Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграмы Радыё Свабода ў прыладах Apple


Яшчэ некалькі гадоў таму карыстальнікаў iPhone ці iPad у Беларусі можна было пералічыць на пальцах. Прадукцыя вядомай амэрыканcкай карпарацыі Apple была па кішэні ня кожнаму беларусу. Але часы, калі прадукцыя Apple лічылася ў Беларусі тэхнікай для спэцыялістаў вузкага кола прафэсій, прайшлі. Колькасьць уладальнікаў стылёвых прылад гэтай кампаніі за апошнія гады значна вырасла.

Пасьля таго як у 1997 годзе ў кампанію вярнуўся Стыў Джобс, у разьвіцьці Apple пачаўся новы этап. У 2001 годзе кампанія прэзэнтавала аўдыёплэер iPod, які хутка стаў вельмі папулярным, а ў 2007 годзе выйшла на рынак мабільнай тэлефаніі з сэнсарным смартфонам iPhone. У 2010 годзе быў выпушчаны пляншэтны кампутар iPad.

Першы спэцыялізаваны цэнтар Apple зьявіўся ў Беларусі толькі напрыканцы 2009-га. На сёньняшні дзень у Беларусі прадукцыю гэтай кампаніі можна набыць у вялікай колькасьці інтэрнэт-крамаў. На самыя апошнія мадэлі ноўтбукаў разьбежка коштаў у розных крамах сягае да 1000 даляраў. На разнастайных форумах прапануюць набыць б/у тэхніку, а таксама прывезьці нашмат таньней з Эўразьвязу і Амэрыкі.

Мэнэджэр адной з кампутарных інтэрнэт-крам, якая спэцыялізуецца на прадукцыі Apple, распавёў Радыё Свабода, што за апошнія некалькі гадоў попыт на прадукцыю гэтай кампаніі ўзрос, а розьніца з амэрыканскімі коштамі ў іх складае толькі дадатковыя 20% ПДВ. У агульным аб’ёме продажу пэрсанальных кампутараў і ноўтбукаў у Беларусі доля Apple — ужо каля 15–20%.

Прадстаўнік кампаніі ASBIS, афіцыйнага дыстрыб’ютара прадукцыі Apple у Беларусі, распавёў Радыё Свабода, што на сёньняшні дзень у краіне ўжо працуе больш за 10 сэртыфікаваных крамаў, якія маюць статус Apple Authorised Reseller (AAR) — гэта дзелавы партнэр, які адпавядае стандартам і крытэрам кампаніі Apple. Ня так даўно зьявіліся афіцыйныя прадстаўніцтвы ў Віцебску, Магілёве, Гомелі і Берасьці.

У прадстаўніцтве Apple таксама зазначылі, што ёсьць на беларускім рынку і шмат таньнейшай «шэрай» прадукцыі, якая прывезеная зь іншых краінаў. Але, набываючы такую прадукцыю, пакупнік не гарантуе сабе абарону ад падробкі. Часам няма функцыі лякалізацыі прылады, або ёсьць толькі ангельская раскладка, або парты несумяшчальныя. Пакупнік ня можа атрымаць кансультацыю, сэрвіснае і гарантыйнае абслугоўваньне. Гэта і робіць такі тавар таньнейшым за цалкам легальны, які прадаецца ў афіцыйных сэртыфікаваных крамах.

Для ўладальнікаў і аматараў прадукцыі Apple Беларуская служба Радыё Свабода прэзэнтавала новую старонку cвайго аўдыёпадкасту на iTunes. ITunes — мэдыяплэер для прайграваньня і сыстэматызацыі аўдыё- і відэафайлаў, распрацаваны кампаніяй Apple.

Праз гэтую праграму можна падпісацца на сьвежыя перадачы Радыё Свабода, а таксама слухаць радыё ў рэжыме онлайн. Гэта першы беларускамоўны падкаст на iTunes.

ITunes сумяшчальны з усімі мадэлямі IPod, iPhone, IPad і Apple TV.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG