Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня, 20 ліпеня: прысяга Лукашэнкі пад Пагоняй, дзень нараджэньня Дашкевіча і Вайцюшкевіча, пачатак Рамадану


Аляксандар Лукашэнка, прысяга на Канстытуцыі, 1994 год
Аляксандар Лукашэнка, прысяга на Канстытуцыі, 1994 год
НАДВОР'Е

Дажджы, навальніцы, парывісты вецер. Тэмпэратура плюс 16–22, на поўдні краіны да +24.

СЁНЬНЯ Ў БЕЛАРУСІ І СЬВЕЦЕ

У мусульманскім сьвеце – пачатак Рамадану.

Грузінскі міністар замежных спраў Грыгол Вашадзе наведае Японію.

У Расеі суд вернецца да разгляду справы жаночага панк-гурту Pussy Riot.

У Менску працягнуць разглядаць скаргі невыязных праваабаронцаў Алега Гулака, Валянціна Стэфановіча і Андрэя Бандарэнкі.

Кампанія «Гавары праўду» прадставіць сьпіс патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, якіх яна падтрымае.

ТАКСАМА Ў ГЭТЫ ДЗЕНЬ

1797 – упершыню выкананая песьня «Jeszcze Polska nie zginęła», гімн Польшчы. Словы напісаў паплечнік Тадэвуша Касьцюшкі Юзаф Выбіцкі на мэлёдыю, пазычаную ў народнага «Марша Дамброўскага».

1903 – кампанія Форд выпусьціла свой першы аўтамабіль.

1941 – закончылася абарона Берасьцейскай крэпасьці.

1944 – адбыўся няўдалы замах на жыцьцё Адольфа Гітлера падчас сустрэчы фюрэра з вайскоўцамі ў бункеры ў Растэнбургу (Усходняя Прусія). У выніку выбуху бомбы загінулі 24 чалавекі, але самому Гітлеру нічога ня сталася. Пасьля афіцыйнага паведамленьня аб раскрыцьці змовы Гітлер распарадзіўся пакараць сьмерцю каля 200 чалавек.

1969 – амэрыканскія астранаўты высадзіліся на Месяц.

1992 – Вацлаў Гавэл падаў у адстаўку з пасады прэзыдэнта Чэхаславаччыны.

1994 – Аляксандар Лукашэнка пад бел-чырвона-белым сьцягам і на трыбуне з Пагоняй прынёс прысягу ў якасьці першага прэзыдэнта незалежнай Беларусі.

2011 – у Менску і іншых гарадах Беларусі прайшла дзявятая па ліку акцыя, якія ўмоўна называліся маўклівымі. Яе ўдзельнікі скандавалі «Пераменаў!» Затрыманых кідалі ў аўтобусы без нумарных знакаў.

У гэты дзень нарадзіліся:

1924 – беларускі мовазнаўца Ўладзімер Анічэнка, аўтар слоўніка мовы Францішка Скарыны.

1932 – беларускі архітэктар Іван Боўт, сярод яго праектаў – будынкі большасьці сталічных заводаў: гадзіньнікавага, радыё, электратэхнічнага ці халадзільнікаў.

1971 – Зьміцер Вайцюшкевіч, беларускі сьпявак і музыкант.

1981 – лідэр Маладога Фронту, палітвязень Зьміцер Дашкевіч, які знаходзіцца цяпер у зьняволеньні ў Глыбоцкай калёніі нумар 13. Ня выключана, што свой дзень нараджэньня Дашкевіч сустрэне ў карцары. Яго затрымалі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў і па абвінавачваньні ў хуліганстве асудзілі на два гады.

У гэты дзень памёр:

1926 – пасьля рэзка крытычнага выступу на пленуме ЦК па пытаньнях эканомікі ў выніку сардэчнага прыступу памёр Фэлікс Дзяржынскі, камуністычны дзяяч, кіраўнік ВЧК і ГПУ – карных органаў камуністычнага рэжыму (нар. 1877).

ЁСЬЦЬ НАГОДА

Міжнародны дзень шахмат. Адзначаецца ў дзень заснаваньня Міжнароднай шахматнай фэдэрацыі, ФІДЭ у 1924 годзе.

МУНУС 365

Маўклівая акцыя 20 ліпеня, онлайн

Лябедзька пацьвердзіў ваеннай пракуратуры факты катаваньняў у КДБ

Пасол Літвы: замест Астравецкай АЭС яшчэ можна пабудаваць гіпэрмаркет

ЦЫТАТА НА ПАМЯЦЬ

Клянуся служыць народу Рэспублікі Беларусь, выконваць Канстытуцыю і законы Рэспублікі Беларусь, добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі.
Тэкст прысягі беларускага прэзыдэнта.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG