Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнку давядзецца адказаць перад Масквой»


Мапа палёту швэдзкага самалёта па тэрыторыі Беларусі
Мапа палёту швэдзкага самалёта па тэрыторыі Беларусі

Такое меркаваньне ў сувязі з «дэсантам плюшавых мядзьведзяў» выказвае --> http://kommersant.ru/doc/1976964?isSearch=True расейскае выданьне «Коммерсант».

Гісторыя з «бамбардзіроўкай Беларусі плюшавымі мішкамі» атрымала дакумэнтальнае пацьверджаньне. У выхадныя на беларускіх апазыцыйных рэсурсах зьявіліся відэакадры, якія даказваюць, што паветраная прастора краіны было парушана швэдзкімі праваабаронцамі. Экспэрты ў Менску лічаць, што інцыдэнт можа дорага каштаваць беларускім сілавікам, і параўноўваюць тое, што здарылася, са зьяўленьнем у 1987 годзе на Краснай плошчы ў Маскве самалёта Матыяса Руста.

Відэакадры, выкладзеныя ў інтэрнэце, суправаджаюцца камэнтарамі ўдзельніцы скандальнага палёту — дзяўчыны Хана. Яна распавяла, што на ініцыятыву швэдзкага PR-агенцтва Studio Total была арганізаваная акцыя «Дэсант мядзьведзянятаў», з мэтай прыцягнуць увагу да праблемы парушэньня правоў чалавека ў Беларусі. «Мы вельмі занепакоеныя свабодай слова ў Беларусі. Мы лічым, што Беларусь — частка Эўропы, і яна досыць закрытая краіна », — заявіла Хана.

Акцыя прайшла 4 ліпеня, калі адзначаўся Дзень незалежнасьці Беларусі (гэтак у тэксьце — РС). Два швэдзкія праваабаронцы на аднаматорным самалёце перасеклі літоўска-беларускую мяжу. Свае поўныя імёны яны не называюць, баючыся помсты беларускіх уладаў (гэтак у тэксьце — насамрэч удзельнікі акцыі назвалі свае імёны — РС). Над горадам Івянец Менскай вобласьці яны раскідалі па вуліцах плюшавых мядзьведзянятаў, да якіх былі прымацаваныя ўлёткі з лёзунгамі ў абарону правоў чалавека. Затым яны падляцелі да Менску, праляцелі над мікрараёнам Малінаўка. На кадрах выразна бачныя вуліцы і дамы гэтага мікрараёну. У цэлым яны правялі ў небе над Беларусьсю паўтары гадзіны і, застаўшыся незаўважанымі беларускай сыстэмай СПА, бесьперашкодна вярнуліся ў Літву.

На наступны дзень пасьля акцыі швэды выклалі ў інтэрнэт фатаграфіі, зробленыя ў палёце. У Беларусі ўспыхнуў скандал. Мясцовыя ваенныя паспрабавалі аспрэчыць факт парушэньня мяжы. У прэсавай службе Мінабароны паведамілі, што «экспэрты, дасьледуючы прадстаўленыя фотаматэрыялы, выявілі грубую працу з ужываньнем тэхналёгій фоташопа, што сьведчыць пра відавочна правакацыйны характар пададзенай інфармацыі». Але доўга адмаўляць не атрымалася. Ужо ў пятніцу памежная служба Літвы пацьвердзіла факт парушэньня сваёй мяжы зь Беларусьсю лёгкім аднаматорным самалётам, які ляцеў з хуткасьцю 180 кілямэтраў на гадзіну. У той жа дзень зьявіліся паведамленьні аб тым, што міліцыя ў горадзе Івянец хадзіла па вуліцах і падбірала цацачных «мішак».

Беларускі кінадакумэнталіст Юры Хашчавацкі заявіў «Коммерсанту», што ён бачыў кадры, выкладзеныя ў інтэрнэце, і не ўгледзеў там ніякага фота- або відэамантажу. На яго думку, тое, што здарылася — вельмі моцная абраза для беларускай дзяржавы і ўладам давядзецца прымаць меры ў дачыненьні да вайскоўцаў, адказных за СПА. Зь іншага боку, экспэрт нагадаў, што Расея мае сумесную зь Беларусьсю сыстэму СПА, і інцыдэнт можа стаць падставай для жорсткай размовы Масквы зь Менскам. «Усё гэта даказвае, чаго каштуюць словы Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што ён надзейна абараняе заходнія межы Расеі», — падсумаваў Юры Хашчавацкі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG