Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як сустрэлі Ярмошыну ў Вене

абноўлена

Грамадзянскія актывісты, у тым ліку і зь Беларусі, праводзяць акцыі пратэсту перад будынкам АБСЭ ў Вене супраць візыту кіраўніка ЦВК Беларусі Лідзіі Ярмошынай.

Па словах арганізатараў, пікеты праводзяцца з мэтай прыцягнуць увагу да праблемы фальсыфікацыі выбараў у Беларусі, дзе з 1996 году, калі Ярмошына ўзначаліла ЦВК, ніводная выбарчая кампаніі не была прызнаная справядлівай.

Ініцыятарка пікету мастачка Марына Напрушкіна кажа, што будуць распаўсюджваць улёткі з выявамі Ярмошынай і інфармацыяй пра сытуацыю ў Беларусі. Стала ў пікеце ўдзельнічаюць тры чалавекі.

Марына Напрушкіна, вядомая коміксам «Пераканаўчая перамога», апавядае: «Гэта пікет і выстава. Ёсьць плякаты, якія паказваюць, што адбывалася ў Беларусі падчас апошніх выбараў. Ёсьць таксама выявы Ярмошынай зь вядомымі выказваньнямі. Мы задаем пытаньне: чаму Ярмошына, на якую распаўсюджваюцца санкцыі, запрошаная ў Вену і трапіла сюды? Мы размаўляем з простымі людзьмі, а таксама з аўстрыйскімі журналістамі. Учора раздавалі ўлёткі насупраць уваходу ў будынак, дзе адбывалася паседжаньне. Сама Ярмошына атрымала ўлётку з нашых рук.

На ўлётцы тэкст пра сытуацыю ў Беларусі, пра будучыя парлямэнцкія выбары. А таксама пра тое, што Лідзія Ярмошына ўжо з 1996 году працуе ў ЦВК, што яна некампэтэнтная на гэтай пасадзе. І ёсьць зварот да эўрапейскіх палітыкаў пра тое, што яна ўжо паказала сваю няздольнасьць праводзіць сумленныя выбары і таму дыялёг зь ёю ня мае сэнсу.

Калі мы перадалі ёй улётку, яна спачатку не хацела браць яе. Калі мы сказалі, што гэта будзе ёй цікава, бо гэтая ўлётка пра яе, то яна ўзяла, паглядзела і сказала: „Так выглядае слава!“ Калі паседжаньне ўжо скончылася, яна выйшла з будынка, паглядзела на плякат і сказала, што яна сябе пазнае і што яна рада, што мы распаўсюджваем пра яе інфармацыю».


Вена. «Ярмошына прайшла з высока паднятай галавой»
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG