Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзярждэпартамэнт ЗША занепакоены высылкай амбасадара Швэцыі зь Беларусі


ЗША глыбока занепакоеныя рашэньнем афіцынага Менску выслаць амбасадара Стэфана Эрыксана зь Беларусі.

«ЗША глыбока занепакоеныя нядаўнімі падзеямі ў Беларусі, у тым ліку рашэньнем беларускага ўраду выправадзіць швэдскага амбасадара і прымусіць Швэцыю адклікаць ўсіх дыпламатаў зь Менску. Гэтыя дзеяньні, як і выгнаньне ў 2008 годзе амэрыканскага амбасадара, толькі пагаршае самаізаляцыю Беларусі», — гаворыцца ў заяве прадстаўніка Дзярждэпартаменту Патрыка Вэнтрэлы, якую цытуе расейскае інфармацыйнае агенцтва «Новости».

8 жніўня Беларусь вырашыла адклікаць сваю амбасаду са Швэцыі і прапанавала зрабіць тое самае Стакгольму. Швэдзкія дыпляматы павінныя пакінуць Беларусь да 30 жніўня. Пры гэтым беларускі бок адзначае, што гаворка не ідзе аб разрыве дыпламатычных стасункаў.

Міністр замежных спраў Швэцыі Карл Більт ў сваім мікраблогу Twitter паведаміў Эрыксана выслалі зь Беларусі за тое, што ён «занадта актыўна выступаў у абарону правоў чалавека».

Афіцыйны прадстаўнік МЗС Беларусі Андрэй Савіных у сваю чаргу адзначыў, што амбасадара не выслалі — яму толькі не падоўжылі акрэдытацыю.

Адносіны паміж Менскам і Стакгольмам ўскладніліся пасьля «мядзьвежага дэсанту».

Аднаматорны самалёт са швэдзкім экіпажам з плюшавымі мішкамі на борце перасёк паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны каля паўтарох гадзінаў, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Менску больш за 800 цацак з надпісамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

З самага пачатку вайскоўцы і памежнікі катэгарычна абвяргалі факт незаконнага перасячэньня мяжы.

Гісторыя з «плюшавым дэсантам» атрымала шырокі грамадзкі рэзананс і дала падставу сумнявацца ў боегатоўнасьці ня толькі беларускіх, але і саюзных сродкаў СПА. Была створаная камісія прэзыдэнта, якая занялася праверкай ўсіх злучэньняў і воінскіх часьцей Ваенна-паветраных сілаў і Войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG