Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брат Каваленкі: «Сяргей падпісаў прашэньне амаль месяц таму»


Брат палітвязьня Віталь зь меншай дачкой Сяргея Каваленкі Вікай
Брат палітвязьня Віталь зь меншай дачкой Сяргея Каваленкі Вікай

Актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка напісаў прашэньне аб памілаваньні пад ціскам адміністрацыі амаль месяц таму. Калі могуць вызваліць вязьня?

Віталь Каваленка бачыўся з братам Сяргеем у Магілёўскай калёніі два дні таму. Паводле Віталя Каваленкі, Сяргей напісаў прашэньне пад ціскам адміністрацыі калёніі:

«Казаў, што на яго ціск быў з боку адміністрацыі, да таго ж у дзяцей праблемы са здароўем. І вось ён падпісаў, але не прызнаў сваёй віны, а толькі напісаў „Прашу мяне вызваліць“, і ўсё».

Віталь Каваленка кажа, што прашэньне Сяргей падпісаў яшчэ да прыняцьця закону аб амністыі, каля месяца таму. Ніякіх дзеяньняў пасьля гэтага з удзелам Сяргея Каваленкі не было: яго не выклікалі на камісіі, не давалі падпісваць іншых папер. «Калі вызваляць, ён не ўяўляе, але спадзяецца, што як мага раней», — сказаў Віталь Каваленка.

Паводле Віталя Каваленкі, больш зьвестак пра падпісаньне прашэньня, магчыма, зможа паведаміць жонка Сяргея Алена, якая заўтра, 27 ліпеня, вернецца дамоў пасьля трохдзённага спатканьня з мужам.

Каля 30 удзельнікаў Плошчы, якія атрымалі розныя тэрміны, выйшлі з калёній паводле памілаваньня ў 2011–2012 гадах. Частка памілаваных Аляксандрам Лукашэнкам асуджаных за падзеі 19 сьнежня 2010 году зусім не пісалі прашэньняў аб памілаваньні. Але большасьці такія паперы давялося падпісаць. Актывіст «Зьмены» Павал Вінаградаў — з тых, хто не саступіў і не паставіў свой подпіс. Але Павал не асуджае і тых, хто пайшоў на саступку, каб выйсьці на волю. Павал Вінаградаў мяркуе, што словы «Прашу мяне вызваліць», якія напісаў Сяргей Каваленка, будуць азначаць афіцыйнае прашэньне аб памілаваньні, але калі яму дадуць ходу, ён уявіць ня можа:

Павал Вінаградаў
Павал Вінаградаў
«Сам я ня бачыў, як выглядае такая заява, але, наколькі ведаю, ёсьць пэўны ўзор ці блянк для напісаньня такіх дакумэнтаў. Там ёсьць радок, дзе трэба напісаць пра прызнаньне сваёй віны, і раскаяньне. Усе пісалі ад сябе словы па-рознаму, але, наколькі я ведаю, ніхто не напісаў пра прызнаньне віны і раскаяньне».

Карэспандэнт: «А як хутка гэтая папера можа пайсьці ў дзеяньне?»

«Мяркую, ад тыдня да бясконцасьці. Дакладна пра працэдуру ня ведаю, але я дакладна ведаю, што адносна палітыкі ніякія юрыдычныя нормы ў нас не працуюць. Калі трэба, могуць разгледзець і за пару гадзін, а могуць і празь месяцы. Згадаем Андрэя Саньнікава, які напісаў прашэньне ў лістападзе мінулага году, а на волю выйшаў праз паўгода. Таму можна толькі здагадвацца, калі гэта прыйдзе ў галаву».

Ці ўплывае тое, памілавалі актывіста на падставе прашэньня ці безь яго, на ягоным далейшым лёсе? Былы палітвязень Уладзімер Яроменак выйшаў на волю мінулым летам, падпісаўшы прашэньне аб памілаваньні. З таго часу актывіст «Маладога фронту» больш за 5 разоў сядзеў па 15 сутак пад адміністрацыйным арыштам на Акрэсціна, быў пастаўлены на прафіляктычны нагляд і некалькі разоў затрымліваўся міліцыяй у сваёй кватэры — нібыта за лаянку ў публічным месцы.

Яшчэ ў горшым становішчы апынуўся ўдзельнік Плошчы Васіль Парфянкоў, якога памілавалі, як ён сьцьвярджае, без падпісаньня прашэньня. У 2011 годзе Васіля Парфянкова некалькі разоў затрымлівалі на акцыях салідарнасьці з палітвязьнямі, на пачатку году паставілі на прафіляктычны нагляд, а нядаўна асудзілі на 6 месяцаў арышту. Днямі суд адмовіўся задаволіць скаргу Васіля Парфянкова на гэтае рашэньне.

Сябра камісіі па памілаваньні, якая дзейнічае пры Аляксандру Лукашэнку, былы судзьдзя Мікалай Самасейка адмовіўся паведаміць, ці атрымала камісія дакумэнты на памілаваньне Сяргея Каваленкі. Не пракамэнтавалі гэтыя зьвесткі і ў Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС, дзе рыхтуюцца дакумэнты на памілаваньне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG