Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы трэйлер да дакумэнтальнага фільму «Мова. Музыка. Маладосць»


Творчае аб’яднаньне «KAVA groups» разам з «КапканFilm» і культурнай пляцоўкай «Арт Сядзіба» прэзэнтавалі ў інтэрнэце першы трэйлер да дакумэнтальнага фільму «Мова. Музыка. Маладосць».

Ідэю ды зьмест сваёй працы маладыя творцы тлумачаць так:

«Мова — беларуская, музыка — беларуская, моладзь — беларуская. Гэта тое, што нас аб’ядноўвае і робіць моцнымі. Праз гады, праз забароны, празь непаразуменьні ліецца музыка, словы якой гучаць па-беларуску. 80-я, 90-я, 2000-я гады — мы прасачылі шлях разьвіцьця і фармаваньня беларускамоўнай музычнай плыні. „Мова. Музыка. Маладосць“ — гэта таленавітыя людзі, цікавыя факты, яскравыя падзеі, якія ствараюць сапраўдную гісторыю Беларусі».

Здымачным працэсам кіруе малады кліпмэйкер, стваральнік студыі «КапканFilm» Аляксандар Крупіна:

«Пакуль у нас атрымліваецца даволі цікава. Фільм будзе мець храналягічны парадак. Шмат цікавых гісторый і ўспамінаў ужо пачулі. Адзінае, хочацца яшчэ больш знайсьці архіўнага і яскравага відэа з 80-х і 90-х. Таму мы зьвяртаемся да ўладальнікаў такіх матэрыялаў, нефармальнага відэа, запісаў з канцэртаў і фэстаў. Мы б з задавальненьнем паслухалі ўспаміны герояў тых часоў ды выкарысталі гэтыя матэрыялы ў нашым фільме. Запампоўвайце на файлаабменьнікі ці Youtube і дасылайце нам на скрыню: artsiadziba@gmail.com ».

Падрабязьней пра ідэю распавядае адзін з аўтараў сцэнару Павал Белавус:

«Ідэя такога фільму нарадзілася зусім выпадкова. Я бываю на вялікай колькасьці канцэртаў, час ад часу сам арганізую канцэрты. І ўсё гэта мы здымаем разам з „КапканFilm“. У гэтым фільме мы хочам паспрабаваць раскрыць унутранае жыцьцё беларускамоўных музычных праектаў.

Галоўная мэта, якую мы паставілі, — прасачыць і паказаць разьвіцьцё, трансфармаваньне ды пераемнасьць у беларускамоўнай музычнай плыні. Мы ідзем разам з нашымі героямі ад 80-х да 2000-х — з часоў гуртоў „Мроя“ і „Бонда“, якія гучалі, калі адбываўся распад СССР, абвяшчэньне незалежнасьці, дэмакратычныя зьмены. Потым выбары першага прэзыдэнта, рэфэрэндумы, цэнзура і зьнікненьне большай часткі незалежных беларускамоўных гуртоў з тэлебачаньня, забароны, „чорныя сьпісы“ і незразумелыя тэндэнцыі. Толькі мова разам з моладзьдзю не зьнікае. А на зьмену гуртам 80-х і 90-х прыйшлі новыя, якія таксама сьпяваюць прынцыпова па-беларуску, зьбіраюць вялікія залі лепшых клюбаў краіны ды рухаюць нашую культуру наперад».

Выхад дакумэнтальнага фільму «Мова. Музыка. Маладосць» плянуецца на канец лета. Тады мае адбыцца і прэзэнтацыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG