Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьням забаронена атрымліваць мэдычныя пасылкі?


Эдуард Лобаў ня змог узгадніць з адміністрацыяй калёніі атрыманьне мэдыкамэнтаў, прапісаных турэмнымі лекарамі. Сяргею Каваленку не перадалі мэдычную пасылку, якую жонка адправіла вязьню болей за тыдзень таму. Мікалай Статкевіч даслаў ліст з меркаваньнямі адносна свайго пакараньня карцэрам. Алеся Бяляцкага праінфармавалі, што офіс «Вясны» будуць канфіскоўваць.

Маладафронтавец Эдуард Лобаў даслаў зь Івацэвіцкай калёніі ліст, у якім паведаміў, што яму адмоўлена ў атрыманьні мэдычнай бандэролі зь лекамі, неабходнымі для лячэньня зубоў.

​«У яго ж зуб баліць, трэба ставіць плёмбу. Яму лекар сказаў, што паколькі ў іх ў Івацэвіцкай калёніі няма такіх лекаў, то трэба, каб іх даслалі. Я ўсё набыла і раптам яму не падпісалі дазвол. Самі ня маюць і даслаць не дазваляюць. Вось паеду ў аўторак разьбірацца з адвакатам. Пайду да начальніка», — тлумачыць маці палітвязьня Марына Лобава.

Падобная праблема ў вязьня Магілёўскай калёніі № 19 Сяргея Каваленкі. Жонка Каваленкі Алена кажа, што мужу дагэтуль не перадалі пасылку зь лекамі, сьпіс якіх яна ўзгадніла з адміністрацыяй калёніі.

«Скардзіцца на галаўныя болі, а маю мэдычную бандэроль гэтак і не атрымаў. Хаця я адпраўляла яе ў мінулую пятніцу з паштовага аддзяленьня, якое знаходзіцца у гэтай калёніі. Я званіла ў калёнію, але мне наконт гэтага нічога не патлумачылі».

Паводле зьвестак, якія атрымала з калёніі Алена Каваленка, яе мужа пасьля адбыцьця карцэра залічылі ў злосныя парушальнікі турэмнага рэжыму і скарацілі яму з 500 да 100 тысяч рублёў суму грошай, якую можна штомесяц траціць ў турэмнай краме.

Актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка адбывае 2 гады і месяц зьняволеньня за парушэньне правілаў адбыцьця «хатняй хіміі», якую атрымаў пасьля вывешваньня бел-чырвона-белага сьцяга ў Віцебску.

Актывіст «Маладога фронту» Эдуард Лобаў адбывае 4 гады нібыта за хуліганства напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году. Праваабаронцы кажуць пра правакацыю спэцслужбаў у дачыненьні да Эдуарда Лобава і Зьмітра Дашкевіча, які адбывае 2 гады ў Глыбоцкай турме.

Алесь Бяляцкі: У атрадзе пад амністыю трапіць трэціна, але безь мяне

Таксама ў разрадзе «злосных парушальнікаў» нядаўна апынуўся вязень Бабруйскай калёніі, праваабаронца Алесь Бяляцкі. Паводле зьвестак з Партызанскага суду Менску 4 ліпеня там адбылося судовае паседжаньне, на якім прынятае рашэньне аб канфіскацыі кватэры, дзе месьціцца офіс праваабарончага цэнтру «Вясна».

«Пра гэтае рашэньне Бяляцкаму паведамілі ў калёнію», — запэўнілі ў судзе.

Жонка Бяляцкага Наталя Пінчук працытавала ягоны апошні ліст, у якім вядзецца пра амністыю.


Усе тут зь нецярпеньнем чакаюць амністыі. Тады будуць адбывацца розныя зрухі.

«Усе тут зь нецярпеньнем чакаюць амністыі. Тады будуць адбывацца розныя зрухі. Хтосьці пойдзе дадому, а ў кагосьці, дзякуючы таму, што год здымуць, ёсьць магчымасьці пайсьці на «хімію» ці вызваліцца ўмоўна-датэрмінова. Атрымліваецца, што за паўгоду добрая траціна атраду вызваліцца. Зьявіцца ў атрадзе і новае папаўненьне. Такім чынам я буду ня самы «малады».

Карэспандэнт: «А пра здароўе што піша?»

Наталя Пінчук: «Не, ня піша. Ён пра здароўе звычайна нічога ня піша».

Алеся Бяляцкага асудзілі на 4,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ва ўтойваньні вялікіх прыбыткаў. Праваабаронцы лічаць прысуд палітычна матываваным.

Мікалай Статкевіч: «Мне помсьцяць»

Вязень Магілёўскай турмы Мікалай Статкевіч мяркуе, што «карцэрам» зь ім паквіталіся за адмову пісаць прашэньне аб памілаваньні. Жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Марына Адамовіч гэтак мяркуе, прачытаўшы апошні ліст мужа.

«Працытую: «Увогуле гэтыя 10 сутак здаюцца мне помстай за нейкі сарваны плян ў дачыненьні да мяне. Які — можна толькі здагадвацца».

Гэтыя 10 сутак здаюцца мне помстай за нейкі сарваны плян ў дачыненьні да мяне. Які — можна толькі здагадвацца.

4 ліпеня Мікалай Статкевіч змог патэлефанаваць жонцы з турмы. Палітвязень паведаміў, што яго дагэтуль не пасадзілі ў карцэр, бо каб туды патрапіць — трэба дачакацца сваёй чаргі.

«Голас у яго бадзёры, адчуваецца, што ён не здаецца», — кажа Марына Адамовіч пра Мікалая Статкевіча.

Кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч пакараны за Плошчу на 6 гадоў калёніі, ў пачатку года пераведзены ў крытую турму.

Жонка Аўтуховіча: Наша спатканьне яшчэ не адмененае

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч даслаў сябрам ліст, у якім сумнявцца, ці дадуць яму спатканьне са сваякамі. Жонка Аўтуховіча Алена мяркуе, што час для такога прагнозу яшчэ не падышоў.


Ужо паўгода гэтая строгая турма ў яго, а далей мусяць быць паслабленьні.

​«Яшчэ спадзяюся. Магчыма пасьля ліпеня. Ужо паўгода гэтая строгая турма ў яго, а далей мусяць быць паслабленьні, бо заўвагаў у яго няма. Але, зноў жа, гэта вырашае адміністрацыя».

Кажучы пра маральны стан свайго мужа, Алена згадала ягонае «Не дачакаюцца».

Мікалая Аўтуховіча трымаюць у крытай Гарадзенскай турме. Прадпрымальнік пакараны на 5 гадоў калёніі паводле абвінавачаньня ў незаконных дзеяньнях з баепрыпасамі, што сам ён лічыць помстай за барацьбу з карупцыянэрамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG