Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах пратэстуюць рабочыя «ДЭУ-3»


Рабочыя баранавіцкай дарожна-будаўнічай арганізацыі «ДЭУ-3» пратэстуюць з-за нізкіх заробкаў. Раніцай 10 жніўня каля 60 працаўнікоў адмовіліся выйсьці на працу. Начальства ўпрасіла рабочых абмеркаваць праблемы ў панядзелак.

Ад 8-й да 10-й гадзіны раніцы цягнуўся пратэст рабочых арганізацыі «ДЭУ-3», якая знаходзіцца ля Баранавічаў. Рабочыя выказвалі незадаволенасьць памерам заробку і адмовіліся выходзіць на працу, патрабуючы сустрэчы з начальствам.

Як распавёў адзін з пратэстоўцаў, які папрасіў не называць яго імя, заробак у гэтым месяцы ў іх нават паменшыўся: «Раней 2 мільёны 400 тысяч атрымаў, а зараз — 1 мільён 200. Я кажу, што дахаты баюся паказвацца. Мяне жонка прагоніць з хаты... У мяне зараз дачка павінна паступаць у інстытут, а дзе грошы браць? А ішачыш, як чорны вол... Лукашэнка кажа, што атрымліваем... Ды ў мяне бабуля ў тры разы болей пэнсіі атрымлівае».

Рабочыя гэтай арганізацыі займаюцца абслугоўваньнем баранавіцкага ўчастка шашы «М1» Берасьце-Масква. Суразмоўца кажа, што беларускі ўчастак гэтай дарогі абслугоўваюць 8 «ДЭУ», якія падпарадкоўваюцца РУП «Белаўтастрада».

Рабочы распавёў, што такія заробкі ва ўсіх гэтых «ДЭУ»: «Дюць усім аднолькава грошай. І калі даведаюцца, што тут сёньня адбываецца, то падымуцца ўсе «ДЭУ».

У выніку пратэсту да рабочых выйшаў начальнік, які запрапанаваў ім вярнуцца да працы. Рабочы кажа, што начальнік паабяцаў, у панядзелак пасьля працоўнага дня арганізаваць сустрэчу працоўных з прадстаўнікамі адміністрацыі РУП «Белаўтадор» і прафсаюзу.

Рабочыя пагадзіліся на такую прапанову і пасьля 10 гадзіны раніцы выйшлі на працу.

«Свабода» спрабуе атрымаць камэнтар начальніка «ДЭУ-3» Аляксандра Віньнічка, аднак ягоным тэлефон не адкавае.

Іншыя прадстаўнікі адміністрацыі адмовіліся камэнтаваць сытуацыю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG