Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распачалася пілігрымка «Менск—Будслаў 2012»


Больш за 300 менскіх католікаў выправіліся ў штогадовую пешую пілігрымку ў Будслаў.

Да Нацыянальнага санктуарыя Маці Божай Будслаўскай ад менскага Катэдральнага касьцёла Найсьвяцейшай Панны Марыі яны будуць ісьці цягам пяці дзён. 6-7 ліпеня там адбудзецца штогадовы фэст у гонар цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай.

Урачыстая Імша перад пачаткам шляху — штогадовая традыцыя. Сёлетняя пілігрымка ад катэдральнага касьцёла да будслаўскай сьвятыні выправілася ў дваццаць другі раз.

Ксёндз Кірыл — адзін зь яе кіраўнікоў, які гэтую адказнасьць прымае на сябе ўпершыню, а таму не хавае хваляваньня:

«Зразумела, што ёсьць хваляваньні, бо вялікая група выходзіць і мае ісьці даволі працяглы шлях. Ёсьць хваляваньні, каб кожны дайшоў, прычым, дайшоў здаровым, каб кожны меў чым падсілкавацца ў гэтым шляху, каб меў добры начлег. Але найперш хваляваньні за тое, каб гэтая пілігрымка прынесла духоўны плён. Бо можна дайсьці ў Будслаў здаровым і ўсё зьнешне будзе прыгожа, але калі пілігрымка ня дасьць духоўнага плёну, то яе вартасьць будзе, можна сказаць, нулявой».



Больш за 300 пілігрымаў цягам пяці дзён пераадолеюць 120 кілямэтраў і завершаць малітоўную вандроўку каля будслаўскага касьцёлу 6 ліпеня.

Пілігрымы — людзі рознага веку, адукацыі і сацыяльнай прыналежнасьці. Некаторыя маладзёны апранулі майкі з выявамі Пагоні, а на рукавы і кепкі навязалі бел-чырвона-белыя стужкі. Людзі сярэдняга і сталага веку ўзялі ў рукі жоўта-белыя сьцягі Ватыкану, а таксама парафіяльныя сымбалі і выявы сьвятых.

Многія зь пілігрымаў выправіліся да Маці Божай Будслаўскай сем’ямі.

Карэспандэнтка: «Што для вас пілігрымка, чаму вы ідзяце ў пілігрымку?»

Спадарыня: «Гэта такі пяцідзённы малітоўны маратон. Шмат сустракаецца людзей на шляху і гэта — нашае жывое сьведчаньне веры».

Юначка: «Гэта час, калі мы пакідаем паўсядзённае жыцьцё і клапоцімся пра духоўнае. Гэта — сьвята душы».

Карэспандэнтка: «Зь якімі малітвамі і просьбамі ідзяце ў пілігрымку?»

Спадарыня: «Зараз, канечне, з малітваю за сям’ю, за сыночка, за мужа, за сястру — вось гэта мая сястра».

Карэспандэнтка: «Але сьпёка, дождж, сонца — навошта вы гэта робіце?»

Юначка: «Бо любім Бога, Панну Марыю. Верым, што яны выслухаюць і дапамогуць — толькі так».

Сьвяткаваньне ў Будславе сёлета ўпершыню адбудзецца не 2 ліпеня, які ёсьць днём успаміну Маці Божай Будслаўскай, а ў ноч з пятніцы 6 ліпеня і цягам суботы — 7 ліпеня.

Ксёндз Кірыл: "Фэст у Будславе зьбірае вялікую колькасьць людзей штогод. І таму кожны няхай адчувае сябе запрошаным прыйсьці да Маці Божай Будслаўскай. І неабавязкова, што гэта будуць практыкуючыя католікі, але людзі рознай веры, людзі, якія, магчыма, яшчэ толькі шукаюць шлях да Бога. Запрашаем быць і Будславе і запрашаем маліцца разам.

Пілігрымкі ў Будслаў гэтымі днямі ідуць з розных гарадоў Беларусі і нават з-за межаў краіны. Вернікі ня толькі ідуць у Будслаў пешшу, але едуць роварамі, матацыкламі, легкавікамі, аўтобусамі і цягнікамі. Штогод у фэсьце ў гонар Маці Божай Будслаўскай бяруць удзел каля 30 тысяч чалавек.


View Будслаў in a larger map JaMa


Будслаўскі касьцёл бэрнардынцаў, які месьціцца ў вёсцы Будслаў Мядзелскага раёну, быў пабудаваны ў 1783 годзе. Абраз Маці Божай Будслаўскай датуецца канцом 16 стагодзьдзя. Паводле гістарычных зьвестак, цудатворнае зьяўленьне Маці Божай айцам-бэрнардынам адбылося на гэтым месцы 2 ліпеня 1588 году. Тады ж і ўзьнікла традыцыя пілігрымак у Будслаў, якія адбываліся нават у савецкі час. Але першая дазволеная адбылася толькі ў 1992 годзе. Будслаўскі касьцёл абвешчаны Нацыянальным Санктуарыем і з блаславеньня папы рымскага Яна Паўла ІІ абраз Маці Божай Будслаўскай уганараваны залатой каронай 2 ліпеня 1998 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG