Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: хто трапіць у акруговыя камісіі


6 ліпеня завяршаецца першы этап выбарчай кампаніі — вылучэньне прадстаўнікоў у склад 110 акруговых выбарчых камісіяў.

Апазыцыйныя партыі і грамадзкія арганізацыі вылучаюць прэтэндэнтаў у акруговыя выбарчыя камісіі ў рамках супольнай кампаніі «За справядлівыя выбары». Яе сустаршыня Віктар Карняенка сёньня распавёў «Свабодзе», што сёлета адбор кандыдатаў вядзецца больш прынцыпова, чым раней, для іх прадугледжана адмысловае навучаньне:

«Каб гэта не былі статысты, якія праседзяць усю кампанію. Таму мы, адрозна ад прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году, адразу абумовілі тыя прынцыпы і той аб’ём працы, які належыць выканаць сябру акруговай камісіі».

Пакуль лідэрам па вылучэньні стала партыя левых «Справядлівы сьвет». Намесьнік старшыні партыі Валеры Ўхналёў адзначае:

«Мы вылучылі ўжо 89 чалавек. На жаль, не змаглі закрыць усе акругі. Ёсьць рэгіёны, дзе для гэтага ў нас няма людзей. Ва ўсе без выключэньня акругі будзем заяўляць прадстаўнікоў у Менску і Гомельскай вобласьці. Вылучаем і новых людзей, і такіх, якія ўжо маюць досьвед працы ў выбарчых камісіях. Гэта, напрыклад, Віктар Цяпін з Баранавічаў, Уладзімер Сякерка з Гомеля, Міхаіл Раманцаў зь Пінску...»

Для параўнаньня — партыя БНФ вылучыла 61 чалавека, у АГП кажуць, што іх будзе больш за 40. А вось Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада ня будзе вылучаць сваіх кандыдатаў ні на выбары ў Палату прадстаўнікоў, ні ў акруговыя выбарчыя камісіі — заявіў сёньня «Свабодзе» партыйны лідэр Станіслаў Шушкевіч:

Станіслаў Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч
«Афіцыйна мы яшчэ не праводзілі паседжаньне, на якім зафіксуем сваю пазыцыю. Але ў нас няма людзей, якія б хацелі ўдзельнічаць у гэтым. Усе катэгарычна выступаюць за байкот. Зыходзячы з гэтага, я ня бачу сэнсу і ў вылучэньні нашых партыйцаў у акруговыя выбарчыя камісіі. Уявіце, мы зробім сьпіс, а пасьля гэта стане насьмешкай над людзьмі».

Сакратар Цэнтральнай выбарчай камісіі Мікалай Лазавік сёньня сказаў, што ў ЦВК пакуль няма дадзеных пра тое, хто і колькі ўжо вылучыў прэтэндэнтаў у склад акруговых камісіяў:

«Мы не зьбіраем ніякіх дадзеных, таму што звычайна падаюць дакумэнты ў апошнія дні. Мы давялі графік, нашы патрабаваньні, парадак вылучэньня надрукавалі ў мэдыях. І цяпер чакаем вынікаў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG