Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калінкавічы: пабілі, а пасьля аштрафавалі


Канстанцін Рудзеня і Натальля Мальшакова
Канстанцін Рудзеня і Натальля Мальшакова

Камісія па справах непаўналетніх Калінкавіцкага райвыканкаму аштрафавала зьбітага раней міліцыяй Канстанціна Рудзеню й ягоную сяброўку Натальлю Мальшакову.

Калі непаўналетнія ды іх бацькі не абскардзяць штрафаў, то, паводле пастановы камісіі, Натальля Мальшакова мусіць заплаціць 2 мільёны, а Кастусь Рудзеня — 2 мільёны 100 тысяч рублёў.

Выпускніцу сярэдняй школы Натальлю абвінавацілі ў тым, што яна ў інтэрнэце праз камэнтар наконт зьбіцьця міліцыяй свайго 17-гадовага сябра «наўмысна абразіла нецэнзурнымі словамі супрацоўнікаў міліцыі пры выкананьні імі службовых паўнамоцтваў».

Маці Натальлі спадарыня Вольга, якая брала ўдзел у паседжаньні камісіі, апавяла:

«Яны там сказалі, што на падставе апытаньня маёй Наташы і яе знаёмых быццам бы ўстанавілі, што відэа пра зьбіцьцё міліцыяй Рудзені выклала ў сетку яна. Там былі й камэнтары. Наташа адзін камэнтар і сама напісала і ўставіла нецэнзурнае слова. Але гэта не паказьнік таго, што дзяўчыну трэба і надалей тэрарызаваць».

У дачыненьні да Канстанціна Рудзені ў камісію па справах непаўналетніх паступіла зь міліцыі ажно чатыры пратаколы. За дробнае хуліганства, нецэнзурную лаянку ды зьяўленьне ў грамадзкім месцы ў нецьвярозым стане камісія аштрафавала яго на 100 тысяч рублёў, а за нібыта ўмяшаньне ў вырашаньне справы пра адміністрацыйнае правапарушэньне — на 20 базавых велічыняў, што адпавядае 2 мільёнам рублёў.

Яшчэ 17-гадовага хлапца зьвінавацілі ва ўцягваньні непаўналетніх у антыграмадзкія паводзіны, у заведама ілжывым паведамленьні, наўмысным нанясеньні цялесных пашкоджаньняў, абразе супрацоўнікаў міліцыі і нават у «невыкананьні абавязкаў па выхаваньні дзяцей». За ўсё гэта камісія вынесла 2 папярэджаньні.

Аксана Рудзеня, маці непаўналетняга хлопца, так адазвалася на пастанову камісіі, прынятую на падставе міліцэйскіх пратаколаў:

«Ім жа трэба кагосьці пакараць. У гэтай сытуацыі ўсё адно мусіць нехта адказваць, і яны зрабілі дзяцей вінаватымі».

Прыкладна месяц таму, калі спадарыня Рудзеня ўбачыла, што расьсьледаваньне справы пра зьбіцьцё сына міліцыяй на сьвяце 1 траўня ў парку культуры й адпачынку мясцовы сьледчы аддзел спускае на тармазах, яна паехала ў Менск. На яе зварот адказала гомельская ўправа Сьледчага камітэту. І адказ гэты быў падобны да таго, які спадарыня Рудзеня атрымала ад мясцовага сьледчага — крымінальнага злачынства ня выяўлена ні ў дзеяньнях супрацоўнікаў міліцыі, ні ў дзеяньнях яе сына:

«Кажу, што ж вы мне напісалі: мой хлопец біўся аб асфальт галавою? Зьбіў усіх міліцыянтаў, а міліцыянты стаялі, нібы не маглі справіцца з адным дзіцем. Ды што ж гэта такое? Толькі адзін сын вінаваты! Не разумею: вы міліцыянэр ці хто? Вас навучаюць, як правільна затрымліваць без нанясеньня цялесных пашкоджаньняў, так? Так. Пытаюся: „А хто каго першы стукнуў — вы разабраліся?“ Сьледчы: „Я ня ведаю“. Такое адчуваньне, што я прыйшла да першаклясьніка. Незразумела, дзеля чаго праводзілася сьледзтва?»

У камісіі па справах непаўналетніх, у сваю чаргу, спасылаюцца на тое, што павінны былі рэагаваць на дасланыя зь міліцыі адміністрацыйныя пратаколы ў дачыненьні да Канстанціна Рудзені й Натальлі Мальшаковай.

Намесьніца старшыні камісіі Сьвятлана Гагоша, якая 26 чэрвеня вяла паседжаньне:

«Мы працуем па матэрыялах райаддзелу ўнутраных спраў, нічога свайго не дадаем. Нам прыйшоў матэрыял, мы склікалі камісію й разгледзелі. Зараз штрафы вялікія — вырасла базавая велічыня, і артыкулы, паводле якіх ішоў разгляд, прадугледжваюць вялікія штрафы».

міліцыя не вінаватая — яна дзейнічала ў межах закону ...
Сьвятлана Гойша

Суразмоўніца пры гэтым дадае: «Я не была на месцы гэтага правапарушэньня, дзе гэта ўсё здарылася. Я канкрэтна ня ведаю, што й як. Але ведаю, што быў разбор, што міліцыя яго пабіла. Але наша міліцыя правяла праверку й была зроблена выснова, што міліцыя не вінаватая — яна дзейнічала ў межах закону».

Інцыдэнт у гарадзкім парку культуры й адпачынку Калінкавічаў здарыўся 1 траўня, калі супрацоўнікі міліцыі зьбілі 17-гадовага Кастуся Рудзеню. Хлопец апынуўся ў шпіталі. Відэаздымкі з парку былі зьмешчаныя ў сацыяльнай сетцы ў інтэрнэце, і здарэньне выклікала вялікі грамадзкі розгалас.

Сьвятлана Гагоша: «Мы й самі на гэты конт моцна занепакоеныя. Зараз мы прыкладзем намаганьні, накіруем усе свае дзеяньні на культуру карыстаньня інтэрнэтам нашых падлеткаў і навучэнцаў, каб гэты інцыдэнт быў урэшце вычарпаны».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG