Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залескі: "У нас няма рэальных інвэстыцый"


Паводле апублікаванага 5 ліпеня штогадовага дакладу ЮНКТАД (UNCTAD, Канфэрэнцыя ААН па гандлі і разьвіцьці), летась Беларусь значна палепшыла сваю здольнасьць прыцягваць наўпроставыя замежныя інвэстыцыі, перамясьціўшыся ў сусьветным рэйтынгу з 86-га на 38-е месца.

Паводле статыстыкі ЮНКТАД, наўпроставыя замежныя інвэстыцыі ў Беларусі ў трох апошніх гадах вымяраліся наступнымі сумамі:

2009 – 1,88 мільярда даляраў

2010 – 1,40 мільярда даляраў

2011 – 3, 97 мільярда даляраў

Эканаміст Міхась Залескі мяркуе, што насамрэч умовы для інвэставаньня ў беларускую эканоміку ня сталі лепшымі, а рост інвэстыцыяў тлумачыцца проста – прадалі чарговы "срэбны сэрвіз".

"У нас усе інвэстыцыі зьвязаныя з тым, што мы нешта прадаем. Кампаніі тэлефаніі, "Белтрансгаз", яшчэ нешта. А інвэстыцыяў, якіх чакаюць ва ўсім сьвеце, у нас няма. Па вялікім рахунку, інвэстыцыі дзеляцца на два тыпы: фінансавыя і рэальныя. Рэальныя інвэстыцыі – гэта калі тут будуюць завод. А фінансавыя – калі нешта купляюць, каштоўныя паперы. Але калі я будую завод, я павінен ведаць, хто тут будзе наступным прэзыдэнтам, бо завод будуецца не на адзін год.

Скажам, у Кітаі, пры тым, што там правоў чалавека не нашмат болей, чым у нас, інвэстыцыі ідуць сотнямі мільярдаў. Чаму? Бо там вядома, хто будзе наступным камандзірам. Пры доўгатэрміновых інвэстыцыях палітычныя рызыкі стаяць на першым месцы. Далей – ваенныя, кліматычныя ды іншыя. У нас усё іншае на сярэднім узроўні. І клімат у нас сярэдні, і геалягічныя ўмовы сярэднія, і людзі ў нас, пры ўсёй павазе да нас саміх, таксама сярэднія. Зорак зь неба не хапаем, але ж і ня горшыя за астатніх.

А вось з палітычнымі нашымі пэрспэктывамі нешта незразумела. І калі я інвэстую грошы ў завод, а гэта на 20–30 гадоў, то я павінен ведаць, што ж тут будзе. Ці будзе тут стабільнасьць на працягу 20–30 гадоў. Але калі няма мэханізму забесьпячэньня гэтай стабільнасьці, няма мэханізму плаўнага пераходу ад аднаго тыпу ўлады да другога, то нічога добрага чакаць не даводзіцца. Вось людзі і асьцерагаюцца ўкладаць грошы, а займаюцца лепей купляй гатовага".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG