Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія крэдытныя каапэратывы вучацца на польскім досьведзе


26 чэрвеня ў Менску прайшла беларуска-польская канфэрэнцыя «Пэрспэктывы разьвіцьця прыватнага сэктару ў Беларусі. Роля дзяржавы і арганізацый грамадзянскай супольнасьці», арганізаваная сумесна польскімі і беларускімі крэдытнымі каапэратывамі пры падтрымцы пасольства Польшчы.

У канфэрэнцыі, арганізаванай пры дапамозе амбасады Польшчы, узялі ўдзел амбасадар Польшчы ў Беларусі Лешак Шарэпка, прадстаўнікі міжнародных арганізацый, польскіх і беларускіх міністэрстваў, кіраўнікі аб’яднаньняў прадпрымальнікаў, бізнэсмэны, кансультанты, выкладчыкі.

Спадар Шарэпка адзначыў, што ў Польшчы ў крэдытныя саюзы ўваходзяць звыш двух з паловай мільёнаў людзей, у некаторых сэгмэнтах каапэратывы ўжо складаюць рэальную канкурэнцыю банкам. Агульны аб’ём іхніх паслугаў — каля 4 мільярдаў даляраў.

«Думаю, што разьвіцьцё сэгмэнту каапэратыўнага крэдытаваньня — добры выхад у сытуацыі крызісу, гэта дасьць магчымасьць дапамагчы людзям атрымаць сродкі на прадпрымальніцкую дзейнасьць, на разьвіцьцё эканомікі. Я задаволены, што мы можам пагаварыць на гэтую тэму ў Беларусі, каб падзяліцца вопытам, як разьвіваць гэты рух з карысьцю для грамадзян», — адзначыў спадар Шарэпка.

Алена Каляда, старшыня праўленьня асацыяцыі спажывецкіх каапэратываў фінансавай узаемадапамогі, падкрэсьліла, што сыстэма крэдытнай каапэрацыі разьвіваецца ў Беларусі пакуль без аніякай дзяржаўнай падтрымкі. А дапамогу якраз аказваюць замежнікі — польскія калегі, амбасада ЗША паспрыяла правядзеньню некалькіх сэмінараў. Тым ня менш Каляда даволі аптымістычна глядзіць на разьвіцьцё сыстэмы ўзаемнай фінансавай дапамогі ў Беларусі.

На форуме абмяркоўваліся пытаньні супрацоўніцтва крэдытных саюзаў дзьвюх краін, стымуляваньня прадпрымальніцтва і малога бізнэсу, удасканаленьня заканадаўчай базы для разьвіцьця малога бізнэсу і крэдытных саюзаў у Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG