Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акруговыя камісіі: усё тыя ж твары


9 ліпеня ва ўсіх рэгіёнах да канца дня павінны былі быць сфармаваныя усе 110 акруговых выбарчых камісіяў.

Паводле папярэдніх зьвестак, выканаўчая ўлада пры фармаваньні складу выбаркамаў кіруецца тымі ж прынцыпамі, што і падчас папярэдніх выбарчых кампаніяў: большасьць месцаў атрымліваюць вылучэнцы праўладных арганізацыяў. Апазыцыянэраў — у лепшым выпадку па некалькі чалавек у камісіі.

Як адбывалася фармаваньне акруговых выбаркамаў? Вось што, да прыкладу, удакладняе ў гутарцы з нашым рэгіянальным карэспандэнтам юрыст, сябра Аб’яднанай дэмакратычнай партыі на Гомельшчыне Леанід Судаленка.

«На Гомельшчыне яшчэ раней мясцовая ўлада стварыла працоўную групу, якая разглядала адукацыйны й якасны ўзровень усіх прэтэндэнтаў. А сёньня літаральна за 13 хвілін на сумесным паседжаньні прэзыдыюму абласнога савету дэпутатаў й прадстаўнікоў аблвыканкаму зацьвердзілі загадзя падрыхтаваны сьпіс.

Як высьвятляецца, загадзя былі пададзены 334 заяўкі, або прыкладна па два чалавекі на адно месца.

Партыі й грамадзкія аб’яднаньні вылучылі 119 сваіх прадстаўнікоў. У выніку ў склад камісіяў былі ўключаныя: 21 вылучэнец ад палітычных партыяў і 98 — ад грамадзкіх аб’яднаньняў. Ад „правільных камуністаў“ (ПКБ) уключана 10 прадстаўнікоў у цэлым па рэгіёне; Партыя працы й справядлівасьці — 6 чалавек; партыя „Справядлівы сьвет“ — 2 чалавекі; Партыя БСДГ — 1 чалавек; і ад Партыі БНФ — 1 чалавек. Сярод грамадзкіх аб’яднаньняў колькасна пераважаюць „Белая Русь“ і афіцыйныя прафсаюзы».

Карэспандэнт: «А вас ня дзівіць, што ў складзе акруговых выбарчых камісіяў няма ніводнага вылучэнца ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі?»

«Ад АГП на Гомельшчыне было пададзена ўсяго 8 заявак. Прычын на сёньняшнім паседжаньні ніхто не называў. Але ж напярэдадні сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік даволі зьдзекліва патлумачыў, што нібыта «ў людзей па пяць судзімасьцяў, а яны іх вылучаюць...»

Карэспандэнт: «Сябры АГП будуць расчараваныя?»

«Справа ў тым, што наша партыя ня ставіла перад сабою мэты вылучыць ва ўсе 17 камісіяў па сваім прадстаўніку. Як суб’ект палітыкі АГП даволі пасіўна ўдзельнічала ў гэтым этапе. І, як я разумею, АГП ня будзе абскарджваць гэтыя вынікі, бо, калі гаварыць шчыра, партыя не выяўляе асабліва інтарэсу да гэтых выбараў».

АГП ня будзе абскарджваць гэтыя вынікі, бо, калі гаварыць шчыра, партыя не выяўляе асабліва інтарэсу да гэтых выбараў.

Паводле зьвестак Віцебскага аблвыканкаму, у склад 14-ці акруговых камісіяў было вылучана 243 прадстаўнікі. У тым ліку 32 чалавекі — ад 5 палітычных партый: партыі БНФ, партыі левых «Справядлівы сьвет», Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасьці, Камуністычнай партыі Беларусі, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада».

Прадстаўнікам партыі БНФ і Партыі левых «Справядлівы сьвет» удалося трапіць у 6 акруговых камісіяў з 14-ці, апавёў прысутны на пасяджэньні аблвыканкаму старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Кастусь Смолікаў:

«Двое ад партыі БНФ — гэта Сьвятлана Магучая, у Віцебску, 17-я акруга, і Алена Сом — гэта Полацкая гарадзкая акруга. Чацьвёра чалавек уключылі ад „Справядлівага сьвету“, а найбольш — ад Камуністычнай партыі Беларусі».

Ад партыі БНФ, такім чынам, у склад акруговых камісіяў удалося трапіць двум прэтэндэнтам зь дзевяці, ад партыі левых «Справядлівы сьвет» — чатыром з адзінаццаці. Прадстаўнікі Партыі левых будуць працаваць у складзе віцебскіх акруговых камісіяў № 19 і № 20, у Лепельскай акрузе № 23 і ў Дняпроўскай-Аршанскай № 29.

Пра гэта паведаміў старшыня абласной партыйнай арганізацыі Мікалай Селівашка. Яшчэ аднаго прадстаўніка партыі «Справядлівы сьвет», Анатоля Родзіка, на пасяджэньне аблвыканкаму не пусьцілі:
Я ішоў як прадстаўнік партыі ў акруговую камісію. Не пусьцілі ...

«Я ішоў як прадстаўнік партыі ў акруговую камісію, і ад групы грамадзянаў — яна накіравала мяне на вылучэньне. Не пусьцілі — сказалі, што паводле рэглямэнту аблвыканкаму складаюцца сьпісы запрошаных. Леанід Дарафеенка сказаў, што мяне ў сьпіс ня ўключыць. Хоць гэтыя сьпісы ўвогуле незаконныя. „Вы што, хочаце, каб улада ня мела права вырашаць такія пытаньні? Яшчэ не хапала, каб вы кантралявалі ўладу!“ — вось даслоўна ягоныя словы!»

На вылучэньне ў акруговыя камісіі не пусьцілі і былога ўдзельніка мінулай прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі Ўладзімера Правальскага. Ён вылучаўся ў склад камісіі № 20 шляхам збору подпісаў грамадзян, удакладняе спадар Родзік:

«Не пусьцілі Правальскага. Той падняў скандал, выклікаў міліцыю, каб склалі акт. Тыя сказалі: „Вас тут не абражалі, матам не пасылалі, ня білі і ня гвалцілі? Значыць, няма складу правапарушэньня!“ А што палітычныя правы парушаныя — гэта ня лічыцца? Каб матам ня лаяліся — гэта, аказваецца, галоўнае!»
А што палітычныя правы парушаныя — гэта ня лічыцца? Каб матам ня лаяліся — гэта, аказваецца, галоўнае!

На вылучэньне ў акруговыя камісіі ўдалося трапіць праваабаронцу Паўлу Левінаву. Аднак яму забаранілі праводзіць відэаздымкі — на падставе таго, што ён, маўляў, не прафэсійны апэратар. Мясцовае дзяржаўнае тэлебачаньне ўсё здымала безь перашкодаў.


На Берасьцейшчыне на прапанову старшыні аблвыканкаму Канстанціна Сумара ў акруговыя выбарчыя камісіі дадаткова ўключылі 6 апазыцыянэраў. Агулам ад палітычных партыяў і грамадзкіх аб’яднаньняў апазыцыі ў склад акруговых выбарчых камісіяў уключана 15 чалавек з 32, якія вылучаліся. У рэгіёне 16 выбарчых акругаў.

Найбольш апазыцыянэраў у акруговыя выбарчыя камісіі на Берасьцейшчыне трапіла ад партыі левых «Справядлівы сьвет» — з 13 прапанаваных 8 сталі сябрамі камісіяў.

Як распавёў кіраўнік абласной арганізацыі партыі «Справядлівы сьвет» Леанід Майструк, першапачатковы сьпіс сябраў камісіяў ня быў адразу прыняты. На прапанову старшыні аблвыканкаму Канстанціна Сумара яго дапоўнілі некалькімі апазыцыянэрамі:

«Да моманту галасаваньня былі ўключаныя нашы прадстаўнікі ў склад толькі пяці акруговых камісіяў. Аднак пасьля майго выступу, зьвязанага з тым, што адбываецца неразуменьне ролі палітычных партыяў, губэрнатар здолеў унесьці карэкціроўку і дадаў трох нашых прадстаўнікоў у склад акруговых камісіяў. Гэта нядрэнны вынік сярод палітычных партыяў».
Губэрнатар здолеў унесьці карэкціроўку і дадаў трох нашых прадстаўнікоў.

Тым ня менш, кажа спадар Майструк, яго насьцярожвае, што нашмат больш людзей у камісіі трапіла ад праўладных арганізацыяў — «Белай Русі», БРСМ, КПБ. Ад іх у камісіі ўключылі па 15–16 чалавек.

Іншыя апазыцыйныя палітычныя партыі будуць прадстаўленыя ў акруговых камісіях на Берасьцейшчыне больш сьціпла. Ад АГП з 7 прэтэндэнтаў прайшлі ў камісіі 3 чалавекі. Аднаго свайго сябра АГП вылучала шляхам збору подпісаў, аднак ён у камісію ня трапіў. 2 з 8 чалавек трапілі ад БНФ, 2 з 3 — ад БСДП(Г).

Кіраўнік Берасьцейскай абласной арганізацыі АГП Уладзімер Вуек кажа, што часам крытэры адбору сябраў камісіяў былі незразумелыя:

«Адзін з крытэраў адбору — гэта масавасьць арганізацыі і асабісты вопыт кандыдата ў камісію. Сярод нашых прэтэндэнтаў былі і кандыдаты пэдагагічных навук, і людзі, якія маюць вялікі вопыт у галінах кіраваньня, адукацыі, неаднойчы прымалі ўдзел у выбарах як кандыдаты і як давераныя асобы. Напрыклад, Мікалай Коўш, якому таксама сёньня адмовілі ва ўключэньні ў склад выбарчай камісіі».

Ігар Маслоўскі, сябра Беларускага Хэльсынскага камітэту, які прысутнічаў на нарадзе аб вылучэньні ў камісіі, кажа, што на ягонай памяці ў Берасьці ўпершыню ня быў прыняты першапачатковы сьпіс сябраў акруговых камісіяў:

«Было маленькае ноў-хаў. Старшыня аблвыканкаму Сумар прапанаваў дадаткова ўключыць яшчэ прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў у камісіі. Такім чынам, дадаткова было ўключана 6 чалавек. Раней такога не было. Які праект быў прадстаўлены, той і зацьвярджаўся».


Яшчэ ў чэрвені грамадзянская кампанія за «Справядлівыя выбары», сустаршыня якой — лідэр Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін, выказвала намер выставіць на парлямэнцкіх выбарах 23 верасьня адну тысячу сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі.

Сёньня на пытаньне карэспандэнта, ці спраўджваюцца намеры, да прыкладу, на Меншчыне, Сяргей Калякін паведаміў наступнае:

«Паводле маіх дадзеных я не магу нічога пэўнага сказаць на гэты час. Нашага прадстаўніка ў аблвыканкам не запрасілі А мы вылучалі на Меншчыне 7 чалавек.»

Пра сытуацыю ўвогуле Сяргей Калякін адзначае наступнае:

Сяргей Калякін
Сяргей Калякін
«Паводзіны цяперашняй улады сьведчаць, што першыя этапы выбараў аддадзеныя на водкуп Менскаму гарвыканкаму і іншым аблвыканкамам. У кожнай вобласьці па-свойму адбываюцца працэдуры. На Гомельшчыне, да прыкладу, у склад камісіяў уключаны толькі два чалавекі ад Партыі „Справядлівы сьвет“ і адзін прадстаўнік Партыі БНФ. А мы вылучылі 17 чалавек... А на Берасьцейшчыне з 13 вылучэнцаў уключылі 8... Тут, на мой погляд, пэўнай лёгікі не існуе. Таму яшчэ раз паўтараю, што гэты этап выбарчай кампаніі аддадзены на водкуп мясцовай уладзе…

Што тычыцца нашай партыі, то колькасьць уключаных у акруговыя выбарчыя камісіі большая, чым было ў 2008 годзе... Але нават пры гэтым галоўнае пытаньне ня вырашана. Мы ж зараз бачым, што ў цэлым па Беларусі больш чым у 40% акругаў апазыцыя ня будзе прадстаўлена ўвогуле, хоць вылучала туды сваіх прадстаўнікоў. Перадусім гэта сьведчыць, што ня створаныя роўныя правы, няма гарантыі на ўключэньне апанэнтаў улады»


А вось на Гарадзеншчыне прозьвішчы сябраў акруговых камісіяў не назвалі. Папярэдне ў гэтым рэгіёне з 243 прэтэндэнтаў у склад 13 акруговых камісіяў былі зацьверджаны 169 чалавек. 89% зь іх — тыя, хто ўжо быў сябрамі акруговых камісій на ранейшых выбарах. Прозьвішчы абраных сябраў акруговых камісій сёньня не агучваліся.

Сумеснае паседжаньне прэзыдыюму Гарадзенскага абласнога савету і прадстаўнікоў аблвыканкаму па фармаваньні акруговых выбарчых камісій, як і ў ранейшыя гады, паводле сьведчаньня праваабаронцы Рамана Юргеля, прайшло за паўгадзіны.

Гэтым разам на паседжаньне былі запрошаныя і прадстаўнікі апазыцыйных партыяў, ад якіх вылучаліся прэтэндэнты ў склад камісіяў. Кіраўнік гарадзкой арганізацыі БНФ Вадзім Саранчукоў, які прысутнічаў на паседжаньні, зьвяртае ўвагу на закрытасьць інфармацыі пры фармаваньні акруговых камісіяў.

Паводле Саранчукова, галасаваньне адбывалася сьпісам, без агучваньня прозьвішчаў, безь якой-кольвек інфармацыі пра людзей, якіх уключалі ў склад камісіяў. Асобна было падкрэсьлена, зь яго слоў, што 89% сябраў камісіяў — тыя, хто працаваў на ранейшых выбарах. З гэтага Саранчукоў робіць выснову, што ў астатнія 11% наўрад ці трапіць хто з апазыцыі.
На ўсе просьбы назваць прозьвішчы абраных у камісіі было заяўлена, што гэта не прадугледжана працэдурай.

Саранчукоў: «На ўсе просьбы назваць прозьвішчы абраных у камісіі было заяўлена, што гэта не прадугледжана працэдурай — маўляў, сьпісы будуць апублікаваныя ў 7-дзённы тэрмін. Для грамадзкасьці ніякай адкрытай інфармацыі няма. Таму можна казаць, што ні пра якія зьмены ў выбарчым працэсе на дадзеным этапе гаворка не ідзе, усё адбываецца паводле старога распрацаванага сцэнару».

Праваабаронца ад БХК Раман Юргель, які ня першы год назірае за выбарчым працэсам у рэгіёне, зьвяртае ўвагу на прынцыпы, згодна зь якімі фармаваліся камісіі гэтым разам. Як і на папярэдніх выбарах, паводле яго, ізноў гучалі нараканьні ў бок апазыцыйных партыяў, што ад іх былі вылучаныя людзі, якія мелі адміністрацыйныя пакараньні:

«Камісіі на прэзыдэнцкіх, мясцовых выбарах ствараліся келейна, за 30 хвілін. Так і зараз ізноў паводле старога сцэнару сфармаваныя за 30 хвілін».

Прадстаўнікі дэмакратычных партыяў на Гарадзеншчыне вылучалі ў акруговыя выбарчыя камісіі 26 чалавек. Беларуская партыя левых «Справядлівы сьвет» — 10 сваіх прадстаўнікоў, Партыя БНФ — 9, АГП — 7.


З 32 вылучэнцаў ад апазыцыйных арганізацыяў Магілёўшчыны ў акруговыя камісіі трапілі трое. Двое — ад партыі левых «Справядлівы сьвет», і адзін — ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі.

Абласная арганізацыя АГП вылучала ў акруговыя камісіі восем сваіх актывістаў. Камэнтуючы вынікі сумеснага паседжаньня прэзыдыюму абласнога савету дэпутатаў і Магілёўскага аблвыканкаму, старшыня абласной структуры АГП Уладзімер Шанцаў заявіў:

«Гэта кажа пра тое, што ўлада сабралася падлічваць галасы сваімі ж рукамі. Гэты вынік — ён быў намі чаканы».

9 актывістаў вылучала партыі БНФ. Ніводзін у склад акруговых камісіяў ня трапіў.

Старшыня абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Салаўёў: «Яны баяцца нас. Баяцца, што мы пільна будзем сачыць за выбарамі, а іхныя фальшаваньні ня пройдуць. Выбары пройдуць паводле тых схемаў, паводле якіх яны адбываліся й раней. Мне, напрыклад, адмовілі на той падставе, што я нібыта не займаюся грамадзкай дзейнасьцю. Нашым вылучэнцам адмаўлялі, што ў іх няма досьведу працы ў камісіях».
Яны баяцца нас. Баяцца, што мы пільна будзем сачыць за выбарамі, а іхныя фальшаваньні ня пройдуць.

Абласная арганізацыі партыі левых «Справядлівы сьвет» вылучала 10 кандыдатураў. Дзьве кандыдатуры вылучала няўрадавая арганізацыя «Магілёўскі праваабарончы цэнтар».

Вылучэнец ад «Магілёўскага праваабарончага цэнтру», удзельнік кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Аляксей Колчын таксама прысутнічаў на паседжаньні ў аблвыканкаме. Ён адзначае:

«На паседжаньні было прынятае рашэньне не публікаваць месцы працы сябраў выбарчых камісіяў, паколькі гэтага не патрабуе Выбарчы кодэкс. Гэта азначае, што ўжо на этапе фармаваньня камісіяў улада схільная да закрытасьці. Як на мяне, то ўтойваць такую інфармацыю няма прычынаў».

На Магілёўшчыне створана 13 акруговых камісіяў — у кожнай па 13 сябраў. На 169 месцаў у камісіях прэтэндаваў 251 кандыдат. У іх склад увайшлі вылучэнцы ад прадзяржаўных арганізацыяў, ад працоўных калектываў і ад грамадзян — шляхам збору подпісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG