Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асаблівасьці алімпійскай натуралізацыі


Балгарка Баянка Костава выступае на Алімпіядзе пад сьцягам Азербайджану.
Балгарка Баянка Костава выступае на Алімпіядзе пад сьцягам Азербайджану.

...або як бразілец стаў беларусам, беларус — расейцам, а кітайцы пераўтварыліся ў казахаў. На Алімпіяду 2012 году ў Лёндане прыехала рэкордная колькасьць спартоўцаў, якія зьмянілі грамадзянства дзеля магчымасьці ўдзелу ў Гульнях.

Зрэшты, практыка натуралізацыі атлетаў ўжываецца ўжо даўно.

Лідэр у гэтай справе — краіна-гаспадыня Алімпіяды — Вялікабрытанія. Кубінка Ямілі Альдама, да прыкладу, выступае ў трайным скачку. (На Алімпійскіх гульнях 2004 Альдама, дарэчы, прадстаўляла Судан). Скакуха ў даўжыню Сара Проктар паходзіць з выспы Ангілья, раварыст Філіп Хіндэс — нямецкага паходжаньня. Ад Вялікабрытаніі заяўленыя і трое амэрыканцаў: бегуны на 400 мэтраў Майкл Бінгэм і Шана Кокс, а таксама бягуха на 100 мэтраў з бар’ерамі Тыфані Портэр.

Замежнікаў пад свае сьцягі пераманьваюць спартовыя фэдэрацыі і іншых дзяржаваў. Сярод краінаў былога СССР лідэрства трымае Азербайджан, які паслаў на Алімпіяду каля 50 спартоўцаў. Больш за палову зь іх — натуралізаваныя грамадзяне.

Незадоўга да Гульняў разгарэўся гучны скандал вакол двух баўгарскіх цяжкаатлетаў. Летась за тое, каб Баянка Костава і Валянцін Хрыстаў сталі грамадзянамі Азербайджану, Баку давялося заплаціць больш за паўмільёна даляраў. Але калі стала ясна, што Костава і Хрыстаў могуць выступіць за зборную Азербайджану і ў Лёндане, Баўгарыя запатрабавала дадатковую плату, выказаўшы ў адваротным выпадку намер заблякаваць іх удзел у Алімпіядзе. Як вынікае з Хартыі МАК, атлет, які зьмяніў грамадзянства, ня можа прадстаўляць на Алімпійскіх гульнях сваю новую краіну на працягу трох гадоў пасьля зьмены грамадзянства. Гэты пэрыяд можа быць скарочаны або адменены толькі са згоды зацікаўленых бакоў.

Толькі празь некалькі месяцаў спрэчак Баўгарыя здалася і дазволіла Коставай і Хрыставу прадстаўляць Азербайджан на Гульнях-2012.

Хоць практыка натуралізацыі дазваляе розным краінам больш пасьпяхова выступаць на міжнароднай спартовай арэне, заўзятары часта ставяцца да гэтага вельмі насьцярожана. Многія незадаволеныя тым, што такая практыка вядзе да камэрцыялізацыі спорту.

Прэзыдэнт Міжнароднага Алімпійскага Камітэту Жак Роге падкрэсьлівае, што ў некаторых спартоўцаў ёсьць аб’ектыўныя прычыны для зьмены грамадзянства, у тым ліку — сямейныя абставіны або недастатковая падтрымка з боку роднай краіны. Але ёсьць і тыя, хто проста імкнецца зарабіць на Алімпіядзе:

— Ёсьць выпадкі, калі спартоўцы, якія відавочна не адчуваюць недахопу ў якой-небудзь падтрымцы ад спартовых і дзяржаўных органаў, тым ня менш, зьмяняюць грамадзянства. Мы ня можам выступаць супраць, паколькі гэта — пытаньне асабістага выбару. Але дазвольце сказаць вам вельмі адкрыта: мне гэта не падабаецца, — заявіў Жак Роге.

У алімпійскай зборнай Казахстану таксама больш спадзяюцца на замежных атлетаў. З 2008 году пад казахстанскім сьцягам выступаюць пяць расейскіх тэнісістаў. Яшчэ дзьве спартоўкі, Ксенія Пярвак і Юлія Пуцінцава, перабраліся ў Алма-Ату ў 2011 і 2012 адпаведна.

Акрамя гэтага, на Алімпіядзе ў Лёндане Казахстан прадставяць адразу чатыры кітайскія цяжкаатлеты: Мая Манэза, Зульфія Чыньшаньло, Арлі Чонтаі і Фархад Харкі. Казаскія імёны ўсе чацьвёра ўзялі разам з атрыманьнем новага грамадзянства. Атлеты ўжо перамагалі на міжнародных спаборніцтвах, і ў Казахстане чакаюць ад іх новых перамог у Лёндане.

Крытыкі мяркуюць, што замест марнаваньня грошай на навабранцаў з-за мяжы Казахстану варта было б засяродзіцца на падрыхтоўцы ўласных маладых спартоўцаў і на будаўніцтве спартовых аб’ектаў.

Казаскі спартовы журналіст Раўан Окас адзначае: «Нават калі Чонтаі і Харкі заваююць золата, заўзятары не прызнаюць іх перамогу, таму што для нас яны — замежнікі».

Сёньня Беларусь згуляе з Новай Зэляндыяй у сваім першым матчы на Алімпіядзе. Паўабаронца барысаўскага БАТЭ бразілец (цяпер ужо беларус) Рэнан Брэсан уключаны ў склад алімпійскай зборнай. Сам Брэсан кажа, што ўжо прывык быць беларусам. Ён выступаў за беларускія клюбы з 2007 году і ў сьнежні 2010-га атрымаў грамадзянства нашай краіны. Два папярэднія сэзоны Рэнан Брэсан выступаў за барысаўскі БАТЭ, двойчы стаўшы зь ім чэмпіёнам Беларусі. Акрамя таго, два гады запар ён быў найлепшым снайпэрам вышэйшай лігі, а таксама прызнаваўся найлепшым гульцом чэмпіянату краіны. Брэсан неаднаразова заяўляў аб жаданьні гуляць за зборную Беларусі. І вось цяпер яго мара ажыцьцявілася.

Без атлетаў, якія зьмянілі грамадзянства, не абышлася і расейская алімпійская зборная. Мабыць, самай гучнай стала гісторыя з натуралізацыяй літоўкі Данаты Рымшайце, віцэ-чэмпіёнкі сьвету і Эўропы-2010 і двухразовай уладальніцы Кубка сьвету па сучасным пяцібор’і. Рымшайце прыняла рашэньне аб зьмене грамадзянства перад Алімпіядай, паколькі ёй не падабаліся ўмовы трэніровак, недастатковае фінансаваньне і няўвага да пяцібор’я ў роднай краіне.

Адным з фаварытаў у алімпійскіх спаборніцтвах па сучасным пяцібор’і называюць Аляксандра Лесуна, беларуса, які ў Лёндане выступіць за Расею. Беларускія лекары выявілі ў Лесуна сардэчную анамалію і назаўжды забаранілі яму займацца спортам. Лесуну давялося некалькі месяцаў адпрацаваць сьлесарам у аўтасэрвісе, пакуль расейскія трэнэры не запрасілі яго на абсьледаваньне. Ніводная зь пяці клінік не пацьвердзіла дыягназ беларускіх лекараў. У траўні Лясун у складзе расейскай зборнай заваяваў золата на чэмпіянаце сьвету ў Рыме.

Варта адзначыць, што некаторыя зоркі вялікага спорту адхіляюць выгадныя кантракты, якія прадугледжваюць зьмену грамадзянства. Дзюдаістка з Косава Майлінда Келмэндзі — адна зь іх. Келмэндзі, адзіная косаўская спартоўка, якая патрапіць у Лёндан, адхіліла прапанову прадстаўляць Азербайджан на Гульнях. Замест гэтага яна будзе выступаць ад Альбаніі, паколькі раней МАК адмовіў яе заяўцы на ўдзел у Алімпіядзе пад сьцягам Рэспублікі Косава.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG