Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КДБ знайшоў хабарнікаў у кантрольных органах


Камітэт дзяржбясьпекі Беларусі спыніў злачынную дзейнасьць некалькіх супрацоўнікаў кантрольных органаў.

Як паведамілі ў цэнтры інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ, у выніку апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў спынена супрацьпраўная дзейнасьць старшага інспэктара па асабліва важных справах упраўленьня ўласнай бясьпекі дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК падпалкоўніка фінансавай міліцыі Д. Паводле наяўнай інфармацыі, на працягу некалькіх гадоў ад заснавальнікаў і службовых асобаў камэрцыйных структураў Менску ён атрымліваў грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў разьвязаньні розных праблемаў, датычных праверак, якія праводзяцца кантрольнымі органамі.

Было вызначана кола прадпрымальнікаў, ад якіх супрацоўнік ДФР на сталай аснове атрымліваў грашовыя сродкі і іншыя таварна-матэрыяльныя каштоўнасьці. На непрацоўныя прыбыткі ён будаваў двухпакаёвую кватэру ў элітным доме ў Менску. Будматэрыялы яму перадавалі бясплатна «ў лік разьвязаньня будучых праблем».

Праверка КДБ ускладнялася тым, што супрацоўнік фінансавай міліцыі доўгі час сам займаўся апэратыўна-вышуковай дзейнасьцю, ведаў, як праводзяцца апэратыўныя мерапрыемствы. Сваіх «кліентаў» ён старанна інструктаваў, сустрэчы праводзіў у загадзя абумоўленых месцах з захаваньнем мер кансьпірацыі.

Маючы доступ да матэрыялаў праверкі, якая праводзілася ў адносінах адной са сталічных будаўнічых фірмаў па факце ўхілення ад выплаты падатковых плацяжоў, карумпаваны супрацоўнік фінансавай міліцыі ініцыятыўна прапанаваў заснавальніку камэрцыйнай структуры дапамагчы. Свае паслугі ён ацаніў у 5000 даляраў. Гэтыя грошы ён нібыта павінен быў перадаць супрацоўнікам ДФР па Менскай вобласьці, якія праводзілі праверку.

Пры атрыманьні першай часткі хабару ў памеры 2500 даляраў быў затрыманы супрацоўнікамі КДБ. Следчы камітэт у дачыненьні да яго ўзбудзіў крымінальную справу.

У ходзе сьледзтва стала вядома, што большасьць ашуканых супрацоўнікам ДФР камэрсантаў — яго блізкія сябры. Атрыманых ад іх грошай хапіла, каб дабудаваць двухпакаёвую кватэру. Падпалкоўнік фінансавай міліцыі ашукваў ня толькі сяброў, але і таварышаў па службе. Так, ім здавалася ў арэнду выдзеленая Камітэтам дзяржкантролю службовая кватэра, даходы ад здачы якой ён не дэкляраваў.

Суд Заводзкага раёну Менску пачаў разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да былога супрацоўніка ДФР.

У выніку правядзеньня апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікі гарадзенскага абласнога ўпраўленьня КДБ затрымалі пры атрыманьні хабару ў памеры 570 даляраў старшага інспэктара па органах унутраных спраў упраўленьня дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў КДК па Гарадзенскай вобласьці падпалкоўніка Х.

Цягам 2011–2012 гадоў ён неаднаразова атрымліваў у якасьці хабару ад аднаго з жыхароў Горадні розныя таварна-матэрыяльныя каштоўнасьці і грашовыя сродкі за зацягваньне сьледзтва і спыненьне расьсьледаваньня ўзбуджанай адносна яго крымінальнай справы. Чарговы хабар за свае «паслугі» ён запатрабаваў ад камэрсанта ў траўні бягучага году.

Адносна старшага інспэктара распачата крымінальная справа па прыкметах злачынства — падбухторваньня да дачы хабару, перадае БелаПАН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG