Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Быхаўскім раёне міліцыянты разагналі летнік сацыял-дэмакратаў


У Быхаўскім раёне на турбазе Магілёўскага мэталюргічнага заводу супрацоўнікі міліцыі пагрозамі вымусілі згарнуць летнік, які арганізавалі «Маладыя сацыял-дэмакраты» і «Маладая грамада».

Пра гэта паведаміла адна з арганізатарак Юлія Міцкевіч. Сярод удзельнікаў ёсьць і замежнікі — расейцы й француз.

Паводле спадарыні Міцкевіч, на турбазе каля пяцідзесяці чалавек меліся прабыць тыдзень. Са слоў актывісткі, усе фінансавыя пытаньні былі вырашаныя з уладальнікам турбазы загадзя. Але сёньня было заяўлена, што на турбазу прыяжджаюць спартоўцы.

«Дырэктар турбазы зранку нам сказаў, што павінны пад’ехаць міліцыянты і яны будуць нас выселяць. Прыехалі міліцыянты на дзьвюх машынах — сем ці восем супрацоўнікаў. Прыехаў намесьнік начальніка Быхаўскага аддзелу міліцыі. Праверылі ў нас пашпарты. З намі француз і расейцы — яны, як і мы, сацыял-дэмакраты. Мы спрабуем цяпер датэлефанавацца ў амбасады, каб паведаміць пра інцыдэнт. Грошы, якія мы заплацілі за турбазу, нам вярнулі. Адміністрацыя турбазы заявіла, што яны маюць права выселіць нас без тлумачэньня прычынаў», — апавяла Юлія Міцкевіч.

Летнікі маладыя сацыял-дэмакраты праводзяць штогод. Сёлета цягам тыдня актывісты зьбіраліся праводзіць у летніку адукацыйныя мерапрыемствы ды абменьвацца практычным досьведам са сваімі замежнымі калегамі. Паводле Юліі Міцкевіч, да расейцаў і француза меліся далучыцца й швэдзкія партнэры, але ім не далі беларускіх візаў.

Разгон летніка актывісты зьвязваюць з выбарамі ў Палату прадстаўнікоў. Міліцыянты нікога не затрымліваюць, але назіраюць, як маладыя людзі выяжджаюць з турбазы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG