Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камітэт абароны журналістаў патрабуе вызваліць Пачобута і Сьвярдлова


Робэрт Магоні, намесьнік дырэктара міжнароднай арганізацыі Камітэт абароны журналістаў, заступіўся за арыштаваных беларускіх журналістаў.

У заяве, разьмешчанай на сайце арганізацыі гучыць заклік да беларускіх уладаў неадкладна вызваліць Андрэя Пачобута і Паўла Свярдлова і расьсьледаваць пагрозы ў адрас Ірыны Халіп.

Журналіст польскай «Газэты выборчай» Андрэй Пачобут быў заключаны ў турму паводле абвінавачваньня ў паклёпе на Аляксандра Лукашэнку. Журналіста «Эўрарадыё» Паўла Сьвярдлова затрымалі ля пад’езда ягонага дома, калі ён ішоў на працу і асудзілі на 15 сутак нібыта за брыдкаслоўе.

«Беларускія ўлады ўжо не абмяжоўваюцца арыштам журналістаў за напісаныя імі артыкулы. Абвінавачваньні ў нецэнзурнай лаянцы ў адрас незалежнага журналіста відавочна надуманыя. Павел Сьвярдлоў павінен быць неадкладна вызвалены », — заявіў Робэрт Магоні.

Ён таксама раней заклікаў беларускія ўлады спыніць выкарыстоўваць крымінальны перасьлед за паклёп у якасьці інструмэнта, каб прымусіць замаўчаць журналістаў, якія іх крытыкуюць.

Камітэт таксама зьвяртае ўвагу на пагрозы ў адрас журналістаў. Карэспандэнт расейскай «Новой газеты» Ірына Халіп нядаўна атрымала па пошце пакет з адрэзанай курынай галавой. Яна ўпэўненая, што такім чынам ёй пагражаюць за прафэсійную дзейнасьць. Ірыне Халіп забаронены выезд з Беларусі, таму што цяпер яна адбывае трохгадовы ўмоўны тэрмін. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 года журналістка правяла ў турме КДБ паўтара месяца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG