Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго падтрымаць — палітвязьняў ці «незалежных кандыдатаў»?


Віталь Рымашэўскі

Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя распачала збор подпісаў за вызваленьне палітвязьняў.

Як вядома, выбараў у Беларусі даўно няма. Рэжым адабраў у беларусаў магчымасьць самім абіраць уладу. Але пазбавіць чалавека ці народ права выбару ня здольны ніхто. Якія б складаныя ні былі жыцьцёвыя ўмовы — выбар заўсёды застаецца за чалавекам: зрабіць так ці іначай. І кожны чалавек здольны гэты выбар зрабіць згодна са сваімі перакананьнямі і ўласным сумленьнем. Такі выбар у беларусаў сёньня ёсьць: зноўку падпарадкавацца плянам улады і прыняць удзел у выбарчым спэктаклі — альбо далучыцца да кампаніі байкоту.

У гэтыя тыдні, згодна з вызначаным сцэнарам, разыгрываецца дзея першая — «Збор подпісаў за вылучэньне кандыдатаў».

Кампанія байкоту прапануе грамадзянам Беларусі альтэрнатыву: замест збору подпісаў у падтрымку «кандыдатаў» у палатку — далучыцца да кампаніі ў падтрымку палітвязьняў.З гэтага тыдня распачаты збор подпісаў за вызваленне палітвязняў і рэабілітацыю ўсіх несправядліва асуджаных. Для ўсіх неабыякавых людзей на пікетах, пры абыходзе кватэраў, пры сустрэчах са знаёмымі — ёсьць магчымасьць распавесьці пра вязьняў, сабраць подпісы ў іх падтрымку, заклікаць не ісьці галасаваць і далучыцца да кампаніі байкоту.

Тым болей, што з 2011 году страху ў беларускім грамадзтве стала меней. Пры размовах зь людзьмі ўразіла гатоўнасьць менчукоў выказаць салідарнасьць з палітвязьнямі. У лютым-сакавіку 2011 году Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя таксама праводзіла збор подпісаў за вызваленьне палітвязьняў, але нават у Менску са 100 чалавек толькі адзін ці двое пагаджаліся паставіць подпіс. Большасьць выказвала сваю падтрымку і салідарнасьць. Але ад подпісу адмаўляліся — баяліся рэпрэсій. Зараз на байкотных пікетах пераважная большасьць ставіць подпісы пад зваротам у падтрымку вызваленьня палітвязьняў і рэабілітацыі ўсіх несправядліва асуджаных.

Ніводнага разу не пачуў нечага падобнага да: «нам патрэбна альтэрнатыва» альбо «раскажыце, што вы прапануеце замест…» Відавочна: беларусы ў сваёй большасьці вызначыліся «за» ці «супраць» цяперашняй улады. Усім усё зразумела. Адны (іх відавочная меншасьць) пакуль працягваюць ускладаць спадзеў на Лукашэнку, іншыя — гатовыя падтрымаць любога, хто выступае за зьмены. Гэтыя ўсё разумеюць. Ім не патрэбныя казкі пра шчасьлівую праэўрапейскую, прарасейскую ці прамарсіянскую будучыню. Калі яны і хочуць пачуць нейкую «праграму» — то толькі ў выглядзе адказу на адно пытаньне: што можна зрабіць, каб нешта зьмянілася ў краіне? Як магчыма памяняць гэтую сыстэму? Пры гэтым многія ня вераць у перамены. Разуменьне таго, што адбываецца, расчараванасьць і нявер’е ў магчымасьць нешта зьмяніць — асноўны настрой у грамадзтве. Абяцаць гэтым людзям, што, ідучы на «выбары», галасуючы за «кандыдатаў», яны нешта мяняюць — значыць, бессаромна падманваць іх , чарговы раз памнажаць расчараванасьць і бязьвер’е, якімі карыстаецца рэжым.

Я заклікаю ўсіх неабыякавых людзей далучыцца да байкоту "выбараў" і замест збору подпісаў за кандыдатаў, замест легалізацыі існага рэжыму зьбіраць подпісы за вызваленьне палітвязьняў.

Глядзець камэнтары (9)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG