Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Антон Сурапін не чакае рэпрэсій на вучобе


Антон Сурапін
Антон Сурапін

Вызвалены над падпіску аб нявыезьдзе фігурант справы аб швэдзкім «мядзьведжым дэсанце» Антон Сурапін адказаў на пытаньні «Свабоды» адносна сваіх плянаў на вучобу і працу.

Мой сёньняшні званок засьпеў Антона Сурапіна дома, ў Слуцку. Паводле Антона, ён якраз размаўляў з рэпартэрам незалежнага беларускага выданьня. Увогуле, за тры дні волі малады журналіст даў інтэрвію прадстаўнікам больш як дзесяці газэт, агенцыяў і выданьняў, у тым ліку міжнародных. «Што да беларускіх дзяржаўных мэдый, яны мной не цікавіліся», — зазначае Антон Сурапін. Ён не камэнтуе свой арышт КДБ, умовы ўтрыманьня і ўвогуле справу аб плюшавых мядзьведзіках, фігурантам якой стаў з 13 ліпеня. Спасылаецца на падпіску, якую даў сьледчым. Кажа, што застаецца ў статусе абвінавачанага ў спрыяньні незаконнаму перасячэньню мяжы групай асобаў. Малады журналіст абавязаны зьяўляцца па выкліку на сьледчыя дзеяньні.

«У КДБ ці ў Сьледчы камітэт, я нават ня ведаю. У падпісцы напісана, што трэба зьяўляцца па выкліку ў орган, які вядзе крымінальны перасьлед».

Карэспандэнт: «А як жа з тваёй вучобай зараз? Усё ж праз 10 дзён пачнецца вучоба».

«Ня ведаю, што будзе з вучобай, але мяркую, што падстаў, каб мяне адлічалі, няма. Бо за трэці курс я здаў усё, што было трэба, запазычанасьцяў ня маю па вучобе, а месяц у „амэрыканцы“ прыйшоўся на летнія вакацыі. Таму і ня думаю, што на вучобе будуць нейкія рэпрэсіі».

На сьледчыя дзеяньні Антона Сурапіна пакуль не выклікалі. Малады журналіст спрабуе аднавіць сваю працу з сайтам «Belarusian News Photos», які стварыў яшчэ да арышту і на якім разьмясьціў фотаздымкі плюшавых мядзьведзікаў, раскіданых са швэдзкага самалёту 4 ліпеня над Івянцом. Антон кажа, што не шкадуе пра гэта, бо мусіў зрабіць сваю журналісцкую працу. Але зараз працаваць журналістам яму складана — сьледчыя так і не вярнулі яму ноўтбук і фотаапарат.

«У мяне тут толькі старэнькі кампутар, які вельмі тармазіць. Але спрабую зь яго нешта выцягнуць, хаця гэта не атрымліваецца так хутка, як праз ноўтбук. А яшчэ, калі ў Слуцку будзе нейкая падзея, я не змагу зьняць яе, бо ў мяне проста няма фотаздымача».

Другі фігурант справы аб мязьведзіках, менскі рыэлтар Сяргей Башарымаў па-ранейшаму недасяжны для журналістаў, але ня выключана, што ўжо праз дзень-два Сяргей выйдзе на кантакт. Пра гэта «Свабодзе» паведаміла дзяўчына Сяргея Ірына Лагойка. Ірына не ўзялася нешта камэнтаваць ад імя Сяргея, паўтарыўшы толькі, што яму спатрэбілася паўза, каб аднавіцца псыхалягічна ад перажытага за мінулы месяц.

«Ён жа ад пачатку ўвогуле ня ведаў ні пра якіх мядзьведзікаў. Там ужо, у КДБ, даведаўся, чытаў і глядзеў тэлевізар і пачаў разумець, што адбылося».

Карэспандэнт: «А зьнешне ён зьмяніўся? Схуднеў?»

«Не, выглядае ён нармальна, пачуваецца нармальна. Проста спрабуе крыху адпачыць, вярнуцца ў нармальнае рэчышча, каб пачаць працаваць і кантактаваць зь людзьмі па-ранейшаму. Ён казаў, што зусім не чакаў, што ў пятніцу яго вызваляць. Як і мы ўсе. Мы таксама ўсе ўжо настроіліся, што яго ня хутка выпусьцяць».

Ірыне Лагойцы невядома, каб Сяргея Башарымава пасьля вызваленьня выклікалі на нейкія сьледчыя дзеяньні. Дзяўчына не выключае, што сьледзтва зацягнецца, у тым ліку з-за цяжкасьцяў у зносінах паміж беларускімі сьледчымі і прадстаўнікамі Літвы і Швэцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG