Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пратэст па-беларуску: эміграцыя


Згодна з апошнім, чэрвеньскім апытаньнем Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, каля 46 працэнтаў беларусаў упэўненыя, што ня хочуць зьяжджаць з краіны нават часова. Іншыя апытаныя, больш як палова, былі б ня супраць пакінуць краіну. А 8% гатовыя зьехаць куды заўгодна, абы ня жыць у Беларусі. Куды і навошта едуць беларусы?

Прыблізна такі ж малюнак, як у справаздачы Незалежнага інстытуту сацыяльна-эканамічных і палітычных дасьледаваньняў, мы атрымалі, апытаўшы людзей на вуліцах Менску.

Сацыёляг Сяргей Нікалюк лічыць, што ў гэтых лічбах няма нічога сэнсацыйнага:

«Я хачу нагадаць, што ў студзені 1993 году, калі праводзілася першае апытаньне, 63% беларусаў выказалі жаданьне выехаць на заробкі за мяжу».

Vox populi: «Ці хацелі б вы зьехаць зь Беларусі?»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:06 0:00
Наўпроставы лінк

Нікалюк папярэджвае, што гэта толькі дэклярацыі і іх нельга блытаць з рэальнымі ўчынкамі. Тых, хто сапраўды пакідае Беларусь, менш на парадак.

«Тым ня меней, — кажа сацыёляг, — гэтыя лічбы адлюстроўваюць стан эканомікі рэспублікі. І ў нашае стагодзьдзе глябалізацыі тое, што людзі спрабуюць вырашыць свае праблемы, пераехаўшы ў іншую краіну, — гэта натуральны працэс».

Аляксей Бягун
Аляксей Бягун
Такую тэндэнцыю пацьвярджае і кіраўнік Дэпартамэнту грамадзянства і міграцыі МУС РБ Аляксей Бягун:

«Тэндэнцыі ў нас ня вельмі добрыя. Сальда міграцыі сур’ёзна ўпала. Мы яшчэ ў плюсе, але падзеньне сур’ёзнае. Гэта значыць, што больш людзей выяжджае».

Паводле дадзеных Белстату, міграцыйны прырост за студзень-май гэтага году скараціўся ў два з паловай разы і склаў усяго каля дзьвюх тысяч чалавек супраць пяці тысяч за той жа пэрыяд 2011 году. І гэта толькі афіцыйна зарэгістраваная міграцыя. Той жа Белстат кажа, што ў Беларусі 5,8 млн працаздольнага насельніцтва, а занятымі працай на май 2012 году лічацца 4,5 мільёна чалавек. Куды зьнікае больш як мільён працаздольных беларусаў?

Найбольш жаданая краіна, на думку беларусаў, — Нямеччына. За ёю — ЗША. Але ў рэальнасьці, кажа Нікалюк, людзі найчасьцей выяжджаюць у Расею:

Сяргей Нікалюк
Сяргей Нікалюк
«І гэта зразумела: няма ані моўных, ані візавых праблемаў, і таму лягчэй уладкавацца на працу».

Гэта пацьвярджае і супрацоўніца міжнароднай праграмы «La strada». Ірына Пацаневіч працуе на тэлефоне гарачай лініі па бясьпечнай міграцыі. З 2011 году яны атрымалі 18 тысяч зваротаў ад беларусаў.

Дадзеныя НІСЭПД сьцьвярджаюць, што на Захад рэальна выяжджаюць маладзейшыя і больш адукаваныя людзі, якім лягчэй асвоіцца ў сучасных умовах. А ў Расею едуць людзі з працоўнымі спэцыяльнасьцямі. Пра гэта ж кажа і досьвед «La strada», распавядае Ірына Пацаневіч:

«У РФ выяжджаюць будаўнічыя спэцыяльнасьці, сфэра абслугоўваньня. Усё залежыць ад сэзону. А ў Чэхію едуць па лесанарыхтоўкі. Моладзь выяжджае па праграмах Work and Travel і Au Pair, якія ў нас досыць папулярныя».

Колькасьць ахвотных выехаць на ПМЖ, а пра такое жаданьне дасьледчыкі пытаюцца ўжо 11 гадоў, істотна не мяняецца. Аднак сацыёлягі адзначаюць, што калі раней для сталага месца жыхарства беларусы часьцей абіралі ЗША, то цяпер прыярытэты ссунуліся ў бок Расеі. На думку Сяргея Нікалюка, тлумачыцца гэта тым, што ўжо «вялізная колькасьць беларусаў там працуе і прывозіць з сабою рэальную інфармацыю».

Аналітыка НІСЭПД сьцьвярджае, што колькасьць ахвотных выехаць зь Беларусі сьведчыць хутчэй не пра эміграцыйныя працэсы, а пра тое, як людзі рэальна ставяцца да сытуацыі ў краіне. Сяргей Нікалюк лічыць, што за лічбамі стаяць грунтоўныя працэсы:

«Беларуская культура ня ўпісваецца ў сучаснасьць. І першы паказчык таго, што культура неканкурэнтаздольная, — гэта тое, што найбольш актыўныя грамадзяне пачынаюць гэтую культуру пакідаць. Мы сёньня гэта назіраем, і гэты працэс узмацняецца».
Беларуская культура ня ўпісваецца ў сучаснасьць.

Нікалюк кажа, што гэты працэс ідзе ня толькі ў Беларусі.

«У мяне так атрымалася, што я нядаўна праехаў аўтобусам празь Літву і Латвію. Вільня — пусты горад у параўнаньні з Рыгай. І гэтаму ня трэба дзівіцца: сотні тысяч літоўцаў ужо выехалі, у асноўным гэта гараджане і жыхары сталіцы».

Калі глядзець на сацыялягічныя апытаньні, беларусы не дэманструюць вялікага жаданьня выходзіць на акцыі пратэсту ці прымаць удзел у выбарах. Але колькасьць тых, хто хоча зьехаць з краіны, усё павялічваецца. Ці гэта адзіны шлях, якім беларусы здольныя рэагаваць на сытуацыю?

Сяргей Нікалюк: «На ўзроўні бліжэйшага кола — знаёмых, сям’ і — беларусы вельмі традыцыйныя і „калектывісты“. А што тычыцца ўзроўню дзяржавы, то беларусы — выключныя індывідуалісты. У гэтым „вялікім коле“ яны звыклі разьвязваць свае асабістыя праблемы індывідуальна. Адсюль паходзіць найважнейшы інстытут беларускага грамадзтва, які можна назваць інстытутам асабістых повязяў, інстытутам „блату“. Калі ў беларуса ўзьнікаюць сур’ёзныя праблемы, ён ня думае пра тое, як арганізавацца з кімсьці для іх разьвязаньня. Ён думае, як гэтую праблему разьвязаць індывідуальна. І вось ад’езд — адзін са спосабаў асабістага разьвязваньня праблемаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG