Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першае «золата» Беларусі


Сяргей Мартынаў на Алімпіядзе ў Пэкіне, 2008
Сяргей Мартынаў на Алімпіядзе ў Пэкіне, 2008

3 жніўня беларускія спартоўцы заваявалі свой першы залаты мэдаль на Лёнданскай алімпіядзе. Яго здабыў Сяргей Мартынаў, які бездакорна страляў з дробнакалібэрнай вінтоўкі.

Такім чынам, на гэты момант у скарбонцы беларускіх алімпійцаў тры мэдалі — па адным залатым, срэбным і бронзавым. Аднак прыемную навіну зь Лёндану сапсавала паведамленьне, што Алімпійскія гульні больш ня будуць камэнтаваць на беларускай мове.

Для Сяргея Мартынава сёньняшняя алімпійская ўзнагарода — трэцяя. Раней ён быў бронзавым прызёрам дзьвюх Алімпіяд — у Сыднэі (2000 год) і ў Афінах (2004-ты). І вось у 44 гады — нарэшце чэмпіён Алімпійскіх гульняў. І няхай ня дзівіць кагосьці такі ўзрост. Стралковы спорт дазваляе выходзіць на старт і ў 50 гадоў, і нават пазьней.

Сёньня Сяргей Мартынаў адразу псыхалягічна накаўтаваў супернікаў.

У кваліфікацыі ён адзіны выбіў 600 пунктаў з 600 магчымых і паўтарыў усясьветны і алімпійскі рэкорды. Болей выбіць проста немагчыма. І такі старт беларускага алімпійца ашаламіў іншых стралкоў. У фінале, дзе найлепшыя стралялі яшчэ па 10 разоў кожны, Мартынаў таксама меў высокую стабільнасьць. У супольным выніку ён набраў 705,5 пункта. Цяпер гэта новы ўсясьветны рэкорд.

Хоць нарадзіўся Сяргей Мартынаў у Маскоўскай вобласьці, але ўвесь час выступае за Беларусь. Першы алімпійскі старт Мартынаў узяў яшчэ ў Сэуле ў 1988 годзе.

А ўчора позна ўвечары срэбны мэдаль у алімпійскім басэйне здабыла Аляксандра Герасіменя. Яна заняла другое месца на дыстанцыі 100 мэтраў вольным стылем. Дагэтуль беларускія плыўцы на Алімпіядах у складзе нацыянальнай каманды яшчэ мэдалёў ня мелі.

Аляксандра нарадзілася ў Менску ў апошні дзень 1985 году. Летась, пасьля таго як яна стала чэмпіёнкай сьвету, Герасіменю прызналі найлепшай спартоўкай Беларусі 2011 году. Шматгадовы дуэт Аляксандры зь яе трэнэрам Аленай Клімавай даў плён. Летась яны ўпершыню паспрабавалі трэніравацца высока ў гарах. Пасьля перамогі на мінулагоднім першынстве сьвету гэтую мэтоду перанесьлі і на алімпійскую падрыхтоўку і не прагадалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG