Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апазыцыя ў акруговых камісіях будзе ў абсалютнай меншасьці


Паводле папярэдніх падлікаў кампаніі "За справядлівыя выбары", мясцовыя ўлады ўключылі ў акруговыя выбарчыя камісіі каля 20 працэнтаў ад вылучаных у іх актывістаў апазыцыйных партыяў і рухаў – 57 з 256. Такім чынам, апазыцыя будзе прадстаўленая толькі ў палове акруговых выбарчых камісіяў.

Фармаваньне акруговых выбарчых камісіяў, якія будуць рэгістраваць кандыдатаў у дэпутаты, – першы тэст на раўнапраўны характар выбарчай кампаніі, зазначыў каардынатар кампаніі "За справядлівыя выбары" Віктар Карняенка. І, паводле ягоных словаў, ацэнка вынікаў гэтага тэсту – нэгатыўная:

"Мне падавалася, што ўлады ўключаць усіх прадстаўнікоў апазыцыі, тым больш што іх было няшмат. У нейкай ступені гэта залежыць ад самадурства мясцовых уладаў, якія, напэўна, арыентаваныя на вырашэньне канчатковай задачы – забясьпечыць вынік, а пра мэтады там асабліва ня дбаюць, каб яны былі крыху больш дэмакратычныя. Пакуль што нашыя высновы такія, што ўлада не трымае экзамэн на дэмакратычнасьць гэтых выбараў".

Пры фармаваньні выбарчых камісіяў апазыцыйныя партыі дыскрымінаваліся – перакананы лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Ягоная партыя вылучыла 50 кандыдатаў у акруговыя камісіі – уключылі толькі 6 чалавек па ўсёй Беларусі.

"Гэта самы нізкі адсотак нават сярод апазыцыйных партыяў. Мы адчуваем, што гэта дыскрымінацыя. І гэта рэакцыя ўлады на кампанію "За сумленныя выбары без Лукашэнкі", якую праводзіць АГП. Гэта абсалютна ня ўкладваецца ва ўяўленьні ўлады, як праводзіць выбары. І таму мы прагназуем, што праблемы ў нас будуць толькі нарастаць".

Пра дыскрымінацыю заявіла таксама Партыя БНФ. Яна вылучала ў акруговыя камісіі 57 чалавек, зь якіх улады ўключылі толькі 12. Лідэр партыі Аляксей Янукевіч заявіў "Свабодзе", што гэтыя рашэньні прэзыдыюмаў абласных саветаў і выканкамаў будуць абскарджаныя ў судах:

"Мы абсалютна не маглі зразумець, на якой падставе было адмоўлена. Апроч, можа, Магілёва, дзе было заяўлена, што наш вылучэнец Салаўёў не займаецца грамадзкай дзейнасьцю, таму яны ня лічаць мэтазгодным яго ўключаць, што мы ня лічым належнай прычынай. А паўсюль нават не было тлумачэньняў, чаму адмоўлена адпаведным людзям. Таму мы лічым, што правы нашых вылучэнцаў і нас як палітычнага суб'екта былі парушаныя, і будзем гэта абскарджваць".

Аляксей Янукевіч кажа, што ня лічыць вынікі фармаваньня акруговых камісіяў першым правалам БНФ у гэтай кампаніі, бо партыя і ня мела завышаных чаканьняў.

Першыя, арганізацыйныя паседжаньні 110 новаўтвораных акруговых камісіяў прызначаныя на гэтыя аўторак і сераду. У адну з выбарчых камісіяў па Менску ўвайшоў былы вязень Плошчы, актывіст партыі "Справядлівы сьвет" Сяргей Вазьняк. Ён мае досьвед працы ў менскай гарадзкой камісіі на мясцовых выбарах 2010 году:

"Я быў у меншасьці, я быў адзіным, хто падпісаў выніковы пратакол аб выбарах з асобнай думкай. Ня думаю, што сытуацыя зараз радыкальна зьменіцца. І ў меншасьці можна нешта рабіць для таго, каб выбары праходзілі ў адпаведнасьці з заканадаўствам".

Ад партыі "Справядлівы сьвет" у выбарчыя камісіі трапіла найбольш актывістаў у параўнаньні зь іншымі апазыцыйнымі партыямі – 27 сябраў з 89, якіх папярэдне вылучаў "Справядлівы сьвет".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG