Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Янукевіч: Байкот — гэта самая горшая тактыка


У часе перапынку. Сойм партыі БНФ праходзіў за зачыненымі дзьвярыма
У часе перапынку. Сойм партыі БНФ праходзіў за зачыненымі дзьвярыма

23 чэрвеня на пашыраным сойме з удзелам патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Партыя БНФ разгледзела пытаньне аб выбарах 2012 году ў Беларусі.

На сойме прынятае рашэньне аб скліканьні зьезду, які мае вылучыць кандыдатаў ад партыі на парлямэнцкія выбары. Таксама на сойме вылучаны прадстаўнікі Партыі БНФ у акруговыя выбарчыя камісіі і ў назіральнікі ў Цэнтравыбаркам. Сойм праходзіў у Менску за зачыненымі ад журналістаў дзьвярыма.

Вырашана, што нечарговы зьезд Партыі БНФ зьбярэцца 4 жніўня дзеля вылучэньня кандыдатаў у дэпутаты. Сойм пагадзіўся, што няма падставаў для таго, каб пераглядаць папярэдняе рашэньне аб вылучэньні і зьняцьці кандыдатаў у дэпутаты ад Партыі БНФ. У выпадку нейкіх істотных зьменаў сытуацыі зьезд 4 жніўня можа прыняць канчатковае рашэньне. Пра гэта паведаміў карэспандэнту Свабоды старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч.

Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч
«Самая вялікая дыскусія была па фармату ўдзелу ў выбарчай кампаніі. Па выніках дыскусіі, у якой узялі ўдзел як сябры сойму, так і патэнцыйныя кандыдаты ў дэпутаты, было вырашана,што на сёньняшні момант няма падставаў пераглядаць папярэдняе рашэньне аб тым, што мы вылучаем кандыдатаў і здымаем іх перад пачаткам датэрміновага галасаваньня. Нашы ацэнкі закладзеныя ў рашэньні, якое прымалася ў студзені. Гэта наяўнасьць палітвязьняў і неўключэньне нашых вылучэнцаў у склад выбарчых камісій».

Партыя БНФ ужо мае 38 сваіх патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты, якія пацьвердзілі сваё жаданьне балятавацца. Яшчэ сямёра сяброў партыі могуць схіліцца да гэтага. Таму спадар Янукевіч мяркуе, што да нечарговага зьезду гэтая лічба зьменіцца. Сам ён плянуе вылучацца па 92-й Аўтазаводзкай акрузе ў Менску:

«Ёсьць людзі, якія не перакананыя да канца, што варта ў сёньняшніх умовах сур’ёзна ўвязвацца ў такога кшталту палітычную дзейнасьць. Хаця самі па сабе маглі б быць добрымі кандыдатамі. Некаторыя хочуць перад гэтым вырашыць нейкія іншыя справы, каб больш спакойна, свабодна ісьці на гэтыя выбары. Некаторыя хочуць пераканацца, што маюць падтрымку сваіх камандаў у гэтым рашэньні. Аднак, я спадзяюся, што лічба кандыдатаў вырасьце».

Спадар Янукевіч адзначае, што ўжо сёньня можна казаць, што гэтая выбарчая кампанія ня будзе дэмакратычнай, свабоднай і справядлівай, яна будзе моцна абмежаванай. Як ставіцца Партыя БНФ да абвешчанага некаторымі партыямі байкоту выбараў? Паводле спадара Янукевіча, сёньня пазыцыя амаль аднадушна пацьверджаная:

«Байкот — гэта самая горшая тактыка, якая можа быць у цяперашняй сытуацыі. Схіляцца да байкоту ці гаварыць пра байкот — гэта папросту браць паўзу ў сваёй палітычнай дзейнасьці да моманту заканчэньня выбарчай кампаніі. Мы якраз ня бачым сэнсу і лічым, што час зручны дзеля таго, каб папрацаваць з грамадзтвам, скарыстаць дадатковыя магчымасьці. А магчымасьці для байкоту не было і на сёньня выглядае, што як палітычная дзейнасьць — гэта тупік».

На сойме вызначалася перадвыбарчая плятформа партыі на бліжэйшыя выбары. Юры Чавусаў мяркуе, што дыскусія па гэтым пытаньні гэтым соймам ня скончыцца:

Юры Чавусаў
Юры Чавусаў
«Апроч праграмных палажэньняў Партыі БНФ у перадвыбарчай плятформе, безумоўна, будуць пытаньні, якія зьяўляюцца грунтам для ацэнкі гэтых выбараў. Гэта пытаньне вызваленьня палітвязьняў, у тым ліку гэта абуральная сытуацыя з гарадзенскім журналістам Пачобутам, гэта пытаньне допуску прадстаўнікоў апазыцыі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі».

Чаму сойм быў зачыненым для журналістаў?

Рыгор Кастусёў патлумачыў:

«Спрэчкі былі сур’ёзныя. Без журналістаў многія сябры сойму выказваліся больш сьмела».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG