Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўра-2012 ва Ўкраіне не апраўдала брытанскіх крытыкаў


Незадоўга да пачатку турніру Эўра-2012 Бі-Бі-Сі паказала дакумэнтальны фільм пра чэмпіянат, у якім былі кадры зьбіваньня студэнтаў азіяцкага паходжаньня ва Ўкраіне. Брытанская прэса таксама асьцерагала брытанцаў перад паездкай ва Ўкраіну і магчымымі расісцкімі інцыдэнтамі падчас турніру. Розгалас атрымала выказваньне аднаго з былых футбалістаў, які сказаў, што турысты «могуць вярнуцца ў трунах» з Украіны.

І вось Эўра-2012 падыходзіць да канца, а ва Ўкраіне не адбыўся ніводзін расісцкі інцыдэнт і не адбылося ніводнай гвалтоўнай сутычкі паміж футбольнымі фанатамі на чэмпіянаце. Усе маюць надзею, што і фінальны матч Гішпанія-Італія ў Кіеве 1 ліпеня пройдзе ў прыязнай і мірнай атмасфэры.

Марцін Петшык, 28-гадовы заўзятар з Польшчы, які выбраўся на матчы ва Ўкраіне на сваёй аўтамашыне, аздобленай польскім сьцяжком, сказаў нашаму радыё:

«На вуліцах адчувалася, што людзі нас любяць. Яны сыгналілі нам, усьміхаліся. Сапраўды вельмі ветлівыя людзі. Магчыма, гэта было таму, што ў мяне быў польскі сьцяжок на аўтамашыне. Але я ніколі ня бачыў нічога такога ў нейкай іншай эўрапейскай краіне. Гэта ня значыць, што людзі ў іншых краінах былі няветлівыя. Але ва Ўкраіне гэта было сапраўды нешта адмысловае».

Шон Уокэр, які быў спартовым карэспандэнтам брытанскай газэты Independent падчас матчаў ва Ўкраіне, сказаў нашаму радыё, што атмасфэра на матчах ва Ўкраіне была знакамітая. Але ён пакрытыкаваў украінцаў за недахопы ў арганізацыі турніру і ў турыстычнай інфраструктуры:

«З аднаго боку, я сказаў бы, што калі рэч датычыць стадыёнаў і агульнага ўкладу Ўкраіны як арганізатара турніру, украінцы выканалі фантастычную працу. Я думаю, што шмат людзей правяло тут час вельмі прыемна. Але я лічу, што яны не зрабілі дастаткова ў галіне інфармацыйнага і лягістычнага забесьпячэньня турніру. Бо калі б зрабілі, дык мы пабачылі тут у тры або чатыры разы болей людзей».

Адным зь недахопаў турніру ва Ўкраіне была замалая колькасьць месцаў у гатэлях. Перад некаторымі матчамі за ноч у гатэлі турыстам трэба было заплаціць і тысячу даляраў.

Але і тут украінцы пастараліся неяк паменшыць гэтую праблему. Грамадзкая ініцыятыва пад назвай «Дружня Україна» намаўляла суайчыньнікаў даваць начлег замежным турыстам задарма ды арганізавала дармовыя перакладчыцкія паслугі і экскурсіі для замежнікаў.

Шмат хто з камэнтатараў пагаджаецца, што ў сэнсе свайго іміджу Украіна падчас Эўра-2012 прасунулася выразна ў бок Эўропы.

Але адначасова камэнтатары адзначаюць, што ў сэнсе палітычнага збліжэньня з Эўропай футбольны чэмпіянат стаў для Кіева яшчэ адным змарнаваным шанцам, перш за ўсё з увагі на зьняволеньне былой прэм’ер-міністар Юліі Цімашэнкі. З прычыны гэтага зьняволеньня эўрапейскія палітыкі наогул адмовіліся ехаць на матчы ва Ўкраіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG