Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфэрэндум у Літве наконт АЭС


У Літве пройдзе рэфэрэндум па пытаньні будаўніцтва Вісагінскай АЭС. Адпаведнае рашэньне прыняў сёньня літоўскі парлямэнт, паведамляе партал delfi.lt.

За правядзеньне кансультацыйнага рэфэрэндуму прагаласавалі 62 дэпутаты, супраць — 39, 18 — устрымаліся.

Сябра фракцыі «Парадак і справядлівасьць» Эгідзіюс Клумбіс адзначыў, што рэфэрэндум будзе мець кансультацыйны характар — палітыкі змогуць ўлічыць яго вынікі, аднак не абавязкова будуць прытрымлівацца выказанай насельніцтвам пазыцыі.

Кіраўнік фракцыі кансэрватараў Ёнас Шыменас выказаўся за рэфэрэндум і супраць атамнай энэргетыкі, а прадстаўнікі «Парадку і справядлівасьці» Юлюс Весялка і Саюза Айчыны — Хрысціянскіх дэмакратаў Літвы (СА-ХДЛ) Кястуціс Масюліс выказалі меркаваньне, што вырашаць такія пытаньні павінны палітыкі.

Шэраг дэпутатаў прапаноўвалі правесьці рэфэрэндум пасьля таго, як завершацца перамовы са стратэгічным інвэстарам, да прыкладу ў 2014-2015 гадах. Аднак гэта прапанова не была ўхваленая.

Плянуецца, што рэфэрэндум пройдзе гэтай восеньню разам з парлямэнцкімі выбарамі.

Міністар энэргетыкі Літвы Арвідас Сякмокас і гендырэктар Вісагінскай АЭС Рымантас Вайткус мяркуюць, што рашэньне аб правядзеньні рэфэрэндуму не адаб’ецца на перамовах з рэгіянальнымі партнэрамі і стратэгічным інвэстарам — японскай кампаніяй Hitachi.

«Перамовы з рэгіянальнымі партнэрамі адбываюцца паралельна з палітычнымі праектамі. Рашэньне парлямэнту створыць ўмовы і пэўныя абавязаньні пры дапамозе ўсіх магчымых каналаў даваць грамадзтву як мага больш інфармацыі аб вартасьцях праекту Вісагінскай АЭС і карысьці, якую ён дасьць Літве», — цытуе агенцтва BNS прэсавую службу міністра энэргетыкі.

Літва плянуе будаваць новую АЭС сумесна з Латвіяй і Эстоніяй у Вісагінасе, побач з Ігналінскай АЭС, спыненай 31 сьнежня 2009 году ў адпаведнасьці з абавязаньнямі Літвы перад Эўразьвязам. Будаўніцтва Вісагінскай АЭС зьяўляецца першым рэгіянальным праектам у галіне атамнай энэргетыкі ў краінах Балтыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG