Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія паралімпійцы Макараў і Пунько ў Лёндане выступяць за Расею


З 29 жніўня па 9 верасьня ў Лёндане адбудуцца ХІV летнія Паралімпійскія гульні.

Сёлета на Паралімпійскія гульні ў Лёндан паедуць 34 беларускія спартоўцы. Яны будуць змагацца за мэдалі ў лёгкай атлетыцы, плаваньні, вэляспорце, цяжкай атлетыцы, дзюдо, веславаньні, фэхтаваньні.

Старшыня Нацыянальнага паралімпійскага камітэта Беларусі, шматкратны чэмпіён Паралімпійскіх гульняў па лёгкай атлетыцы Алег Шэпель кажа, што ўсе пытаньні, зьвязаныя зь фінансаваньнем, зборамі, экіпіроўкай, фармакалёгіяй, выкананыя. У тэхнічных выніках, якія пакажуць беларускія спартоўцы, спадар Шэпель таксама ўпэўнены:

«Адзінае, гэтых вынікаў можа быць недастаткова, каб займаць прызавыя месцы. Таму што ў паралімпійскі спорт таксама зараз умешваецца палітыка. Стаўленьне да старых, дзяцей і інвалідаў — гэта сацыяльная палітыка дзяржавы. Як паказаць гэта стаўленьне? Толькі вынікам. Таму многія краіны фінансуюць паралімпійцаў даволі моцна, на ўзроўні са звычайным алімпійскім спортам».

У паралімпійскі спорт таксама зараз умешваецца палітыка
Шматкратны чэмпіён Паралімпійскіх гульняў па лёгкай атлетыцы Алег Шэпель

Нягледзячы на тое, што даволі істотна ў Беларусі ўзрасьлі памеры прэміяльных — сёлета за золата пераможца атрымае 50 тысяч даляраў, за срэбра — 30 тысяч, а за бронзу — 20 тысяч, два пераможцы мінулых гульняў у Пэкіне — Раман Макараў і Сяргей Пунько, якія заваявалі 7 мэдалёў на дваіх — будуць выступаць ужо за Расейскую Фэдэрацыю. У Расеі нашмат большыя прэміяльныя, стыпэндыі, да таго ж, пераможцам Паралімпійскіх гульняў плацяць пэнсію ў памеры 1 тысячы даляраў, кажа Алег Шэпель:

«Мы маглі зрабіць так званы „карантын“ — маглі не дазволіць ім выступаць за Расейскую Фэдэрацыю на гэтых Паралімпійскіх гульнях. Але з чалавечага пункту гледжаньня, век спартоўцы кароткі, і мы падпісалі пагадненьне, што ня маем прэтэнзій, каб яны выступалі за Расею. Але, як кажуць, „сьвята месца пуста не бывае“, замест спартоўцаў, якія зьехалі, прыйшоў малады хлопец, ня горшы за іх, — Аляксандар Бохій».

Плыўчыха з Горадні Натальля Шавель, якая ўдзельнічала ў некалькіх Паралімпійскіх гульнях і чэмпіянатах сьвету і неаднаразова перамагала, распавяла пра цяперашнюю падрыхтоўку зборнай па плаваньні:

«Зараз мы знаходзімся на зборах у Менску. Асноўны басэйн у Водна-спартовым комплексе не працуе, вада зьлітая, таму мы плаваем у басэйне для скокаў у ваду разам са скакунамі ў ваду, спартоўцамі па сынхронным плаваньні і ватэрпалістамі адначасова. Вы ўяўляеце, што там робіцца?»

Мы знаходзімся на зборах у Менску. Асноўны басэйн у Водна-спартовым комплексе не працуе, вада зьлітая
Плыўчыха з Горадні Натальля Шавель

Нават для спартоўцаў з абмежаванымі магчымасьцямі, якія прадстаўляюць краіну на Паралімпійскіх гульнях і паказваюць выдатныя вынікі, няма ніякіх умоваў для нармальных трэніровак, працягвае Натальля Шавель:

«Нават у галоўным басэйне Водна-спартовага комплексу паўсюль у распранальнях — прыступкі. Ні ў адну прыбіральню на вазку не заедзеш. То бок я без дапамогі не магу туды трапіць. Не таму што я з басэйну не магу вылезьці — гэта я якраз магу. Але я не магу на вазку па прыступках узьняцца. Ніводнага пандуса не зрабілі».

Нягледзячы на такія праблемы, беларускія плыўцы на ўсіх Паралімпійскіх гульнях паказвалі выдатныя вынікі, без мэдалёў не вярталіся.

Упершыню беларускія паралімпійцы выступілі самастойнай камандай на летніх гульнях у Атлянце ў 1996 годзе. Тады яны заваявалі 13 мэдалёў. На Паралімпіядзе ў Сіднэі ў 2000 годзе нацыянальная зборная Беларусі заваявала 23 мэдалі, у 2004 годзе ў Афінах — 28, у 2008-м у Пэкіне —13 узнагарод.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG