Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада БНР: Лукашэнка ня можа разглядацца як прадстаўнік Беларусі


Рада Беларускай Народнай Рэспублікі выступіла з адмысловай заявай з нагоды адмовы працягу акрэдытацыі амбасадара Швэцыі ў Беларусі Стэфана Эрыксана.

Заява, падпісаная старшынёй Рады Івонкай Сурвілай, зьмешчаная на афіцыйнай старонцы Рады БНР у Facebook.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі “ацэньвае канфліктныя дэмаршы дзяржаўнага кіраўніцтва Аляксандра Лукашэнкі супраць краінаў Эўрапэйскага Зьвязу і ЗША, з асаблівай згадкаю адмовы працягу акрэдытацыі амбасадара Каралеўства Швэцыі ў Рэспубліцы Беларусь Стэфана Эрыксана, як супярэчныя прынцыпам міжнародных адносінаў, базавым інтарэсам Беларусі і яе народу, і пазбаўленыя агульнай міжнародна-палітычнай адэкватнасьці”.

Беларусь ператворана ў закладніцу для ўтрыманьня асабістай ўлады Аляксандрам Лукашэнкам

У заяве Рады БНР канстатуцца, што, “супрацьпастаўляючы Беларусь міжнароднай супольнасьці высока-разьвітых дэмакратычных дзяржаваў, зьнешняя палітыка лукашэнкаўскага кіраўніцтва разбурае сувязі беларускага грамадзтва з дэмакратыямі ў вонкавым сьвеце. Гэтак яна канчаткова ператворана ў прыладу рэалізацыі мэтаў, супярэчных інтарэсам беларускага народу. У рамках гэткай палітыкі, Беларусь ператворана ў закладніцу для ўтрыманьня асабістай ўлады Аляксандрам Лукашэнкам, інтарэсаў яго атачэньня, насуперак і на шкоду інтарэсам грамадзтва і дзяржавы. Такая зьнешняя палітыка служыць зьнешнепалітычнаму забесьпячэньню палітычных рэпрэсіяў у Беларусі”.

Рада БНР зазначае, што “дзяржаўнае кіраўніцтва Аляксандра Лукашэнкі страціла дэмакратычную легітымнасьць, усталяваўшы самаўладны рэжым і пазбавіўшы беларускі народ свабоднага і справядлівага абраньня сваёй ўлады. Мэты, што рэалізуюцца шляхам вонкавай палітыкі гэтага кіраўніцтва, дадаткова сьведчаць, што яно ня можа таксама ў міжнародных дачыненьнях разглядацца ў якасьці паўнамоцнага і дамоваздольнага прадстаўніка Беларусі”.

Рада БНР адзначае таксама “асаблівыя асабістыя заслугі амбасадара Стэфана Эрыксана накарысьць доўгатэрміновых швэдзка-беларускіх адносінаў, выразы яго асабістай неабыякавасьці да беларускай культуры, мовы і будучыні краіны ў гэты цяжкі момант яе гісторыі, што здабылі вельмі шырокае прызнаньне сярод грамадзянскай супольнасьці Беларусі”.

Беларускаму грамадзтву патрэбная дапамога для ўмацаваньня здольнасьці супрацьстаяць рэпрэсіям

Рада БНР зьвярнулася да ўраду Каралеўства Швэцыі і Эўрапэйскага Зьвязу з заклікам “узмацніць і завострыць палітыку разьдзяденьня паміж сваімі дачыненьнямі з грамадзтвам Беларусі з аднаго боку - і сваімі адносінамі з паноўнай у Беларусі ўладай з другога. Беларускаму грамадзтву патрэбная дапамога для ўмацаваньня здольнасьці супрацьстаяць рэпрэсіям. Замест ізаляцыі Беларусі паноўным рэжымам ад дэмакратычнага сьвету, патрабуецца забясьпечыць ізаляцыю гэтага кіраўніцтва ад народа і краіны ў самой Беларусі”.

“Рада БНР адзначае асаблівую глыбіню шкоды, спрычыненай адносінам Беларусі з дэмакратычнымі дзяржавамі напрацягу 18 гадоў самаўладзьдзя Аляксандра Лукашэнкі. Беларусі, з боку краінаў і інстытуцыяў Эўрапэйскага Зьвязу, запатрабуецца асаблівыя захады дапамогі ў мэтах комплекснай рэабілітацыі краіны ад наступстваў шкоднай дзейнасьці сучаснага рэжыму ў палітычнай, юрыдычнай, гаспадарчай і іншых галінах, дзеля стварэньня новай магчымасьці вяртаньня Беларусі ў супольнасьць дэмакратычных дзяржаваў Эўропы”. – гаворыцца ў заяве Рады Беларускай Народнай Рэспублікі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG