Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Марголіну дазволілі выезд за мяжу


Намесьніка старшыні АГП улады выкрэсьлілі са сьпісу невыязных.

Пасьля пяці месяцаў знаходжаньня ў сьпісе асобаў, якім забаронены выезд за межы Беларусі, высьветлілася, што падстаў для гэтага абмежаваньня ў дачыненьні да Льва Марголіна няма.

Пра гэта 13 жніўня ў будынку Маскоўскага раённага суду Менска паведаміў Льву Марголіну прадстаўнік Міністэрства ўнутраных спраў і выдаў адпаведны дакумэнт.

«Ня факт, што я не зьяўлюся ў гэтым сьпісе праз нейкі час, але на сёньняшні дзень падзея даволі прыемная», — адзначыў намесьнік старшыні АГП у інтэрвію ucpb.org.

Два дзясяткі невыязных

У сакавіку, гаворачы пра сьпіс невыязных, Аляксандар Лукашэнка заявіў: «А мы зрабілі. І то мы яго яшчэ не ўвялі. На поўную моц яшчэ не ўвялі. Але ўвядзём».

Пасьля гэтага за мяжу ў розны час не змаглі выехаць два дзясяткі палітыкаў,
грамадзкіх дзеячаў і журналістаў.

Сярод іх:
  • рэдактар тыднёвіка «Наша Ніва» Андрэй Дынько
  • старшыня грамадзкага аб’яднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Жана Літвіна
  • старшыня «Беларускага Хэльсынскага камітэту» Алег Гулак
  • праваабаронца Валянцін Стэфановіч
  • старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька
  • старшыня Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін
  • ягоны намесьнік Валеры Ўхналёў
  • намесьнік кіраўніка руху «За свабоду» Віктар Карняенка
  • старшыня партыі «Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада» Станіслаў Шушкевіч
  • палітык і сябра аргкамітэту партыі «Беларускі рух» Вінцук Вячорка
  • сябра аргкамітэту партыі «Беларускі рух» Віктар Івашкевіч

Указам ад 4 ліпеня Аляксандар Лукашэнка даў КДБ права не пускаць за мяжу беларусаў, якія знаходзяцца на прафіляктычным уліку ў ворганах дзяржбясьпекі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG