Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары: апазыцыя не сьпяшаецца


Працягваецца першы этап выбарчай кампаніі 2012 году. Мінула амаль палова тэрміну, адведзенага для вылучэньня кандыдатаў у склад акруговых выбарчых камісіяў.

«Сярод кандыдатаў у сябры камісіяў вылучэнцаў ад апазыцыі пакуль няшмат. Але напрыканцы тэрміну, а гэта 6 ліпеня, іх значна паболее», — кажа сакратар Цэнтравыбаркаму Мікалай Лазавік:

«Звычайна апазыцыйныя партыі так і робяць, нясуць дакумэнты ў апошні дзень, каб было менш часу на праверку. Гэта ўжо адпрацаваная тактыка. А сёлета і наагул — 6-га прыпадае на пятніцу. 7 і 8 — выходныя дні. Ну, калі ўлада хоча правяраць, няхай правярае. У выходныя!»

Падобна, што лідэрам па колькасьці вылучэнцаў сярод дэмакратычных партыяў стане «Справядлівы сьвет». Намесьнік старшыні партыі Валеры Ўхналёў распавядае:

«Мы 1 ліпеня праводзім пленум Цэнтральнага камітэту, на якім вылучаем больш за 80 прадстаўнікоў у акруговыя выбарчыя камісіі. Сьпіс яшчэ не канчатковы. У ім сёньня 84 чалавекі, але гэта яшчэ ня ўсе, бо ідуць некаторыя ўдакладненьні».

А вось рух «За свабоду» карыстацца сваім правам вылучэньня як афіцыйна зарэгістраваная ў Беларусі грамадзкая арганізацыя ня будзе — кажа намесьнік старшыні руху Юрась Губарэвіч:

«Мы робім акцэнт на інфармацыйнай частцы кампаніі. І ў гэтым пляне будзем супрацоўнічаць з рознымі кандыдатамі. А што тычыцца тэхнічных момантаў плянаваньня выбарчай кампаніі, дык тут мы даем усё ў рукі саміх кандыдатаў. Калі яны лічаць, што вылучэньне сваіх прадстаўнікоў у акруговыя камісіі ўзмацняе іх і дае дадатковыя магчымасьці, то яны будуць гэтым займацца. Калі ж яны захочуць сканцэнтравацца на назіраньні альбо на вылучэньні ва ўчастковыя камісіі, дзе непасрэдна лічаць галасы, значыць, гэта ізноў жа будзе іх выбар. Таму мы ня маем канкрэтных установак для кандыдатаў і канцэнтруемся выключна на інфармацыйнай частцы кампаніі».

Палітоляг Віктар Чарноў лічыць першыя два этапы выбарчай кампаніі — вылучэньне кандыдатаў у акруговыя камісіі і фармаваньне гэтых камісіяў — надзвычай важнымі. «І справа тут ня ў ролі акруговых камісіяў, якая насамрэч ня вельмі вялікая, а ў колькасьці прадстаўнікоў апазыцыі ў іх», — падкрэсьлівае палітоляг:

«З майго пункту гледжаньня, прадстаўніцтва апазыцыйных партыяў у камісіях стане лякмусавай паперкай стаўленьня ўлады да гэтых выбараў. Альбо гэта будзе па-ранейшаму поўная фальсыфікацыя вынікаў выбараў, альбо ўлады паспрабуюць стварыць хаця б бачнасьць канкурэнцыі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG