Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У лягеры працоўнай прафіляктыкі нас ніхто за людзей ня лічыць»


Адпраўка ў ЛПП з Акрэсьціна.
Адпраўка ў ЛПП з Акрэсьціна.

Жыхарка Магілёва Жанна Кульманава год адбыла ў лягеры працоўнай прафіляктыкі. Як яна заяўляе, туды яе адправілі безь яе згоды.

Спадарыня Кульманава вырашыла распавесьці слухачам «Свабоды» пра ўмовы ўтрыманьня ў прафіляктычнай установе закрытага тыпу, якая знаходзіцца ў Горацкім раёне ў вёсцы Старасельлье. Яна зазначае, што ў лягеры парушаюцца правы адміністрацыйна асуджаных жанчын.

— Спадарыня Жанна, вы як вы трапілі ў лягер працоўнай прафіляктыкі?

— Як я туды трапіла, я нават не заўважыла. Ніхто мяне не папярэджваў. Пратакол адзін, пратакол другі. Я нават ня ведаю, колькі іх на судзе было. Мо й дзесяць. Я не чытала ні справу сваю, нічога. Я думала, што мы ў паліклініку едзем, а ехалі з участковым ужо ў суд. Суд дзьве сэкунды. У кабінэт зайшла й выйшла. «Год! Зразумела? Зразумела!» Участковы напісаў, што я проста рвуся туды.

— Як Вас лячылі?

— Калі я прыехала туды, мне давалі тры дні валяр’янку у пілюлях. Вось гэта было ўсё лячэньне. А далей як мне тлумачылі — працатэрапія. Самае зьняважлівае — гэта стаўленьне адміністрацыі. Нас ніхто не лічыў за людзей. Яны адчуваюць сваю беспакаранасьць. Каб вось нехта выслухаў — дык мала такіх людзей. Ну, псыхоляг. Ён выслухае — і што толку, калі ён адзін, калі больш нікому не патрэбна?

— Колькі чалавек утрымліваецца ў лягеры?

— На трыста чалавек разьлічана, а там сямсот. Адзін над адным жывуць. Сушыцца няма дзе. Грубасьць пастаянная. Злыя адзін на аднаго. Ёсьць туалеты. Гарачая вада толькі ў лазьні. Пяць душавых на сямсот чалавек. Халодная вада ўзімку і ўлетку. Ставілі на батарэю бутэлькі плястыкавыя з вадой. З працы прыходзіш — яна ўжо цёпленькая, каб памыцца.

— А мэдычнае абслугоўваньне?

— Я вось дамагалася, каб мне зрабілі здымак. У нас у сэкцыі, пакоі, вызвалілі некалькі чалавек па сухотах. Ні ў якую. «Ты праходзіла флюараграфію!» Гэта ж трэба ў горад везьці. Дык дамаглася са скандаламі. Гінэколяга — няма. Зубны лекар — толькі рваць зубы. Ня лечыць, хаця ўсё ёсьць для гэтага. Простыя лекі былі, але без гістэрыкі пілюліну не дадуць.

— Вы працавалі ў швейным цэху брыгадзірам?

— Дужа мала кваліфікаваных швачак. Усе хто адкуль. Хто будаўнік, хто даярка. Такое адчуваньне, што іх набралі, бо няма каму больш працаваць. Да таго ж яшчэ ўсе хранічныя алькаголікі. Там гэта нікога не цікавіць. Там паўсюдна на стэндах напісана, што нам павінны даваць сацыяльныя адпачынкі. Напрыклад, памёр у цябе нехта, мы ж не злачынцы — ну, суправаджэньне дайце — не, няма такога. Людзі ня скардзяцца — баяцца. У Дэпартамэнт па працы мне не давалі тэлефанаваць.
Вызваляюцца й па Горках п’яныя бадзяюцца, не даехаўшы да дому.

— А як асуджаныя рэагавалі на парушэньні сваіх правоў?

— Я казала: давайце, зьбяромся — будзем пісаць, скардзіцца. У адказ: «Ай, і што зьменіцца? Большай частцы „да лямпачкі“, як зь імі абыходзяцца. А тыя, хто больш-менш — між сабой размаўляем, але, каб нешта пачаць: „А навошта нам гэтыя праблемы?“

— Як вы лічыце, ці дапамог вам лягер працоўнай прафіляктыкі пазбавіцца ад алькагольнай залежнасьці?

— Ну, як я не хачу піць, толькі таму, што год не папіла, і ўсё? Псыхалягічна ты ж не настроілася, што ты ня будзе піць. Гэта зьнявага. Там ніхто ніякай дапамогі не дае. Вызваляюцца й там жа ў Старасельлі ідуць у краму й набіраюць віна, гарэлкі. На суткі іх забіраюць. Яны па Горках п’яныя бадзяюцца, не даехаўшы да дому. Кадзіроўка платная ў лягеры — гэта там, дзе лечаць. Бальшыня вяртаецца назад».

Цяпер Жанна Кульманава шукае ў Магілёве працу. Займаецца вырашэньнем сваіх асабістых сямейных праблемаў. Вяртацца назад у лягер жаданьня няма. Ад гэтага засьцерагае і тых, хто спадзяецца, што гэтая ўстанова дапаможа пазбавіцца ад алькагольнай залежнасьці.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG