнуты, і праглядае чырвоная (а гэта значыць — зробленая пазьней за XII стагодзьдзе!) цэгла.

Зараз давайце ўяўляць. Вось былі камяні ад зруйнаванага прускага замка (дапусьцім!). На гэтых камянях пабудавалі храм. Храм атынкавалі. Вядома ж — атынкавалі ўжо пасьля таго, як скончылі будоўлю. Потым нехта напісаў нешта на сьценцы храма.

Дык якім стагодзьдзем можна датаваць графіці, якія знойдзеныя на тынку? Толькі тым, у якім была пабудавана царква! Гэта значыць, па Кушнярэвічу — першай паловай XVI ст.

Што, дарэчы, ні ў якім разе не адмяняе той энэргетыкі і таго пачуцьця прыгажосьці, якімі набрыньвае глядач, калі глядзіць на гэтыя старажытныя допісы на старажытнай мове. Тым больш, словы — цудоўныя!

Месца з рухомай гісторыяй

Сынковічы цяпер — дзіўнае месца.

Яшчэ год назад графіці цэнтральнага нэфу яшчэ не знайшлі, графіці правага нэфу — не расшыфравалі (глядзі тут). Зафіксаваная фарба на «кантрольках» бакавых сьцен магла быць фрэскамі. Усе чакалі зьяўленьня з-пад сучаснага тынку шэдэўраў старажытнага росьпісу. Гісторыя ўступіла тут у барацьбу зь мітамі, мільгацяць даты, вэрсіі пабудовы, недзе побач стаіць Вітаўт, імя якога ўсё часьцей згадваюць у сувязі з храмам. Што знойдуць тут яшчэ празь месяц? Смальту? Вітраж? НЛА?

У наступным годзе храм могуць цалкам ачысьціць ад сучаснай фарбы, і тады зьнікне магія загадак.

А яшчэ могуць храм наноў патынкаваць. Хто ў нас будзе пытацца, ці таго мы жадаем? Цыбуліну ж узьвялі...

А таму трэба хапацца за момант і рушыць у Сынковічы.

Там цяпер пішацца гістарычны дэтэктыў. Наўпрост па сьценах, тынку і цэгле.

** Варта завітаць на выходных

Шкала ацэнак:

* Лепш зьезьдзіць у Ленінград, паглядзець на Аўрору

** Варта завітаць на выходных

*** Пераносім сталіцу ў Сынковічы


Калі вы ведаеце аб цікавай рэстаўрацыі\археалягічным летніку, ці хацелі б распавесьці аб малавядомым гістарычным будынку ў вашым горадзе, калі ласка, напішыце аўтару ў камэнтарах. Пакіньце ваш кантакт: мы да ва завітаем.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG