Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо выходныя, 4-5 жніўня: 95 гадоў Янку Брылю, 65 гадоў Віталю Скалабану, 1 год Бяляцкі ў турме


Бліц-агляд падзеяў і тэмаў у Беларусі, сьвеце, гісторыі.

НАДВОР'Е

У Беларусі ў суботу дождж, але цёпла (+30), у нядзелю сонечна, але на два градусы менш.

НЕ ПРАПУСЬЦІЦЕ:

У суботу ў эфіры нашага радыё – онлайн-канфэрэнцыя з аўтарам пэрфомансу «Мусорок» Іванам Амельчанкам і «Бібліятэка Свабоды». На нашым сайце пачалася публікацыя новай кнігі Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага» – пра слыннага беларускага праваабаронцу, які за сваю грамадзкую дзейнасьць апынуўся ў турме. За «круглым сталом», апроч аўтара, пра героя кнігі гавораць вядоўца Міхась Скобла і рэдактар кнігі Сяргей Дубавец. Пачатак а 18.30 менскага часу. Пасьля 19.30 – «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча», эсэ пра творчасьць Вячаслава Адамчыка.

У нядзелю – «Праскі акцэнт». Яго тэма – эміграцыя. Больш як палова беларусаў, паводле сацыёлягаў, заяўляюць, што былі б ня супраць пакінуць краіну. Зь якіх прычынаў адны беларусы зьяжджаюць за мяжу, а іншыя – вяртаюцца дадому? Ці можна сказаць, што наступіў пік міграцыйных настрояў, ці паўплываў на гэта крызіс 2011 году? На гэтыя пытаньні ў перадачы адказваюць з Нью-Ёрку – Юрась Зянковіч, з Валожына – Галіна Яшчанка, якая вярнулася ў Беларусь пасьля 8 гадоў жыцьця на Захадзе, і зь Менску палітоляг Сяргей Нікалюк. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў. Пачатак а 18.30.

Таксама ў нядзелю – летнія «Званочкі» з Аленай Ціхановіч.

У БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ:

4 жніўня абвешчанае Міжнародным днём салідарнасьці з грамадзянскай супольнасьцю і праваабарончым рухам Беларусі. Дата абраная невыпадкова – 4 жніўня споўніцца роўна год з моманту арышту ў Менску віцэ-прэзыдэнта Міжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека, лідэра закрытага ўладамі праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Усім зацікаўленым групам і актывістам прапануецца падтрымаць гэтую ініцыятыву шляхам «правядзеньня ў сваіх гарадах і краінах лякальных кампаній і акцый, якія распавядаюць аб становішчы грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі», паведамляе Бела ПАН.

4 жніўня ў Менску ў офісе партыі БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3) – зьезд партыі, прысьвечаны парлямэнцкім выбарам. Брыфінг па выніках зьезду плянуецца а 13.30. Пачатак а 10.00.

5 жніўня ў Горадні – урачыстае адкрыцьцё пасьля рэстаўрацыі і асьвячэньне алтара Фарнага касьцёлу. Пачатак а 12.00.

У Лёндане – працяг Алімпіяды (да 12 жніўня).

* * *

Паважаныя чытачы! Дапамажэце больш поўна прадставіць беларускі дзень – дашлеце інфармацыю пра плянаваныя падзеі, якія будуць цікавыя нашым чытачам, на адрас svaboda@rferl.org.

ГЭТЫ ДЗЕНЬ У ГІСТОРЫІ:

4 жніўня

1392 – падпісанае Востраўскае пагадненьне, якое паклала канец грамадзянскай вайне ў Вялікім Княстве Літоўскім.

1875 – памёр Ганс Хрысьціян Андэрсан, дацкі пісьменьнік і паэт, аўтар сусьветна вядомых казак для дзяцей.

1962 – лідэр Афрыканскага Нацыянальнага Кангрэсу Нэльсан Мандэла пасаджаны ў турму, дзе правёў 28 гадоў. Пасьля выхаду на волю Мандэла стаў прэзыдэнтам Паўднёва-Афрыканскай рэспублікі.

1917 – нарадзіўся Янка Брыль, беларускі пісьменьнік.

1947 – нарадзіўся Мікалай Селяшчук, беларускі мастак.

1961 – нарадзіўся Барак Абама, 44-ы прэзыдэнт ЗША.

2001 – памёр Вячаслаў Адамчык, беларускі пісьменьнік.

5 жніўня

1506 – Бітва пад Клецкам. Міхал Глінскі на чале войска ВКЛ ушчэнт разьбіў войска крымскага хана. 27 000 татар загінулі, 2000 – трапілі ў палон, было вызвалена 40 000 палонных.

1772 – адбыўся першы падзел Рэчы Паспалітай паміж Аўстра-Вугоршчынай, Прусіяй і Расеяй.

1947 – нарадзіўся Віталь Скалабан, беларускі гісторык.

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ:

Я лічу, што гэта стратэгічная памылка і нават у пэўным сэнсе драматычная памылка палітыкаў 20 стагодзьдзя – аддзяляць правы чалавека ад дэмакратычных каштоўнасьцяў, ад незалежнасьці. Пачынаючы з 80-х незалежны моладзевы беларускі рух, у які я тады ўваходзіў, заўсёды разглядаў гэтыя пытаньні разам – правы чалавека і незалежнасьць Беларусі, дэмакратыя і рынкавая эканоміка – гэта тыя рэчы, якія ўяўлялі і ўяўляюць для мяне адзінае цэлае.

Алесь Бяляцкі

ГОД ТАМУ НА САЙЦЕ СВАБОДЫ:

Ці хочуць беларусы аб'ядноўвацца з Расеяй?

Беларусь пасьля пераменаў

Вячорку дапыталі пра ягоныя інтэрвію
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG