Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ўлады нарэшце прызналі факт перасячэньня мяжы швэдзкім самалётам?


Аляксандар Лукашэнка ў чацьвер правёў «разбор палётаў» па пытаньні парушэньня беларускай мяжы швэдзкім самалётам. Чым патлумачыць зьмену пазыцыяў уладаў што да гэтага факту? Ці вялікі ўдар па іміджы рэжыму нанёс гэты скандал? Якія палітычныя наступствы ён можа мець?

Удзельнікі: палітычны аналітык Аляксандар Фядута і палітоляг Юрый Чавусаў.

Зьмена пазыцый уладаў

Валер Карбалевіч: «Спачатку ўлады, сілавыя структуры адмаўлялі факт перасячэньня мяжы швэдзкім самалётам, казалі пра фальсыфікацыі. Нарэшце ў чацьвер Лукашэнка гэта прызнаў. Чым патлумачыць такую зьмену пазыцыі?»

Аляксандр Фядута: «Ва ўладзе ідзе барацьба па пытаньні адносінаў з Эўропай паміж прыхільнікамі дзьвюх ліній. Адны займаюць радыкальную пазыцыю — маўляў, ЭЗ нам непатрэбны і давайце ўсім тут унутры краіны перакрыем кісларод. Другая група хоча бачыць Эўразьвяз у якасьці альтэрнатывы Расеі і імкнецца знайсьці з Эўропай агульную мову. І эвалюцыя афіцыйнай рэакцыі на „швэдзкі дэсант“ — вынік барацьбы гэтых дзьвюх ліній.

Цяпер відавочна, што перамаглі радыкалы. Сярод аргумэнтаў мог быць і той факт, што шуму не падымаў і літоўскі бок. Ці быў гэты палёт узгоднены зь літоўскімі ўладамі? Паколькі Літва маўчала, то і беларускаму боку прасьцей было зрабіць выгляд, што нічога не было. Але перамог радыкальны падыход».

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў
Юрый Чавусаў: «Справа ў тым, што бюракратычная мілітарыстычная сыстэма проста не заточаная на падобнага кшталту нязвыклыя выклікі. Пра тое ж сьведчыць і вядомы палёт нямецкага лётчыка Руста, які прызямліўся на Красную плошчу ў часы СССР.

Я ўпэўнены, што ў вайсковым і палітычным кіраўніцтве краіны было дакладнае разуменьне таго, што адбылося. Праблема ўзьнікла для прапагандысцкай сфэры. Не было разуменьня, як гэта выйгрышна прадставіць грамадзтву.

Магчыма, і была барацьба паміж групоўкамі, пра якую кажа сп. Фядута, але ніякіх доказаў гэтаму няма. Хутчэй, ішла барацьба паміж ведамствамі, хто атрымае шышкі і бонусы. Гэта можна выкарыстаць дзеля ўзмацненьня мілітарызму ўнутры краіны, павышэньня ўвагі да войска. І аргумэнтаваць гэта лёгка: маўляў, глядзіце, мяжу перасякаюць хто хоча.

Існуе такая думка, падобная да забабону, што вось Руст прыляцеў, і пасьля СССР разваліўся. І шмат хто казаў, што калі Лукашэнка пачне здымаць генэралаў, як зрабіў гэта Гарбачоў, то пойдзе па гэтым жа шляху.

Проста ішла выпрацоўка належнай прапагандысцкай інтэрпрэтацыі. Бо беларуская прапаганда слабая. Яна ня можа адразу тлумачыць падзеі, а заўжды патрабуе дадатковых уводных, палітычных указаньняў».

Ці вялікі ўдар па іміджы рэжыму нанёс гэты скандал?

Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
Карбалевіч: «Гэтая гісторыя нанесла шкоду іміджу рэжыму і ягонага кіраўніка. Ненадзейнай аказалася абарона краіны, а гэта любімая цацка дзяржаўнага кіраўніцтва. І афіцыйныя прапагандысты селі ў лужыну, гэта добра бачна на прыкладзе Гігіна. Як з гэтай сытуацыі будзе выблытвацца Лукашэнка, каго зробіць крайнім? Ці то кіроўныя асобы ў беларускім войску акажуцца вінаватымі, ці то ўнутраныя і вонкавыя ворагі, пра якіх ён казаў у чацьвер?»

Фядута: «Найгоршай з усіх магчымых рэакцыяў можа стаць спроба ператварыць фарс у трагедыю. Часткова гэта ўжо адбываецца, калі з-за плюшавых мядзьведзікаў пачынаюць саджаць людзей, не пускаюць да іх адвакатаў, 16-гадовую дзяўчыну дапытваюць, вінавацячы ледзь ня ў здрадзе Радзіме.

Што тычыцца кадравых адставак. Сыстэма супрацьпаветранай абароны была пачышчана пасьля арышту яе былога кіраўніка Азаронка. Каго здымаць? Міністра абароны Жадобіна? Але існуюць добрыя адносіны паміж ім і сям’ёй Лукашэнкі. Кіраўнік памежнага камітэту Рачкоўскі — асабісты сябра Віктара Лукашэнкі. Атрымліваецца, што тых, каго трэба здымаць, нельга здымаць, бо яны асабіста адданыя кіроўнай сям’і і гэта парушыць балянс у блізкім атачэньні кіраўніка дзяржавы і яго сына. Таму, я думаю, усё скончыцца тым, што здымуць 2–3 палкоўнікаў і падпалкоўнікаў».

Чавусаў: «Я б не перабольшваў нэгатыўныя наступствы для рэжыму ад гэтай падзеі. Улады знайшлі стратэгію адказу на гэты выклік, яна агучаная. Яны выкарыстаюць гэты інцыдэнт дзеля ўзмацненьня мілітарызму ў краіне, стварэньня вобразу крэпасьці ў аблозе. Пойдзе застрашваньне насельніцтва, адбудзецца не цкаваньне, а ўзмацненьне ролі вайскоўцаў, ваенна-прамысловага комплексу, сілавікоў, выбіваньне з Расеі дадатковых сродкаў на ахову мяжы. І нельга казаць, што рэжым пачувае сябе няўпэўнена, як было год таму падчас «маўклівых акцый».


Навошта Лукашэнка прызнаў?

Карбалевіч: «Чаму ўлады не працягвалі ранейшую лінію, што нічога не было? Пра інцыдэнт ведалі карыстальнікі інтэрнэту. Людзі, якія атрымліваюць інфармацыю з афіцыйных мэдыяў, нічога ня ведалі пра швэдзкі самалёт. І вось Лукашэнка прызнаў гэты факт, пра яго даведаліся ўсе. Гэта сапсавала імідж рэжыму? Навошта Лукашэнка прызнаў?»

Аляксандар Фядута
Аляксандар Фядута
Фядута: «Лукашэнка выкарыстаў гэтую паўзу на сваю карысьць. Ён сказаў у чацьвер, што вы прасілі мяне не рабіць пасьпешлівых высноваў, я не рабіў, а цяпер прыйшоў час адказваць. І такім чынам зьмікшыраваў нэгатыўныя наступствы для свайго вобразу.

Але могуць узьнікнуць праблемы ў адносінах з Расеяй. Масква прарэагавала вуснамі дзяржсакратара саюзнай дзяржавы Рапоты. Можа быць пастаўлена пытаньне: куды пайшлі грошы, якія выдзяляліся Расеяй на абарону мяжы?»

Чавусаў: «Гэта такая летняя сэнсацыя. Восеньню пра яе забудуць, яна застанецца ў гісторыі. Значэньне гэтага інцыдэнту ня будзе такім знакавым і сакральным, як палёт Руста.

Лукашэнка — закладнік тых правілаў гульні, якія ён сам для сябе абраў. З аднаго боку, ты аднаасобны дыктатар, можаш, калі хочаш, нечага не заўважыць, і ніхто ня можа прымусіць цябе даць адказ на нейкае пытаньне. Зь іншага боку, ты ў адказе за ўсё, што адбываецца.

Цяжка схаваць падзею ў эпоху інтэрнэту. Раней функцыю распаўсюду неафіцыйнай інфармацыі выконвалі чуткі. Таму Лукашэнка вырашыў, што лепш сказаць пра факт цяпер, чым тлумачыць пазьней у больш нязручнай сытуацыі. Хоць адказ непераканаўчы: маўляў, мы заўважылі самалёт, але мы яго не зьбівалі».

Фядута: «Мы пашкадавалі».

Чавусаў: «Так. І гэта магчымасьць перагарнуць гэтую старонку. Вінаватых (вайскоўцаў і ўнутраную „пятую калёну“) пакаралі. І гэтага дастаткова».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG