Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 17


Экстрэмальны стан абавязвае чалавека шукаць выйсьця. І дзеля гэтага трэба вызначыць сваё стаўленьне да навакольнага сьвету, намеціць канкрэтныя мэты жыцьця і спосабы іх дасягненьня. Гэта вельмі цяжкая праца.

Юры Бандажэўскі

Апошнім часам ад сваякоў вязьняў даводзіцца чуць пытаньні кшталту: ці абавязкова трэба прайсьці шлях да веры, каб выжыць за кратамі? Маўляў, блізкі чалавек сядзіць, мае шмат хваробаў, дэпрэсіяў, а да веры не зьвяртаецца.

Мне цяжка даваць парады на гэтую тэму. Кожны ідзе сваёй дарогай. Я маю свой досьвед выжываньня, але кожны сам вырашае, што яму рабіць. Асабіста мне вера дапамагла зразумець шмат якія аспэкты жыцьця і выжыць.

2006, высокія прадстаўнікі праваслаўнай эпархіі наведалі турэмны шпіталь.
2006, высокія прадстаўнікі праваслаўнай эпархіі наведалі турэмны шпіталь.



Прымусіць верыць — немагчыма

Сам я вернік, які лічыць, што Сьвет пазнавальны і што гэта робіць наша жыцьцё цудоўным і асэнсаваным. Менавіта таму вера разам з працай дасьледчыка, якой я няспынна займаўся, сталі для мяне ў турме вялікай крыніцай энэргіі. Адзначу, што ўлада, якая кідае ў вязьніцы людзей, выкарыстоўвае самыя розныя мэтады дзеля таго, каб зьняволеныя адвыклі думаць. У тым ліку, і рэлігію. Замест таго, каб дапамагчы чалавеку супраціўляцца сытуацыі, царкоўнікі, якія маюць прадстаўніцтва ў месцах пазбаўленьня волі, прапаведуюць пакорлівасьць ўладзе, услаўляюць яе, а яшчэ больш яе кіраўніка. Пэўная праца ў гэтым пляне праводзілася і са мной. Аднак я адмовіўся ад такога роду духоўных паслугаў.

Заганяць чалавека ў царкву, прымушаць рабіць яго тое, чаго ён ня хоча, немагчыма.

Я пахрысьціўся ў праваслаўнай царкве ў Гомелі ў 42 гады. Гэта адбылося зімой 1999 году, за некалькі месяцаў да арышту. Я не магу дакладна патлумачыць, чаму гэта зрабіў. Адмыслова над гэтым я ня думаў. Фармальна гэта не было наўпрост зьвязана з маёй прафэсійнай дзейнасьцю. Ніякіх грунтоўных падстаў для гэтага не было, хіба што адзін факт, на першы погляд непрыкметны. Але я прыйшоў у царкву і прыняў хрост. Пасьля я зразумеў, як гэта было важна для мяне.
Як зьняволенаму выстаяць у экстрэмальных умовах беларускай турмы? Былы вязень сумленьня, доктар мэдыцыны Юры Бандажэўскі на падставе ўласнага досьведу напісаў за кратамі ў 2003 годзе дапаможнік «Сыстэма выжываньня чалавека».

...Яшчэ 16-гадовым юнаком я быў апантаны ідэяй інтэлектуальнага і фізычнага самаўдасканаленьня. Я вельмі шмат чытаў, аналізаваў. Гэта была пераважна навуковая літаратура па мэдыцыне і біялёгіі, вельмі часта замежная ў расейскіх перакладах. І мой мозг стаў інтэнсіўна працаваць над праблемай, якую я палічыў найважнейшай у жыцьці людзей, — анкалягічныя захворваньні, іх прычыны ды мэханізмы ўзьнікненьня. Гэтыя пытаньні хвалявалі мяне дзень і ноч. За адносна кароткі час я адчуў, што пачынаю разумець некаторыя мэханізмы на клеткавым узроўні. Гэта не былі стандартныя, вядомыя ў навуцы палажэньні. Цэлы шэраг аспэктаў гэтай глябальнай праблемы біялёгіі і мэдыцыны зьявіўся ў мяне ў галаве ў выглядзе аксіём, раней нікім не апісаных. Аднойчы я ўбачыў усе элемэнты міжклеткавага ўзаемадзеяньня на аснове бялковых малекул (я іх назваў функцыянальнымі і рэгулятарнымі пратэінамі) на кафляных клетках у кухні нашай кватэры ў Горадні. Я хутка запісваў гэтыя зьвесткі, адчуваючы, што тэкст мне дыктуе нехта з гары. Матэрыялу было шмат, і я баяўся прапусьціць важныя палажэньні. У галаве паўстала ўся тэорыя міжклеткавай рэгуляцыі і дыфэрэнцыяваньня. Асобныя аспэкты гэтай тэорыі я дапрацоўваў пасьля, у тым ліку і ў вязьніцы.

​Я апісваю гэтую падзею ў кнізе, выдадзенай у 2006 годзе ў Францыі: «La philosophie de ma vie. Journal de prison» — «Філязофія майго жыцьця. Турэмны дзёньнік». На працягу многіх гадоў я спрабаваў адаптаваць дадзеную тэорыю ў навуковай супольнасьці. Першыя публікацыі па праблеме сустрэлі нямала варожых нападак з боку некампэтэнтных у гэтым пытаньні навуковых дзеячаў. Але з кожным годам я назіраю, як асобныя элемэнты гэтай тэорыі пацьвярджаюць навукоўцы з найбуйнейшых лябараторый сьвету, і цешуся гэтаму.

Вера не пазбаўляе неабходнасьці змагацца за існаваньне

Цяпер, праз чатыры дзесяцігодзьдзі, лічу, што гэтым Бог узнагародзіў мяне за стараньне спазнаць навакольны сьвет, жаданьне дапамагчы людзям, якія паміраюць ад злаякасных пухлін. Усё, праз што мне даводзіцца праходзіць у жыцьці, — выпрабаваньне, тэст на вернасьць служэньню навуцы. У мяне няма сумненьняў і ваганьняў у абраным шляху. Я ані не шкадую пра тое, што мне давялося перажыць. Дарэчы, навуку можна рабіць паўсюль, у тым ліку ў турме. Гэтаксама паўсюль можна мысьліць. У такія моманты забываеш, дзе ты.


Праваслаўныя сьвятары ў калёніі. Фота з архіву былых супрацоўнікаў калёніі
Праваслаўныя сьвятары ў калёніі. Фота з архіву былых супрацоўнікаў калёніі


Падчас адседкі, напрыклад, я атрымаў адказы на тыя пытаньні, якія хвалявалі мяне на волі і якія я так і ня змог асэнсаваць. Як дасьледчыку мне было вельмі важна прааналізаваць пэрыядычнасьць зьяўленьня асноватворных думак ва ўласнай галаве, аддаючы вялікую ўвагу лічбам. Аднак, відаць, існуе заканамернасьць разумовай дзейнасьці, якая нам, сьмяротным, не даступная. Важная для нас інфармацыя, ісьціна адкрываецца з гары паступова, па меры нашага руху да пэўнай мэты. Гэта як у кампутары, калі націскам клявішаў удаецца разьвязаць тую ці іншую задачу.

У калёніі я прачытаў сёе-тое зь перакладзенай на расейскую мову літаратуры пра ролю лічбаў. І раптам зусім нечаканая бандэроля з Францыі з кнігай «Godel Escher Bach. Les Brins d’une Guirlande Eternelle» («Гёдэль, Эшэр, Бах: гэтая бясконцая гірлянда») амэрыканскага навукоўца-фізыка Дугласа Гофштатэра (Douglas Hofstadter). Кніга прысьвечаная праблеме адлюстраваньня культурных дасягненьняў у матэматычных формулах. У ёй аўтар зьвяртаецца да славутых парадоксаў прасторы і часу, знаходзіць паралелі паміж карцінамі Эшэра, музыкай Баха і такімі рознымі дысцыплінамі, як фізыка, матэматыка, лёгіка, біялёгія, нэйрафізіялёгія, псыхалёгія і дзэн-будызм і разважае над адной з найвялікшых таямніц сучаснай навукі: якім чынам чалавечае мысьленьне спрабуе зразумець само сябе.

Даслала ў калёнію тую бандэролю незнаёмая францужанка Valeria Seiojala. Дзякуючы гэтай кніжцы я нечакана пачаў разумець сэнс і значэньне асобных лічбаў у жыцьці чалавечага грамадзтва.

Храм у Глыбоцкай калёніі
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:35 0:00

Вышэйшы пачатак праяўляецца ва ўсім, што нас акружае, і калі мы хоць трохі пачынаем гэта разумець, то наша дзейнасьць пачынае набываць нейкі сэнс. Чалавек — праваднік той інфармацыі, якая паступае з Космасу, у гэтым яго місія на Зямлі. Калі ты яе выконваеш кепска, то тваё існаваньне пазбаўленае сэнсу, ты зьбіваесься з дарогі і гінеш. Спачатку духоўна, потым фізычна.

І яшчэ. Седзячы ў няволі, я пераканаўся, што вера ўзьнікае або ўзмацняецца, як правіла, у экстрэмальных умовах. Зразумела, гэтая вера не пазбаўляе чалавека выбару, не падмяняе сабой ягоную дзейнасьць, не пазбаўляе чалавека неабходнасьці змагацца за існаваньне. Вера толькі палягчае душэўныя пакуты, дае сілу для гэтай барацьбы. Дзякуючы веры чалавек канцэнтруе сваю энэргію і гэтым уплывае на свой лёс, на стан свайго духа і цела.

Менавіта канцэнтрацыя энэргіі духа ляжыць у аснове ўсёй дзейнасьці чалавека. На Ўсходзе гэтаму навучыліся і вельмі інтэнсіўна выкарыстоўваюць гэта ў розных сфэрах грамадзкага жыцьця. Магчыма, гэтая ўласьцівасьць — канцэнтрацыя энэргіі асобнага чалавека — тое, што аб’ядноўвае ўсе разнастайныя рэлігіі.

Працяг будзе...

Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 16
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 15
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 14
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 13
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 12
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 11
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 10
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 9
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 8
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 7
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 6
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 5
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 4
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 3
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 2
Прафэсар Бандажэўскі: як выжыць у турме. Частка 1
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG