Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Смалявічы: улады імкнуцца не дапусьціць рэфэрэндуму


6-га ліпеня вечарам у райцэнтры Смалявічы на Меншчыне быў затрыманы актывіст грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Сяргееў Клюеў.

У мясцовым аддзяленьні міліцыі яго пратрымалі некалькі гадзін, спрабуючы абвінаваціць у зборы подпісаў пад ініцыятывай кампаніі «Гавары праўду».

Кампанія зьвязаная з пратэстам жыхароў і дачнікаў Смалявіцкага раёну супраць плянаванага тут будаўніцтва беларуска-кітайскага індустрыяльнага тэхналягічнага парку.

Супраць маштабных намераў кітайскіх інвэстараў — жыхары 15-ці вёсак і 30-ці дачных таварыстваў. Перадусім людзей палохае, што маштабная забудова пагоршыць экалягічныя ўмовы. Таму напрыканцы траўня ў Смалявіцкі райвыканкам перадалі заяву з патрабаваньнем зарэгістраваць ініцыятыўную групу па правядзеньні мясцовага рэфэрэндуму. Пытаньне, якое мяркуецца задаць людзям: «Ці згодныя вы з разьмяшчэньнем на тэрыторыі Смалявіцкага раёну беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку?»

Інфармацыйную й юрыдычную дапамогу ініцыятыўнай групе ў Смалявічах аказвае грамадзянская кампанія «Гавары праўду». Яе прэсавы сакратар Сяргей Вазьняк удакладніў сёньня для «Свабоды»:

Сяргей Вазьняк
Сяргей Вазьняк
«Паводле існуючага закону, існуе даволі складаная працэдура. Павінна адбыцца юрыдычная экспэртыза пытаньня. І цяпер у Смалявічах людзі чакаюць канкрэтнага адказу мясцовых уладаў — ці пачынаць працэдуры падрыхтоўкі да рэфэрэндуму?»

Сяргей Вазьняк зьвяртае ўвагу на тое, што ідэя рэфэрэндуму нарадзілася яшчэ да таго, як улада прыняла канчатковае рашэньне наконт будаўніцтва:

«Вельмі важна, што заява тутэйшых жыхароў і дачнікаў пра магчымасьць правядзеньня рэфэрэндуму была пададзеная да таго, як выйшаў указ Лукашэнкі. І, як мы разумеем, указ не павінен дзейнічаць, пакуль ня будзе разьвязана сытуацыя з ініцыятывай грамадзянаў. Таму й чакаем зараз такога адказу».

Тым часам жыхары й дачнікі наракаюць на тое, што афіцыйнай інфармацыі наконт будоўлі надзвычай мала. Вось што паведаміў слухач «Свабоды» зь вёскі Заямнае спадар Леанід:

«Аніякіх падзеяў. Ціха. І аніякай інфармацыі, акрамя таго, што ўказ Лукашэнкі прыняты».

Наконт апошняга затрыманьня міліцыянтамі актывіста Сяргея Клюева суразмоўца мяркуе:

«Ну, у нас затрымліваць — гэта майстры...А так ніякай інфармацыі няма. Ад кітайцаў таксама...Напэўна, у іх таксама прапала жаданьне трапіць у гэтую „залатую калыску“, якую ім абяцае Лукашэнка...»

Сёньня мінуў роўна месяц, як Аляксандар Лукашэнка падпісаў свой указ № 253 «Аб кітайска-беларускім індустрыяльным парку». Паводле гэтага дакумэнту ў Смалявіцкім раёне павінна быць створана асаблівая эканамічная зона на плошчы больш за восем тысяч гектараў. Пры гэтым кітайскі бок атрымлівае на 50 гадоў значныя падатковыя ільготы й магчымасьць завезьці ў Беларусь сотні тысяч сваіх працаўнікоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG