Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лісічкі і чарніцы — нядорага...З цэзіем


З надыходам лета на рынках Гомеля й проста на вуліцах зьяўляюцца шматлікія гандляры грыбамі і ягадамі. Цяпер гэта найперш чарніцы й лісічкі, прычым не без радыяцыі.

На Прудкоўскім рынку маладая кабета Галіна прапануе мінакам чарніцы з-пад вёскі Пракопаўка, што на паўднёвым усходзе Гомельскага раёну. У Галіны ёсьць квіток праверкі чарніц на радыяцыю. Таму гаворка пра канкрэтныя адзінкі (бэкерэлі) утрыманьня радыеактыўнага цэзію ў кіляграме чарніц.

Галіна: «Норма — 185, а ў нас — 137. Гэта ў межах нормы».

Карэспандэнт: «Мнагавата!»

Галіна: «У межах нормы. Мы ж дыхаем гэтым „мнагаватым“ — кожны дзень. А што зараз чыстае? Усё адносна чыстае. Вось прыносяць сюды й гародніну. Яна ж таксама адносна чыстая. Буракі, морква, бульба — яны таксама не зусім чыстыя. Выдумалі норму — яе ў прынцыпе быць не павінна».

Дасьведчаная кабета, аднак, крыху памыляецца. 185 бэкерэляў, альбо 185 распадаў за сэкунду радыеактыўнага цэзію ў ягадах, — гэта ня норма, а гранічны дапушчальны ўзровень утрыманьня радыяцыі ў тых жа чарніцах. Паводле беларускіх санітарных правілаў. Але нават калі радыяцыі ў чарніцах 137 ці 100 бэкерэляў, то нельга сказаць, што гэта для чалавека добра. Як не бывае добрай атруты, так і не бывае добрай радыяцыі ў прадуктах харчаваньня.

Дык ці варта прапаноўваць такія дары лесу, якія не паспрыяюць здароўю землякоў?

Галіна: «Купляюць, вядома. Хтосьці ходзіць, шукае: дзе? А хтосьці нос адварочвае: ага, дык яны тут назьбіраныя! А што ж я вам — з Крыму прывязу? Самі ж мы ямо. Я, апрача таго, марожу чарніцы, „пяціхвілінку“ вару. Да кіпеньня даводжу чарніцы — і пад жалезную накрыўку».



У спадарыні Ганны, якая зьбірала чарніцы ў лесе пад Рэчыцай, чарніцы крыху чысьцейшыя — менш за 100 бэкерэляў:

«Я не разьбіраюся ў гэтых бэкерэлях — сказалі ў лябараторыі, што нармальна. Зьбіраю чарніцы на адным і тым жа месцы чатыры гады запар, на адной палянцы. Прыязджаю ў лес, і пакуль не наемся чарніц, то не зьбіраю іх. Прыяжджаю а 7-й гадзіне і да 16-й зьбіраю. Выгадна, канечне. На салярку адкінеш — і крыху ж застаецца грошай».

Шклянку радыяцыйных чарніц гандляры прадаюць па 5 тысяч, паўлітровы слоік — па 10 тысяч рублёў. Перакупшчыкі оптам скупляюць чарніцы па 15 тысяч за кіляграм, а прадаюць — па 28 тысяч.

Спадарыня Валянціна прывезла на Прывакзальны рынак лісічкі й чарніцы з-пад Рагачова:

«Хто як прадае. Мы за слоік лісічак 10 тысяч і 5 тысяч — за шклянку чарніц. Грошай не хапае. Я прыбіральшчыца ў школе, у нас маленькія заробкі. Даводзіцца хоць неяк падпрацоўваць».

Свае ягады кабета сёньня не правярала, хоць паводле цэтліка гандляваць можна толькі адзін дзень: «Хадзілі правяраць учора, сёньня не правяралі. Сказалі, што няма радыяцыі. Даўно ўжо ўсё чыста, даўно ўжо зьнялі ўсё, дзе й была тая радыяцыя».

Суразмоўніца мае на ўвазе тыя тэрыторыі, якія пастановай ураду абвешчаныя чыстымі — той жа Рагачоў, Жлобін. Аднак гэтая адміністрацыйная апэрацыя не зрабіла грыбы і ягады чысьцейшымі.

Зьбіральніца грыбоў, пэнсіянэрка Эма, якая стала правярае сабраныя грыбы на ўтрыманьне радыенуклідаў , была сьведкай, як лябараторыя з-за высокай радыяцыі адмовілася даць даведку перакупшчыкам на продаж лісічак:

«Даведку не дамо: лісічкі перавышаюць нарматыўны ўзровень». І што вы думаеце, хлопцы зь лябараторыі прынесьлі іх сюды і танна прадавалі. Лісічкі раскупілі тут жа, на рынку».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG