Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кудрын: адзіная эўразійская валюта — нявыгадная


Аляксей Кудрын
Аляксей Кудрын

Стварэньне адзінай эўразійскай валюты нявыгадна ні Расеі, ні іншым краінам ЭўрАзЭС, заявіў былы міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын.

«Гэта рашэньне нявыгадна Расеі, і я не бачу гэтую ідэю як пэрспэктыўную. Таксама гэта рашэньне нявыгадна і краінам, якія маглі б увайсьці ў гэты валютны саюз», — сказаў Кудрын журналістам у кулюарах Пецярбурскага міжнароднага эканамічнага форуму, камэнтуючы прапанову прэм’ер-міністра краіны Дзьмітрыя Мядзьведзева падумаць аб стварэньні адзінай валюты на тэрыторыі ЭўрАзЭС, перадае РИА Новости.

Кудрын патлумачыў, што многія сябры ЭўрАзЭС ня маюць сувэрэнных фінансавых рэйтынгаў:

«Гэта азначае, што якасьць фінансавых сыстэм у гэтых краінах ніжэй разумнага. Калі іх зараз уключаць у адзіную прастору — гэта істотнае пагаршэньне якасьці расейскага рубля».

Акрамя таго, ён нагадаў, што многія з гэтых краін зьвяртаюцца па дапамогу да Міжнароднага валютнага фонду, гэта значыць ня здольныя самастойна прыцягваць сродкі на зьнешніх рынках. «Іх фінансавыя сыстэмы знаходзяцца ў пэрманэнтным крызысе. Я не лічу неабходным краіны, якія знаходзяцца ў пэрманэнтным фінансавым крызысе, уключаць у адзіную валютную прастору», — заявіў Кудрын.

Экс-кіраўнік Мінфіна Расеі спаслаўся на досьвед Эўразьвяза: пабудова валютнага саюза павінна ўвязвацца з жорсткай фінансавай палітыкай і жорсткімі бюджэтнымі абмежаваньнямі з агульнымі прынцыпамі фіскальнай палітыкі. «Нам прыйдзецца задаваць прынцыпы для гэтых краін і ўвесь час знаходзіцца зь імі ў канфлікце, прымушаць гэтыя краіны выконваць гэтыя жорсткія абмежаваньні, — сказаў ён. — У выпадку валютнага саюза валютны курс краін, якія ўвайшлі ў гэты саюз, будзе падпарадкоўвацца фундамэнтальным паказчыкам Расеі, а не гэтых краін, якія ўвайшлі ў саюз, гэта значыць ён будзе ўмацоўвацца супраць неабходнасьці гэтых краін або будзе аслабляцца празьмерна. Я лічу, гэта будзе ня выгадна гэтым краінам».

Паводле Кудрына, сама Расея не гатовая прапанаваць суседзям такі саюз, паколькі яе бюджэт захоўвае высокую залежнасьць ад нафты:

«Каб прапаноўваць паслугі валютнага саюза іншым краінам, трэба спачатку пераадолець гэтую залежнасьць і не падвяргаць гэтым рызыкам іншыя краіны». «Лічу, цяпер, цягам бліжэйшых дзесяці гадоў, гэтая ідэя не для нашай краіны», — заявіў экс-міністар фінансаў Расеі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG