Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Спартовы экспэрт пра мэдалёвы плян: Добра, калі 15 набярэцца


Алеся Зайцава ня выйшла ў 1\8 фінала турніра па бадмінтоне
Алеся Зайцава ня выйшла ў 1\8 фінала турніра па бадмінтоне

У трэці дзень Алімпіяды беларусы па-ранейшаму без мэдалёў. Але ёсьць спадзяваньні, што менавіта сёньня скарбонка зборнай папоўніцца першай узнагародай.

Увечары пачынае выступы цяжкаатлетка Анастасія Новікава — бронзавая прызэрка папярэдніх Гульняў у Пэкіне і дзейная чэмпіёнка сьвету. Экспэрты ж кажуць пра надзвычай завышаны мэдалёвы плян для каманды Беларусі, якая ў цяперашнім складзе далёкая ад найлепшых кандыцыяў.

Спартовы аналітык Уладзімер Даўжэнка лічыць няправільным патрабаваць ад алімпійцаў вынікаў, на якія яны ня здольныя. Паводле ягоных словаў, дзяржаўны арыенцір на 25 узнагародаў фармаваўся яшчэ летась, калі многія спартоўцы, на якіх ускладаліся мэдалёвыя спадзяваньні, і не падазравалі, што з розных прычынаў ім давядзецца прапусьціць галоўныя старты чатырохгодзьдзя:

Уладзімер Даўжэнка
Уладзімер Даўжэнка
«Цуду ня будзе. Гэты плян сам па сабе быў задуманы ледзь не ў канцы мінулага году, калі ўсе былі жывыя-здаровыя. Што я маю на ўвазе? Я маю на ўвазе штангіста Арамнава, нашага дзесяціборца Краўчанку, вясьлярак Бічэк-Гелах, малатабойцу Дзевятоўскага. На той час чалавек 5–6 з-за траўмаў і іншых прычынаў яшчэ ня выбылі, і плян быў настроены на аптымальны варыянт. І яго, дарэчы, калі б былі разумныя галовы, можна было б перагледзець нават на алімпійскім сходзе, калі адсылалі людзей у Лёндан. Можна і нават трэба было перадумаць тому ж нашаму галоўнаму алімпійцу, у сувязі з абставінамі намеціць нейкія іншыя пляны. Але не надумаліся нават гэта зрабіць. Я ўжо не кажу пра 25 мэдалёў. Нават 20 нерэальна. Добра будзе, калі 15 набярэцца. Ня бачна тэндэнцыі, ня бачна рэальных кандыдатаў».

Мэдалёвая «засуха» ўжо трывожыць чыноўнікаў. Намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік, які браў удзел у цырымоніі адкрыцьця Алімпійскіх гульняў і на наступны дзень наведаў распалажэньне беларускай зборнай, заявіў, што дзяржава на стадыі падрыхтоўкі да спаборніцтваў зрабіла ўсё, што магла. Цяпер усё залежыць ад саміх спартоўцаў. Пры гэтым ён выказаў меркаваньне, што, нягледзячы на няспраўджаныя чаканьні ад выступаў некаторых атлетаў, пакуль трэба пазьбягаць праяваў публічнага незадавальненьня і крытыкі. Такім чынам, паводле ягоных словаў, можна як узмацніць, так і аслабіць каманду.

У сваю чаргу, як кажа былы спартовы тэлевядучы Ўладзімер Даўжэнка, улічваючы мэдалёвыя спадзяваньні, чыноўнікам ня варта забывацца пра алімпійцаў Кітаю, якія карэктуюць пляны многіх краінаў:

«Асноўная частка нашых спартоўцаў у, так бы мовіць, мэдаляносных дысцыплінах яшчэ не выступала. Вось толькі сёньня ўступае ў барацьбу наша штангістка Новікава — першая такая забойная, заліковая мэдалістка. Але тут трэба глядзець нашмат далей — як выстрэльвае Кітай. Бо ён жа будзе адбіраць мэдалі, якія плянуюць многія дзяржавы, у тым ліку і наша. У той жа штанзе. Я баюся, што і сёньня кітаянкі могуць штосьці паказаць, адсунуўшы нашу Анастасію. Прэ Кітай, і ня толькі ў сваіх традыцыйных відах. Таму ён можа ўвогуле выйграць у камандным заліку. Амаль перакананы, што Кітай будзе забіраць нейкія мэдалі, якія плянаваліся эўрапейскімі краінамі, уключна зь Беларусьсю. Гэта таксама трэба ўлічваць і на такую акалічнасьць не забывацца».

Тым часам колькасьць часовых насельнікаў Лёндану працягвае павялічвацца. Далучаюцца спартоўцы, для якіх Алімпіяда толькі пачынаецца, пад’яжджаюць новыя заўзятары. Арганізатары хоць і робяць усё магчымае, каб прыняць гэтулькі гасьцей, але не выключаюць і транспартнага каляпсу. Як зьмянілася жыцьцё брытанскай сталіцы ў гэтыя дні — зь Лёндану журналіст Кастусь Лашкевіч:

Кастусь Лашкевіч
Кастусь Лашкевіч
«Арганізатары рыхтаваліся цягам вельмі доўгага часу. Апошнія паўгода праводзілі даволі інтэнсіўную сацыяльна-рэклямную кампанію з насельніцтвам, папярэджвалі пра тое, што праблемы будуць, што нагрузка на транспарт падвысіцца ў два разы, прасілі людзей максымальна зьменшыць карыстаньне ўласным аўтатранспартам, а таксама не выкарыстоўваць дарогі ў цэнтры і вакол аб’ектаў правядзеньня алімпійскіх гульняў. Натуральна, нагрузка падвысілася значна. Прыкладам, мэтро — асноўная транспартная артэрыя ў Лёндане. Звычайна падземка перавозіла да 2 мільёнаў чалавек штодня. Чакаецца, што ўдвая больш пасажыраў, а можа нават і болей, будзе карыстацца мэтро цягам гэтых алімпійскіх тыдняў. Таксама папярэджваюць пра значныя затрымкі ў мэтро — магчыма, давядзецца чакаць свайго цягніка да паўгадзіны ці больш. Але пакуль вялікіх праблемаў няма, у асноўным нешта толькі прагназуецца. Ёсьць пэўныя затрымкі, што ў прынцыпе ня ёсьць для Лёндану нечым незвычайным. Таму будзем чакаць».

Мэдалістамі ХХХ летніх алімпійскіх гульняў у Лёндане ўжо сталі спартоўцы 30 краінаў. Беларусь у клюб алімпійскіх прызэраў пакуль не ўступіла. Між тым беларускія ўлады па-ранейшаму чакаюць, што атлеты прывязуць ня меней за 25 узнагародаў, прычым 5 зь іх павінны быць найвышэйшай вартасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG