Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мельянцоў: Гэтыя рэзалюцыі абвостраць сытуацыю


Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў

Паводле экспэрта Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніса Мельянцова, прыняцьцё рэзалюцыяў па Беларусі ажно трыма міжнароднымі арганізацыямі ня ёсьць вялікім сюрпрызам, бо ў Беларусі хутка парлямэнцкія выбары.

Паводле Мельянцова, міжнародныя інстытуцыі карыстаюцца магчымасьцю, каб нагадаць пра Беларусь у сьвеце і каб заклікаць беларускія ўлады да больш дэмакратычных выбараў.

«Гэта выклікае досыць нэрвовы адказ афіцыйнага Менску. Афіцыйны Менск хацеў бы, каб працягвалася гэта паўза ў канфліктных стасунках і рыторыцы паміж Беларусьсю і Захадам пасьля таго як у Менску вызвалілі двух палітвязьняў. Цяпер гэтыя рэзалюцыі крыху абвостраць сытуацыю, і афіцыйны Менск будзе рэагаваць досыць хваравіта. Але найперш я зьвязваў бы гэта з тэмай выбараў, з тым, што апошнія паўгода тэма Беларусі паступова зьнікае зь міжнароднага парадку дня. Гэта тэма цяжкая, і мала хто гэтым хоча займацца. Пазытыўны, акумулятыўны эфэкт ад гэтых заяваў будзе яшчэ і ў тым, што цікавасьць да беларускага пытаньня крыху падвысіцца і ў ЭЗ , і ў іншых краінах».

Карэспандэнт:«Ці магчыма, што калі афіцыйны Менск ня выканае патрабаваньняў, агучаных у гэтых рэзалюцыях, то да яго зноў могуць быць ужытыя санкцыі?

Мельянцоў: «Ён, хутчэй, ня пойдзе на выкананьне патрабаваньняў, якія ёсьць у рэзалюцыях. Больш верагодна, што з санкцыямі Захад пачакае зараз, бо такое праверачнае заданьне для Беларусі — парлямэнцкія выбары. ЭЗ, іншыя міжнародныя арганізацыі будуць зьвяртаць увагу менавіта на вынік гэтых выбараў, на тое, у якой атмасфэры і паводле якіх працэдур праходзілі гэтыя выбары. І, хутчэй за ўсё, пасьля выбараў будзе прымаць рашэньне — або замарожваць цяперашнія санкцыі, альбо іх пашыраць».


Цягам трох дзён, зь 5-га па 7-га ліпеня, ААН, АБСЭ і Эўрапарлямэнт прынялі рэзалюцыі з асуджэньнем парушэньняў правоў чалавека ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG