Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З трох скаргаў задаволілі адну


27 ліпеня Цэнтральная выбарчая камісія разгледзела тры скаргі патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, якім акруговыя камісіі адмовілі ў рэгістрацыі іх ініцыятыўных груп.

З трох скаргаў задаволілі адну: скаргу Сяргея Рабцава, які накіраваў заяву ў Полацкую акруговую камісію № 28.

У 2007 годзе Сяргею Рабцаву прысудзілі грамадзкія папраўчыя працы. Пакараньне ён адбыў, аднак акруговая камісія палічыла, што яго судзімасьць застаецца, і адмовіла ў рэгістрацыі ягонай ініцыятыўнай групы. Паколькі судзімасьць са спадара Рабцава ўжо зьнятая, Цэнтральная выбарчая камісія адмяніла рашэньне акруговай камісіі і задаволіла яго хадайніцтва.

Што тычыцца Івана Амельчанкі (аўтара вядомага пляката «Мусарок»), якому адмовілі ў рэгістрацыі ў 108-й Каліноўскай акрузе Менску, дык Цэнтральная выбарчая камісія палічыла, што адмова правільная. Акруговая камісія не зарэгістравала групу Амельчанкі на той падставе, што ён даслаў дакумэнты аб рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы поштай.

У цяперашнім заканадаўстве гаворыцца, што патэнцыйны прэтэндэнт мусіць альбо сам прынесьці дакумэнты на рэгістрацыю сваёй ініцыятыўнай групы, альбо ў выпадку, калі ён гэтага зь нейкай прычыны ня можа зрабіць, дык за яго гэта можа зрабіць іншая асоба, але па юрыдычнай даверанасьці.

Сам Іван Амельчанка зараз адбывае адміністратыўнае пакараньне на Акрэсьціна, таму перадаваў дакумэнты поштай. Як лічыць Цэнтральная выбарчая камісія, гэта не адпавядае заканадаўству.

Паскардзіўся ў ЦВК і Аляксандар Ірхо, якому адмовілі ў рэгістрацыі ў магілёўскай Кастрычніцкай акрузе. Паколькі ён прыслаў сваю скаргу са спазьненьнем (пазьней, чым праз тры дні пасьля адмовы), Цэнтральная выбарчая камісія нават ня стала разглядаць гэтую скаргу і фактычна адмовіла заяўніку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG