Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва зоймецца «плюшавым дэсантам»


Плюшавы пікет перад беларускай амбасадай у Празе, 4.08.2012
Плюшавы пікет перад беларускай амбасадай у Празе, 4.08.2012

Камітэт Сойму Літвы па нацыянальнай бясьпецы і абароне жніўня 21 разгледзіць гісторыю з «плюшавым дэсантам», калі над тэрыторыяй Беларусі былі скінутыя з самалёта тысячы цацачных мядзьведзікаў з надпісамі праваабарончага характару. Нядаўна літоўская Генэральная пракуратура і Служба аховы дзяржаўнай мяжы пачала расьсьледаваньне ў сувязі з гэтым інцыдэнтам.

4 ліпеня пілятаваны швэдзкімі лётчыкамі самалёт зь Літвы заляцеў на тэрыторыю Беларусі. Падчас гэтага палёту над ёй было выкінута каля тысячы плюшавых мядзьведзікаў з заклікамі праваабарончага характару. Спачатку адказныя асобы ў Літве толькі заяўлялі, што парушэньне мяжы не зафіксавана (тэхнічна так яно і было), цяпер гэты факт прызнаюць. Генэральная пракуратура пачала дасудовае расьсьледаваньне.

Кіраўнік парлямэнцкага камітэту па нацыянальнай бясьпецы і абароне Арвідас Анушаўскас растлумачыў: у выпадку падазрэньняў у парушэньні паветранай мяжы літоўскія ведамствы павінны несьці адказнасьць, але законам пакуль такія працэдуры не прадугледжаны:

— Тэхнічныя сродкі не зафіксавалі самалёт, які даволі нізка ляцеў. А паводле нашых законаў, толькі пасьля таго, як парушэньне мяжы было зафіксавана, пачынаецца расьсьледаваньне і падключаюцца дзяржслужбы. У гэтым пытаньні нам трэба будзе разабрацца: высьветліць, якіх прававых дакумэнтаў не хапае, каб запрацаваў мэханізм і ў гэтым у выпадку — калі дзяржграніца парушаная, але тэхнічныя сродкі гэта не пацьвердзілі.

— Як вы ацэньваеце інцыдэнт у цэлым? Як вам здаецца, як ён будзе разьвівацца далей?

— Зь літоўскага боку ніякай эскаляцыі няма: такія інцыдэнты, у якіх удзельнічаюць грамадзяне трэціх краін, могуць здарацца. Дзіўна, што празь месяц прэзыдэнт Лукашэнка загаварыў такім пагрозьлівым тонам. Літва ўсё ж у гэтым інцыдэнце не актыўны бок. І на нашу думку, такія інцыдэнты не павінны закранаць эканамічных і іншых адносін, якія для нашых краін важныя.

Арвідас Анушаўскас меў на ўвазе меркаваньне прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, якое ён выказаў у інтэрвію агенцтву БЕЛТА: «Праблема патрабуе адказу ад Швэцыі і Літвы па міжнародных стандартах. Калі гэтых адказаў ня будзе, мы праявім адэкватную рэакцыю на плюшавыя справы. І хай моляць Бога, — сказаў Лукашэнка, — што беларусы пашкадавалі гэтых летуноў. Але гэта было парушэньнем усіх дамоўленасьцяў. А Літва хай не сядзіць як мыш пад венікам! Яны нам павінны адказаць, чаму далі сваю тэрыторыю для парушэньня дзяржаўнай мяжы. Каму-каму, а Літве ў гэтым пляне мала не падасца».

Вось меркаваньне дырэктара літоўскага Інстытуту па правах чалавека Генрыкаса Міцкявічуса:

— У дэмакратычнай прававой дзяржаве праваабарончая дзейнасьць безумоўна павінна быць у рамках закона. Магчымыя, вядома, сытуацыі, калі дэмакратычныя працэдуры, мэханізмы відавочна парушаюцца, і тады праваабаронцы могуць сабе дазволіць працаваць па-за правам або паводле права. Але зусім іншая сытуацыя, калі мы гаворым аб недэмакратычнай, неправавой дзяржаве: падпарадкаваньне закону ў такой дзяржаве ня мае ніякага сэнсу, калі гаворка ідзе пра спробы кагосьці крытыкаваць. Сама сутнасьць рэжыму, які парушае правы чалавека, складаецца ў тым, каб не дапусьціць крытыкі, іншага меркаваньня.

Сваё меркаваньне выказвае прадстаўнік апазыцыі ў Сойме Літвы Валянцінас Мазуроніс, які зьяўляецца ініцыятарам скліканьня па гэтым пытаньні парлямэнцкага камітэту па нацыянальнай бясьпецы і абароне:

— Была парушаная мяжа ня толькі Літвы, але і Эўразьвязу. Сам факт таго, што магчыма такое перасячэньне мяжы — мы ня ведалі, хто і што вёз, што магло б здарыцца — вельмі сур’ёзны. Асабліва, калі кіраўнікі дзяржавы прыкідваюцца, што нічога не адбылося. Альбо наша сыстэма абароны мяжы няцьвёрдая, і трэба прымаць захады, альбо кіраўнікі нашай дзяржавы пра гэта ведалі, а гэта значыць, што трэба разьбірацца. Гэтыя правакацыі ці гульні могуць нанесьці Літве вялікую шкоду, бо магчыма, што нейкі тэрарыст прывязе зусім не мядзьведзікаў, а што заўгодна ... Няхай швэдзкія журналісты жартуюць са сваёй краінай, а ня робяць нашу дзяржаву пляцдармам для сваіх забавак. Можна крытыкаваць дзяржаву, кіраўніка, але нельга ўжываць супрацьзаконныя захады, — лічыць Валянцінас Мазуроніс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG