Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У райцэнтры Чэрыкаў, што на Магілёўшчыне, зьнесьлі стары будынак, узьведзены пры канцы васямнаццатага стагодзьдзя.

Гэта быў найдаўнейшы будынак райцэнтру. Разбурылі яго хутка й без грамадзкага абмеркаваньня, наракаюць краязнаўцы. Улада адказвае — дом быў аварыйны.

Пра тое, што стары будынак зьнесьлі, «Свабодзе» паведаміў жыхар райцэнтру Сямён Панізоўцаў. Ён фатограф і краязнаўца. Паводле яго, тры гады будынак пуставаў. Калі краязнаўца даведаўся, што дому пагражае небясьпека, то паспрабаваў яго выратаваць, але не пасьпеў.

«Відаць, былі патрэбныя грошы на яго ўтрыманьне, а тут, як кажуць, каб праблемаў не было — зьнесьці, і ўсё. Я адно ведаю, што дом гэты быў яшчэ моцны. І вытрымаў бы яшчэ сотні гадоў. У ім сьцены мэтровыя. Там толькі столь была пашкоджаная. Не даглядалі — вада працякала з даху. Мы рыхтаваліся зьбіраць подпісы за захаваньне гэтага дома, але пакуль апамяталіся, яго ўжо пачалі бурыць».

Цяпер на месцы старой камяніцы пустка. Плянуецца, што тут зробяць газон з кветнікам.
Цяпер замест будынка пустка. Фота з Чэрыкава Сямёна Панізоўцава.
Цяпер замест будынка пустка. Фота з Чэрыкава Сямёна Панізоўцава.

Апошняй установай, якая месьцілася ў зьнесеным будынку, быў раённы суд. У савецкія часы тут кватараваў райвыканкам. Яшчэ адзін чэрыкаўскі руплівец захаваньня гістарычнай спадчыны, спадар Васіль, зазначае:

«Людзі паставіліся да зносу вельмі нэгатыўна. Абураліся. Найперш таму, што гэта нерацыянальна. Там жа толькі перакрыцьці даху падгнілі. Іх жа можна было замяніць. Гэта ж не фінансаваёмістая, не працаёмістая справа. Гэта ж самы стары будынак у Чэрыкаве. Зроблены з добрага будаўнічага матэрыялу — з цэглы-жалезьняку. Гэты будынак, на жаль, ня быў унесены ў сьпіс помнікаў гісторыі і культуры, якія ахоўваюцца».

У Чэрыкаўскім райвыканкаме заяўляюць, што зьнесьлі будынак законна — у адпаведнасьці з устаноўленымі працэдурамі:

«Ён не зьяўляўся гісторыка-культурнай каштоўнасьцю. Ёсьць заключэньне спэцыялізаванай арганізацыі пра тое, што гэты будынак аварыйны й пад рэканструкцыю не падпадае. Там драўляныя перакрыцьці. Таму быў ліквідаваны ў вызначаным парадку. Нас правяраў дзяржкантроль. Усё законна. Ёсьць заключэньне спэцыялізаванай арганізацыі».

Як заяўляюць краязнаўцы, зьнесены дом узьвялі ў 1789 годзе паводле праекту архітэктара Вісарыёна Паўлава. Будынак быў часткай унікальнага ляндшафту, у якім захавалася старадаўняя пляніроўка вуліц мястэчка. Разбурыўшы дом, улады парушылі гэтую ўнікальнасьць, цьвердзяць местачкоўцы.
Так выглядаў зьнесены будынак.
Так выглядаў зьнесены будынак.

Пра тое, што дома на вуліцы Савецкай, 7 больш няма, ведае мастак Аляксей Марачкін. Ён нарадзіўся ў Чэрыкаўскім раёне, а ягоны брат жыве дагэтуль у райцэнтры. Брат і расказаў спадару Марачкіну пра лёс старога будынка:

«Я ведаю гэтыя старыя будынкі. Яны непадалёк ад старажытнага чэрыкаўскага рынку. Гэта кашчунства. Старыя будынкі трэба захоўваць, тым болей у такіх невялікіх гарадках, якія не багатыя на архітэктурныя помнікі. Гэта барбарства. Гэта ўсё на сумленьні раённага начальства. І ніякія рэфэрэндумы ці грамадзкія абмеркаваньні яны праводзіць ня будуць».

У Чэрыкаве са старых будынкаў яшчэ застаўся былы касьцёл, у якім цяпер Дом культуры. Праз сквэр ад зьнесенага будынка ацалеў ягоны блізьнюк. Там раённы аддзел культуры. Па райцэнтры раскідана яшчэ некалькі старых камяніцаў.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG