Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лазавік пра заявы апазыцыі наконт выбараў: «Гэта ўсё ад лукавага»


Цэнтравыбаркам паведаміў пра стварэньне ўсіх 110 акруговых выбарчых камісіяў. У іх склад увайшлі 1430 чалавек. Уключана толькі 25% ад вылучаных прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў.

Таксама сакратар ЦВК Мікалай Лазавік заяўляе, што агульная колькасьць прадстаўнікоў палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў у камісіях вырасла параўнальна з парлямэнцкімі выбарамі 2008 году. Як жа насамрэч памянялася сытуацыя?

Паводле сакратара ЦВК Мікалая Лазавіка, параўнальна з выбарамі 2008 году вылучэньне ў акруговыя камісіі прайшло «крыху актыўней», большую актыўнасьць праявілі палітычныя партыі і грамадзкія аб’яднаньні. Ад іх у склад камісіяў уключана 61,2%. Маўляў, на мінулых выбарах гэтая лічба складала ўсяго 35,5%. Паводле Лазавіка, рост абумоўлены спрашчэньнем працэдуры, бо няма неабходнасьці мець у акрузе ніжэйстаячую партыйную арганізацыйную структуру. Раней гэта было «стрымліваючым фактарам». Прадстаўніцтва ад працоўных калектываў і ад грамадзянаў у акруговых выбаркамах адпаведна зьменшылася, а выканкамы і саветы дэпутатаў, якія фармуюць камісіі, наагул ня маюць сваіх прадстаўнікоў у акруговых камісіях. Але ці істотна памянялася прадстаўніцтва апазыцыі? Мікалай Лазавік і тут адзначае прагрэс:

«Іх удзел падчас гэтай выбарчай кампаніі крыху вышэйшы, чым падчас мінулай выбарчай кампаніі. Калі падчас мінулых выбараў 2008 году ў склад камісіяў было ўключана 23,7% ад агульнай колькасьці вылучаных апазыцыйнымі палітычнымі партыямі, то падчас гэтых выбараў — ужо 25% ад вылучаных, чвэрць увайшла. А калі ад агульнай колькасьці сяброў акруговых камісіяў на выбарах 2008 году апазыцыйных прадстаўнікоў было 1,96%, то цяпер — 3,43%, то бок амаль у два разы больш».

Лазавік незадаволены камэнтарамі некаторых апазыцыйных палітыкаў, якія кажуць у мэдыях, што нічога не зьмянілася, ніякіх паляпшэньняў няма, ніякай лібэралізацыі і дэмакратызацыі.
Адзін волас на галаве — гэта мала, а ў талерцы супу адзін волас — гэта ўжо многа, і нават занадта.

«Гэта, вядома, усё ад лукавага. Яны круцяць тую ж кружэлку, якую круцілі і падчас мінулых выбараў. На тое яны і апазыцыянэры, каб крытыкаваць. Як бы мы добра ні рабілі, усё роўна яны будуць казаць дрэнна. Але часам станоўчыя зрухі яны спрабуюць трактаваць як адмоўныя. Шэраг нават апазыцыйных палітыкаў кажуць, што фармаваньне акруговых камісіяў прайшло больш дэмакратычна і што больш прадстаўнікоў апазыцыйных партыяў увайшло ў камісіі параўнальна зь мінулымі выбарамі. Але ўсё роўна кажуць, што мала. А вось што такое многа, што такое мала? Дзе крытэр, як узважыць? Адзін волас на галаве — гэта мала, а ў талерцы супу адзін волас — гэта ўжо многа, і нават занадта».

Аднак выніковыя лічбы сьведчаць, што пераважную бальшыню месцаў атрымалі, як і раней, праўладныя структуры — Кампартыя Беларусі, ФПБ, БРСМ і «Белая Русь». Так, калі «Белая Русь» мае 106 сяброў камісій, то партыя «Справядлівы сьвет» — толькі 27, а Партыя БНФ — 12. Мікалай Лазавік патлумачыў гэта колькасьцю сяброў гэтых арганізацыяў, заяўленай у Міністэрстве юстыцыі. Таму, маўляў, і выходзіць, што ад праўладных арганізацыяў адзін сябра ў камісіі прадстаўляе 13 з паловай тысяч сяброў арганізацыі, а ад апазыцыйных — адзін прадстаўнік ад 148 сяброў.

Лазавік таксама адзначыў, што вылучэньне сяброў у камісіі не абышлося без памылак. Да прыкладу, у Віцебску АГП прадставіла дакумэнты са спазьненьнем, а ў адным з пратаколаў Партыі БНФ па Менску не пазначана прозьвішча і імя прэтэндэнта. Камэнтуючы гэта, Лазавік узгадаў і сьпісы неўязных на тэрыторыю Эўразьвязу:

«Прачытаўшы такую інфармацыю і асабліва разгледзеўшы заяву спадара Вуса аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, дзе трэба было прадставіць сьпіс са ста чалавек і там аказалася да паўсотні памылак, дзе імёны розныя і пашпартныя дадзеныя са столі ўзятыя, я нарэшце знайшоў карані эўрадэбілізму. Яны ж адсюль і выцякаюць, гэтыя памылкі. На падставе чаго эўрачыноўнікі прымалі гэтыя рашэньні, што і мёртвыя ўвайшлі ў гэтыя сьпісы, і прозьвішчы скажоныя? Гэта нашы прафэсійныя рэвалюцыянэры склалі такія сьпісы. Як нам прадстаўляюць, такія і ў Эўразьвяз даюць».

Паводле Лазавіка, у камісіі адабралі тых, хто «ведае і паважае законы і карыстаецца аўтарытэтам у выбарцаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG