Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Галадуе, бо ня хоча плаціць за турэмную ежу па 50 тысяч штодня»


Павал Вінаградаў
Павал Вінаградаў

Менскі гарадзкі суд адклаў канчатковае рашэньне па скарзе актывістаў «Гавары праўду» Паўла Вінаградава і Аляксандра Арцыбашава. Тым часам стала вядома, што на Акрэсьціна Павал Вінаградаў абвясьціў галадоўку.

У Менскім гарадзкім судзе пачаўся разгляд касацыйнай скаргі актывіста «Гавары праўду» Паўла Вінаградава. Празь некалькі хвілін ад пачатку суду з памяшканьня выйшлі назіральнікі.

Жонка актывіста Сьвятлана Вінаградава паведаміла карэспандэнту «Свабоды»: «Разгляд скаргі адклалі. Судзьдзя Камісараў пастанавіў зьвярнуцца ў тэлефонную кампанію па раздрукоўкі, якія сьведчаць пра тое, дзе знаходзіўся Павал у той дзень. Але сядзець ён будзе далей, як і сядзеў».

Былы палітвязень Павал Вінаградаў, які знаходзіцца пад прафіляктычным наглядам міліцыі, быў арыштаваны 21 чэрвеня і асуджаны на 15 сутак. У пратаколе затрыманьня пазначаны час — 13 гадзіна дня, хаця сваякі актывіста кажуць, што затрымалі яго дома каля 10 гадзіны вечара, адразу пасьля праверкі міліцыянтаў.

Разам са скаргай Паўла Вінаградава павінны былі разглядаць скаргу актывіста Аляксандра Арцыбашава. «Гэтую справу адклалі, бо не зьявіліся тыя, хто павінен яе падтрымліваць. Яе разгледзяць пазьней і паведамяць вынік», — сказала Сьвятлана Вінаградава.

Аляксандра Арцыбашава таксама арыштавалі 21 чэрвеня на 15 сутак. Паводле зьвестак, актывіст меўся браць удзел у палітычным флэш-мобе з выкарыстаньнем лялек пад умоўнай назвай «Мы прыйшлі, каб нас зноў пасадзілі».

Зьвестак пра тое, як адбываюць пакараньне 15 суткамі Вінаградаў і Арцыбашаў, — мінімум. Сьвятлана кажа, што рэгулярна перадае мужу сокі і ваду, бо ў турме той трымае галадоўку.

Бацька Вінаградава Юры кажа, што гэта ня першая сынава галадоўка — амаль усе разы, калі яго саджалі на суткі на Акрэсьціна, Павал галадаў. «Па-першае, ён гэтак пратэстуе супроць незаконных прысудаў, але ёсьць і іншыя прычыны», — кажа бацька актывіста.

Юры Вінаградаў: «Кажа, саджаюць ні за што, а яшчэ і плаці за гэта. Кажа, таму, што ён зараз на прэвэнтыўным наглядзе, будуць кожны дзень да яго хадзіць і спаганяць грошы. Па 50 тысяч каштуе там за ежу заплаціць, якую ўсё роўна есьці немагчыма. Таму ён піша заяву пра адмову ад ежы і галадуе. 4 гады таму, калі ў яго была першая галадоўка, я вельмі за яго баяўся. Вядома, 15 сутак галадоўкі — зашмат, але ён добра вытрымлівае».

Юры Вінаградаў мяркуе, што сына і ягонага сябра Аляксандра Арцыбашава арыштавалі прэвэнтыўна напярэдадні 3 ліпеня: «Улады баяцца публічных акцыяў пратэсту».


Разгляд касацыйнай скаргі журналіста «Эўрарадыё» Паўла Сьвярдлова на аналягічны прысуд не адбыўся. Судзьдзя Камісараў паведаміў, што скарга Сьвярдлова ня трапіла ў суд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG