Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Казаская мова: дух супраць літары


У Казахстане ажывілася грамадзкая дыскусія аб мадыфікацыі моўнай графікі. Група грамадзкіх дзеячаў прапануе выключыць з кірылічнага альфабэту, які налічвае 42 літары, 14 сымбаляў, якія, на думку аўтараў звароту, не адпавядаюць цюркскай фанэтычнай традыцыі, у прыватнасьці, літары «ё», «ы», «ъ». Іншая прапанова — вяртаньне да арабскай графікі, якая выкарыстоўвалася збольшага на тэрыторыі цяперашняга Казахстану ў часы Расейскай імпэрыі.

Сучасны казаскі альфабэт быў прыняты на аснове кірыліцы ў 1940 годзе. Распрацаваў яго прафэсар Сарсен Аманжолаў, які прапанаваў 42 літары: 33 літары расейскага альфабэту і дзевяць спэцыфічных літар казаскай мовы. Да таго на працягу адзінаццаці гадоў існаваў альфабэт на аснове лацінкі. А яшчэ раней на тэрыторыі Казахстану карысталіся арабскім пісьмом.

Альфабэт на аснове арабіцы быў рэфармаваны ў 1924 годзе з мэтай правільнай перадачы галосных з улікам казаскай фанэтыкі. Праект гэты запрапанаваў тады казаскі інтэлектуал Ахмет Байтурсынаў, які назваў яго «яснае пісьмо» (таксама яго часам называюць — «новы правапіс»). Цяпер гэтая пісьмовасьць ужываецца казахамі, а таксама — зь некаторымі адрозьненьнямі — кіргізамі і уйгурамі, якія жывуць у Кітаі, Афганістане, Іране, Пакістане і ў краінах Блізкага Ўсходу, якія выкарыстоўваюць арабскую графіку.

Упершыню кірылічны альфабэт распрацаваў таксама казаскі асьветнік — Ібрай Алтынсарын у другой палове дзевятнаццатага стагодзьдзя. Але гэтая сыстэма пісьма тады не прыжылася. Пасьля распаду СССР у Казахстане ўспыхнулі зацятыя спрэчкі аб рэформе альфабэту. Яны працягваюцца бесьперапынна вось ужо на працягу двух дзясяткаў гадоў.

Большасьць рэфарматараў выступае за ўвядзеньне лацінскай графікі. Пры гэтым называюцца тры асноўныя прычыны. Першая, як сьцьвярджаюць казаскія філёлягі, палягае ў тым, што цяперашняя сыстэма казаскага пісьма, гэта значыць, дзейны казаскі правапіс, памылковы і перашкаджае развіцьцю казаскай мовы. Другая — гэта зручнасьць лацінкі пры карыстаньні сучаснымі сродкамі сувязі, друку і апрацоўкі інфармацыі. Апошнімі гадамі, кажуць казаскія філёлягі, у сувязі з разьвіцьцём Інтэрнэту нават для тых моваў, нацыянальныя альфабэты якіх маюць шматвяковую гісторыю, зьявіліся сыстэмы пісьма на аснове лацінкі. Трэцяя прычына палягае ў тым, што пераход ад кірыліцы да лацінскага альфабэту большасьцю казахаў быў бы ўспрыняты як адна з прыкмет разрыву з каляніяльнай мінуўшчынай. Ёсьць і тыя, хто выступае за вяртаньне да арабскага пісьма, матывуючы гэта тым, што казахі — мусульмане, і рэформа пісьмовасьці зблізіла б іх з ісламскім сьветам. Але такіх рэфарматараў відавочная меншасьць. Таксама, зрэшты, як і тых, хто выступае за захаваньне кірыліцы.

Казахстанская грамадзкасьць не адзіная ў поглядах на неабходнасьць моўнай рэформы. Алма-ацінскі філёляг, рэдактар часопіса «Тамыр» («Сябар») Ауэзхан Кадар адзначае, што ў кадыфікацыі казаскай мовы было некалькі этапаў:

— Арабіцу, што існавала ў дарэвалюцыйны час, адаптаваў наш знакаміты асьветнік Ахмед Байтурсынаў. Такім пісьмом у нас нават выходзілі газэты. У 1913 годзе ў нас была заснавана газэта «Казах» і іншыя газэты. У савецкі час спачатку была кірыліца, потым вырашылі перайсьці на лацінку. І так было гадоў дзесяць, пасьля чаго вярнуліся да кірыліцы. І такая чахарда ідзе ў нас вельмі даўно. Дзесяцігодзьдзямі савецкай улады мы карысталіся кірыліцай. У функцыянальным сэнсе гэта выдатны альфабэт. Ён вельмі дакладны. Але цяпер кажуць — трэба пераходзіць на арабскае пісьмо. Я лічу, што пакуль з гэтым экспэрымэнтаваць ня трэба, бо, па-першае, вялікія сродкі на гэта пойдуць. Па-другое, гэта ня самае важнае, што краіне цяпер трэба.

— Тыя, хто прапануе зьмяніць графіку казаскай мовы, кажуць, што кірыліца не адпавядае фанэтычнаму ладу казаскай мовы. Вы, калі кажаце на казаскай і пішаце на казаскай, адчуваеце нейкія цяжкасьці? Ці праўда, што нейкія кірылічныя знакі недакладна перадаюць нейкія гукі казаскай мовы?

— Мне здаецца, як раз вельмі дакладна перадае іх кірыліца. У нас 42 фанэмы і 42 літары. Гэта ня нейкае там складовае пісьмо, гэта літарны альфабэт. У прынцыпе, я ня бачу ніякай патрэбы ў пераходзе. Тыя, хто прапаноўвае арабскае пісьмо, хочуць падкрэсьліць прыналежнасьць да ісламскага сьвету. А я лічу, што казахі — гэта народ качавы, і глыбока ісламскім народам наўрад ці зьяўляецца.

— А вам знаёмы альфабэт Байтурсынава?

— Так, я знаёмы з гэтым альфабэтам. Ён вельмі зручны. Ён вельмі прадуманы. Але, калі яго ўводзіць, давядзецца перавучваць чытаньню і пісьму цэлыя пакаленьні. Я гэтую справу не вітаю.

— У пачатку 90-х, пасьля таго, як Казахстан атрымаў незалежнасьць, гэтая тэма таксама была актуальная?

— Так, але тады гэта быў такі натуральны, настальгічны парыў. Сапраўды, хацелася вярнуцца да сваіх каранёў. Але гэта хутка заглухла. Ня стала вядучай тэндэнцыяй.

— А чаму цяпер дыскусія аднавілася?

— Казахстан цяпер узначальвае арганізацыю Ісламская канфэрэнцыя, з гэтым можа быць зьвязана. Але наогул, паколькі ўсё ж мы больш належым да цюркскага сьвету, думаю, нам лепш перайсьці на лацінку, чым на арабіцу. Але яе таксама трэба ўводзіць паступова.

— За час, які Казахстан уваходзіў у склад Расейскай імпэрыі і Савецкага Саюзу, казаская мова да пэўнай ступені зрусыфікавалася. Ці зьнікаюць расейскія запазычаньні з казаскай мовы? Ці памянялі вы сыстэму прозьвішчаў і імёнаў? Ці ідзе нейкая дыскусія вакол гэтай тэмы?

— Мы можам адсекчы канчатак «-ов». Але гэта справа выбару. Хто хоча, можа заставацца Кадаравым, а можа стаць Кадарам. Я прымаў рашэньне, калі мяняў пашпарт. Да гэтага часу заканадаўча была замацаваная магчымасьць выбару. Многія казахі выбралі ўсечаны варыянт, але ня ўсё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG