Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Пракуратура — гэта фактычна ваенная арганізацыя


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прызначыў шэраг кіраўнікоў органаў пракуратуры, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.

Аляксандар Архіпаў прызначаны намесьнікам генэральнага пракурора, Алег Лаўрухін — пракурорам Менскай вобласьці, Сяргей Хмарук — пракурорам Менску, Іван Наскевіч — пракурорам Берасьцейскай вобласьці.

Зьвяртаючыся да прадстаўнікоў органаў пракуратуры, Лукашэнка адзначыў, што «адна з задач, якая была пастаўлена генэральнаму пракурору — знайсьці нармальных прафэсіяналаў, адмыслоўцаў, перш за ўсё ў цэнтральнае зьвяно — генэральную пракуратуру».

Паводле Лукашэнкі, да былога кіруючага складу генэральнай пракуратуры было шмат прэтэнзій. «Мелі месца ведамасныя нестыкоўкі, боязь ужываць меры пракурорскага рэагаваньня там, дзе гэта было патрэбна. І новы генэральны пракурор павінен быў гэты склад абнавіць», — адзначаюць у прэс-службе.

«Пракуратура — гэта фактычна ваенная арганізацыя, і тут ад кіраўніцтва многае залежыць», — цытуе Інтэрфакс кіраўніка Беларусі.

Камэнтуючы прызначэньні ў органах пракуратуры намесьнік старшыні Беларускага Хэльсынскага камітэту Гары Паганяйла адзначыў: праваабаронцы лічаць, што пракуратура не выконвае сваёй канстытуцыйнай задачы:

"Крайне рэдка мы бачым сур'ёзныя акты пракурорскага рэагаваньня на парушэньне законаў з боку выканаўчай ўлады – ажно да дзеяньняў міністраў. Дрэнна спраўляюцца яны з захаваньнем законнасьці ў дзеяньнях органаў крымінальнага перасьледу, якія якраз вядуць крымінальныя справы, праводзяць арышты, затрыманьні, іншыя спэцыфічныя дзеяньні, зьвязаныя з абмежаваньнем правоў і свабодаў нашых грамадзянаў. Тут вельмі многа нараканьняў.

А вось скаргі грамадзянаў крайне рэдка знаходзяць правільнае вырашэньне пракурорскімі службовымі асобамі. Мы мелі магчымасьць пераканацца, калі праводзіліся катаваньні і дзеяньні, прыраўнаныя да катаваньняў. Такія скаргі паступалі ў пракуратуру, але сур'ёзных праверак месцаў зьняволеньня зусім не назіралася. Усе пакрывалася, прызнавалася ў рамках закону. Хаця людзі пацьвярджалі, што адвакатаў не пускалі, праводзілі псыхалягічнае ўзьдзеяньне, да некаторых прымяняўся фізычны гвалт. А ў шэрагу выпадкаў само ўтрыманьне прыраўноўваецца міжнароднай супольнасьцю да катаваньняў.

На ўсё гэта зьвярталася ўвага ў скаргах, аднак пракуроры не рэагуюць на такія скаргі. У нас ёсьць падставы казаць, што пракуратура не спраўляецца са сваёй канстытуцыйнай задачай – ажыцьцяўленьнем нагляду за законнасьцю".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG