Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск перад «Славянскім базарам»


Афіцыйнае адкрыцьцё «Славянскага базару ў Віцебску» — увечары 12-га ліпеня. Але канцэрты зорак расейскай эстрады ды іншыя імпрэзы ідуць у горадзе ўжо трэці дзень.

Усё ў фэстывальным Віцебску падпарадкавана жаданьню заробіць грошы: прадпрыемствы выставілі шапікі са сваёй прадукцыяй уздоўж цэнтральных вуліц, харчовыя ўстановы разгарнулі на кожным кроку вулічныя кавярні, а ў парку Пераможцаў, што каля плошчы Перамогі, уладкаваліся народныя майстры са сваімі вырабамі.
«Горад майстроў»
«Горад майстроў»
Сёлета кірмаш рамёстваў праводзіцца ў гэтым месцы ўпершыню, бо парк толькі нядаўна адчыніўся пасьля рэканструкцыі ўзьбярэжжа Дзьвіны. Пра тое, ці зручна тут майстрам, ніхто не падумаў: ім загадана сядзець на самым санцапёку. Тэмпэратура — каля 28 градусаў, і адна надзея, што побач дзяжурыць машына хуткай дапамогі, кажуць дзяўчаты з вышыванкамі:

«Дзяжурыць там, людзі казалі. Адным словам, выжывуць ня ўсе! Лічаць, што мы простыя сьмяротныя, дык нам і так добра! Дзе ж мы яшчэ так пагрэемся, як не на „Славянцы“? Я ўжо думаю: лепш бы дождж ліў, чымсьці сонца пякло!»
Майстрыхі распавялі, што ў іх месцы дармовыя, бо іхны дом рамёстваў за іх не плаціў. А за грошы можна ўладкавацца на другім беразе Дзьвіны, дзе адчынены «Задзьвінскі кірмаш». Там пад дрэвамі ня так горача. Але ў народных майстроў грошай няма, а ў гандляроў біжутэрыяй, кветкамі, рознымі хатнімі прыладамі ды іншым «шырспажывам» — ёсьць, таму яны гандлююць у цяньку.
Платны «Задзьвінскі кірмаш»
Платны «Задзьвінскі кірмаш»
У гандлёвых радах давялося сустрэць вядомага віцебскага паэта Давіда Сімановіча. Ён арганізатар шэрагу традыцыйных мастацкіх імпрэзаў у горадзе, таму было цікава паслухаць яго меркаваньне пра «Славянскі базар у Віцебску».
«Я проста зайшоў паглядзець, як тут сёлета ўсё ўладкавана... А што „Славянскі базар?“ Няма таго, каб спытацца пра Шагалаўскія дні, яшчэ нешта... А ў „Славянскім базары“ я ніколі ня ўдзельнічаю, і да мяне ён дачыненьня ня мае!»
Давід Сімановіч
Давід Сімановіч
У новым парку Пераможцаў адчынена мноства кавярняў. Каляровыя намёты ўсталявалі прадпрыемствы харчаваньня з усіх рэгіёнаў вобласьці, і яны займаюць нашмат большую плошчу, чымсьці Дамы рамёстваў. Ядальні працуюць круглыя суткі. Ад самага раньня наведнікам прапануюць сьпіртовыя напоі.
Піва аб 11-й раніцы на 28-градуснай гарачыні
Піва аб 11-й раніцы на 28-градуснай гарачыні
Побач — дзіцячыя атракцыёны і выстава вайсковай тэхнікі, якую таксама «акупавалі» прыватныя гандляры.
Баявы верталёт
Баявы верталёт
Спадарыня Вера прыйшла ў парк з двума дзецьмі, але забаўляльнай прагулкі не атрымалася — занадта тлумна. І ўвесь гэты тлум зь цяжкасьцю трываюць жыхары Віцебску:

«Мне ўсё не падабаецца, усё надакучыла... Я схадзіла б на канцэрт Пенкіна, але, выбачайце, 800 тысяч квіткі! Я лічу, гэта дужа дорага. І ўсіх гэта напружвае: з дому выходзіш — „пакажыце сумку“, дахаты ідзеш — „пакажыце сумку“. Ні малака прынесьці дадому, нічога!»

Жорсткія захады бясьпекі — мэталашукальнікі і міліцэйскія патрулі — відаць сёлета пераважна ў раёне Летняга амфітэатру. А на іншых фэстывальных пляцоўках ахова правапарадку асабліва не шчыруе, заўважае яшчэ адзін жыхар Віцебску:

«Там, дзе разгарнуўся гандаль падзелкамі, я быў уражаны поўнай адсутнасьцю кантролю за тым, што людзі могуць пранесьці на тэрыторыю, запоўненую тысячамі людзей! І гэта ў Віцебску, дзе, як нам казалі па тэлебачаньні, зарадзіўся выбух у менскім мэтро! А тым часам зусім недалёка, па верагодным маршруце прэзыдэнта, людзі шчоткамі церлі і мылі асфальт!»
У гэтым доме жывуць «аматары» начных канцэртаў
У гэтым доме жывуць «аматары» начных канцэртаў
Сёлета ў Віцебску разгорнецца яшчэ адна фэстывальная пляцоўка — на плошчы Перамогі. Там ужо пабудавалі сцэну — проста пад жылым дзевяціпавярховікам, жыхары якога будуць вымушаныя слухаць гучную музыку да самай глыбокай ночы. Таму многія ў літаральным сэнсе ўцякаюць з гораду, здаючы сваё жытло на час фэстывалю.




Віцебскі цэнтар моды зладзіў спаборніцтвы па бегу на абцасах. Прычым, абцасы мусілі быць не карацейшымі за 7 сантымэтраў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG